Выбрать главу

Так, ён не паляк. Іншы - і ўсё тут.

Чаму?.. Як яно сталася, што іншы? Скуль "іншае" ўзялося, калі хадзіў да касцёла, калі па-польску вучыўся, калі пісаць пачаў па-польску, нават не думаючы, што можна "па-іншаму"? Калі маці па-польску размаўляла і казала палякаў трымацца…

Але вось дзіва: казала маці трымацца палякаў, а казку на польскай мове пра беларускую мову расказвала.

Ён помніў тую казку і расказаў яе аднойчы, у зімовую ноч, беларускай княгіні. Казка была доўгая, але і зімовая ноч не кароткая…

"Жыла-была на белым свеце Беларуская Мова. Стройная, гнуткая, звонкагалосая, такая прыгожая, што ўсе толькі дзіву даваліся: "Адкуль Ты такая?" І ўсім Яна адно адказвала: "Ад Бога".

Палюбілі Яе людзі, што жылі на Нёмане, на Прыпяці, на Дняпры, якія называліся хто крывічамі, хто дайновічамі, хто яцвягамі, і сталі размаўляць, як Яна. Спяваць пачалі, як Яна, найпявучыя ў свеце песні, расказваць найчароўныя казкі. І тады ўзраўнавалі суседзі. "Jestem lepszy od ciebie!" - чуўся з захаду Język Polski. "Я лучше тебя!" - чуўся з усходу Русский Язык. "Добра, добра, - гледзячы, як у люстэрка, то ў Нарач, то ў Асвею, то ў Свіцязь, усміхалася Беларуская Мова. - Вы лепшыя з крайкоў, а я лепшая ўсярэдзіне".

- Файна… - прамовіла княгіня, але як бы не пра казку, пра нешта сваё. "Вы лепшыя з крайкоў, а я лепшая ў сярэдзіне". - І далей ужо да самага канца слухала моўчкі.

"Суседзям бы ў адказ усміхнуцца, але яны не ўсміхнуліся. "Кпіны над намі ўздумала строіць! - усхадзіліся Język Polski з Русским Языком. - Дык адусюль знікнеш, анідзе цябе не стане!.."

Не пустой была пагроза. Навалу за навалай насылалі суседзі на Беларускую Мову з захаду і ўсходу. Але колькі стагоддзяў ні нападалі, колькі ні забіралі ў Беларускай Мовы зямлі, гарадоў і вёсак, Яна не знікала. Сыходзіла ад навалы за палескую дрыгву, хавалася ў Налібоцкай пушчы, жыла ў леснічоўках, начавала ў стагах, але адусюль чуўся Яе голас, Яе чароўныя песні.

Калі сканчаліся нашэсці, Яна выходзіла з пушчаў, вярталася з балотаў. Сядала на беразе ці Нарачы, ці Асвеі, ці Свіцязі, глядзелася, як у люстэрка, у воды возера, слухала сама сябе ў галасах людзей, якім была Богам дадзеная, і ўсміхалася.

Так міналі стагоддзі, але не сканчаліся нашэсці… І калі хавалася ад іх Беларуская Мова ў пушчах ды балотах, прыходзілі да людзей, якія жылі на Нёмане, на Прыпяці, на Дняпры, іншыя мовы. "Як вам не сорамна жыць з ёй? - пыталі. - Яе ж нельга свету паказаць, лясную ды балотную!" І дзе сілай змушалі, дзе абяцанкамі спакушалі быць з імі… І змусілі, спакусілі. Здрадзілі беларусы Мове сваёй, іншую назвалі лепшай. І аднойчы ўбачыў Бог, як сядзіць Яна на беразе Свіцязі ў белай сукні, вышытай чырвонымі кветкамі, ды плача. Гэтак слёзы ліе, што вада ў возеры вышэй за берагі падымаецца. "Што з табой, дзіцятка маё? - спытаў Бог. - Мінавалі ўсе навалы, скончыліся нашэсці, а ты сядзіш і плачаш? Чаму?.." - "А таму што ўявіць не магла, - адказвае яна скрозь слёзы, - што калі скончацца нашэсці, мінуюць навалы, людзі з Нёмана, з Прыпяці, з Дняпра, якія спявалі некалі мае песні, прыйдуць і скажуць: "Мы цябе не ведаем". Ці ж магла я падумаць, што скажуць гэтак не чужынцы, якія заганялі мяне ў лясы і балоты, а свае".

Паслухаў Яе і зажурыўся Божа. "Дзіва, - сказаў Ён, - займець сваю мову. Але яшчэ большае дзіва - адрачыся яе. Што ж мне зрабіць з тымі, хто выракся? Наслаць на іх хваробы? Праклясці па саракавое калена? Спаліць агнём, громам пабіць? Што скажаш, тое зраблю…" - супакойваў Яе, каб не плакала, Божа, а Яна выцерла слёзы: "Не карай іх, Госпадзі. Яны не ведаюць, што робяць. Потым ім сорамна будзе. А пакуль я ім не патрэбная, ці забяры мяне на неба, ці ператвары ў крыніцу. Каб маглі яны напіцца, калі захочуць".

Сказала Яна так - і выступілі слёзы ў вачах Бога самога. "Святая мая, - прылашчыў Ён дачку сваю. - Усё можа Бог, але не можа не пакараць тых, хто самім сабе здрадзіў. А табе не дам я памерці. Калі такіх прыга-жунь на неба забіраць, хто ж на зямлі застанецца?.. Будзь крыніцай, калі быць ёй хочаш", - сказаў Божа і ператварыў Яе ў крыніцу, у якую ўпала Ягоная сляза - і стала вада ў крыніцы той жывой вадой. Святой.