34
Першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Ціхан Кісель, які выглядаў такім стомленым, нібы ўсю ноч сек дровы і толькі пяць хвілін таму адклаў сякеру, сустрэў Віктара ў прыёмнай, што азначала, як сказаў пасля той памочнік, які званіў Віктару і запрашаў на сустрэчу, асаблівую павагу. Пачаў: "Вы прадстаўлялі… дастойны сын… гонар для рэспублікі…" - але ўбачыўшы, што Віктар не ў тым стане, у якім можа ганарыцца сваім сынам рэспубліка, прапанаваў: "Каву?.. Ці нешта мацнейшае?.." - і калі Вік-тар папрасіў: "Каньяка кілішак, учора хаўтуры па вераб’і спраўлялі", - Кісель зрабіў выгляд, нібы гэта нармальна: пахмяляцца пасля ўчарайшага ў першага сакратара. Спытаў толькі: "Па якім Вераб’і? Я ведаю?.." - "Наўрад ці. Звычайны шэры беларускі верабей. Птушка". - "А… - працягнуў Кісель, зноў зрабіўшы выгляд, што ўсё як мае быць, што хаўтуры па вераб’ях спраўляць - беларуская народная традыцыя. - Ну, калі ласка…"
У кабінеце першага сакратара ЦК на тым месцы, дзе звычайны ў такіх кабінетах вісяць партрэты Леніна ці Брэжнева, вісеў партрэт Машэрава. Папярэдніка Кісяля ў гэтым кабінеце. Мінулай восенню Машэраў загінуў у аўтамабільнай катастрофе, і ўсе казалі, што невыпадкова, што катастрофу падстроіла Масква, бо Машэраў, наймаладзейшы ў СССР партыйны функцыянер такога рангу, набіраў папулярнасць і мог замяніць састарэлага кіраўніка савецкага ўрада Ціханава, а пасля, можа быць, і састарэлага генеральнага сакратара Брэжнева.
Кісель пра такія размовы не мог не ведаць. На тое, каб павесіць у сваім кабінеце партрэт чалавека, якога забіла, няхай нават па чутках, Масква, патрэбная была смеласць, якая ў рыхлаватым сакратары, колішнім настаўніку беларускай мовы не праглядвалася. Але вось была - і Віктар адчуў няхай маленькую, як верабей, але ўсё ж сімпатыю да гэтага ўжо з раніцы стомленага чалавека.
- Ваша здароўе! - падняў ён, кіўнуўшы на партрэт Машэрава, кілішак, і нічога болей не сказаў, выпіў, хоць мог спытаць: забілі ці выпадак? - бо хто пра гэта мог ведаць, калі не першая асоба рэспублікі, але першая асоба, як толькі ён на партрэт кіўнуў, да губ палец прыклала…
Ва ўсіх кабінетах так! Ці Ленін, ці Брэжнеў, ці Машэраў у іх вісіць - ва ўсіх! І пра што гаварыць?..
- Я чытаў вашы артыкулы пра Купалу, - дапамог яму знайсці тэму для размовы былы настаўнік беларускай мовы. - Пытанне пра ягоную гібель важнае. Ад адказу на яго залежыць гістарычная ацэнка тых падзей і тых людзей, якія ў іх удзельчалі. Вы схіляецеся да таго, што гэта быў не выпадак. Што яго маглі знішчыць наўмысна. Вядома, гэта толькі адна з версій. Але не выключаю, - павольна павярнуўся ён да партрэта свайго папярэдніка, - што маглі.
Гэтым павольным паваротам ён сказаў тое, што думае пра смерць Машэрава. Адказаў Віктару, мяркуючы, што гэта яго, як і ўсіх, цікавіць, на незададзенае пытанне. Для такой адкрытасці, няхай нават гэты чалавек усю ноч дровы сек, не было падстаў. Яны не былі знаёмыя, упершыню бачыліся. Кісель ведаў, што Віктар учора з Масквы - і заўтра зноў у ёй можа быць. Не мог ён не ведаць - мясцовыя гэбісты абавязкова даклалі - пра Ганну, пра Грачына, да якога Віктар можа пайсці і сказаць: "У Беларусі лічаць, што Машэрава забіў Брэжнеў". А Грачын можа пайсці да Брэжнева… І перастане беларускі першы сакратар быць першым сакратаром.
- Некалі, даўно, калі настаўнікам быў, я вершы пісаў, - так, нібы ўпершыню ўспомніў, што некалі вершы пісаў, сказаў Кісель. - Цяпер не пішу, але да паэтаў, да паэзіі ў мяне асаблівае стаўленне. Як да нечага, што не спраўдзілася. Вам жа знаёмае гэтае адчуванне? Няспраўджанае каханне, няспраўджаная мара… Здаецца, толькі яны і былі сапраўднымі. Усё астатняе - падробка. І думаеш, што ў фальшы пражыў жыццё.