Выбрать главу

- Во так! - пераможна ўскінуў галаву Кашкадамаў. - А то пачалі тут: па-бальшавіцку, не па-бальшавіцку, правільна, няправільна! Мы аднаго такога, калі яшчэ я старшынёй таварыства ваяўнічых бязбожнікаў быў, раскрыжавалі, дык навек!

Ляплеўскі глядзеў у залу, заклаўшы руку за пруг кіцеля. Як Сталін.

Такога выраку ніхто не чакаў, і па тварах нябожчыкаў відаць было, што ім страшнавата. Вось і памерлі, і ніякага суда, апроч Божага, над імі быць не можа, а страшна. Савецкая ўлада так паўладарыла, што нават мёртвых запалохала.

- Чакайце… - ціха, нібы толькі што апрытомнеў, прамовіў нарэшце Горкі. - Ён Купала. Народны паэт... - і Ляплеўскі перапыніў яго: "Ён вораг народа! І народ патрабуе. ." - а тут Маякоўскі спытаў: "Які народ? Мёртвы?.." - Падняўся і прачытаў, гледзячы на Купалу:

Цела на захад, а кроў выцякае на ўсход.

Мёртвы народ сам сябе ўжо не помніць жывога.

Гэта такая трагедыя - мёртвы народ.

Гэта такая камедыя мёртвага Бога.

- Гэта што?.. І пра што? - уперыўся ў Маякоўскага Кашкадамаў, а пракурор Ляплеўскі павярнуўся да маршала Тухачэўскага, нібы прапануючы яму адказаць Маякоўскаму, але маршал не выявіў жадання ўступаць у спрэчку, не маршальская справа, маўляў, спрачацца з паэтамі, таму Ляплеўскі сам пачаў: "Савецкі народ не можа быць мёртвы, савецкі народ - будаўнік сацыялізму, ідэя якога несмяротная, таму й народ з несмяротнай ідэяй несмяротны…" - на што Кіраў, ступіўшы да прэзідыуму, узняў руку: "Вось-вось! Несмяротны!.. Вы Хрыста з Купалы зрабіць вырашылі? Беларускага Бога?" - і Кашкадамаў хапануў паветра: "Якога яшчэ Бога!.." - ды зашмат паветра хапануў, задыхнуўся, закашляўся, а Ляплеўскі, з якім, відаць, не ва ўсім Тухачэўскі быў згодны, развёў рукамі перад маршалам:

- Бачыце?.. А вы ў мяне пытаецеся: дзе доказы? Маўляў, вас без віны расстралялі, дык, можа, іх таксама?.. Не бывае невінаватых! Пралетарскі пісьменнік бароніць ідэолага мясцовага нацыяналізму, якога ўздымаюць на шчыт нашы ворагі! Фашысты! Савецкі паэт заяўляе, што савецкі народ мёртвы! Кіраўнік правафланговага атрада камуністаў, галава горада, які носіць імя вялікага Леніна, прапагандуе не ленінскія ідэі, а біблейскія казкі пра Хрыста! Гэтага недастаткова?.. Так што ўсё правільна, - стукнуўшы па спіне Кашкадамаву, які ніяк адкашляцца не мог, узяў пракурор яшчэ адну паперчыну з тэчкі. - Пратакол №2 судовага паседжання тройкі Маскоўскага крэматорыя імя таварыша Сталіна. Слухалі: справу сяброў "Саюза вызвалення Беларусі" Пешкава (Горкага) Аляксея Максімавіча, 1868 года нараджэння, Маякоўскага Уладзіміра Уладзіміравіча, 1893 года нараджэння, Кірава (Кострыкава) Сяргея Міронавіча, 1886 года нараджэння, Куйбышава Валяр’яна Уладзіміравіча, 1888 года нараджэння, Несцярэнкі Пятра Іванавіча, 1892 года нараджэння, Машніна Прохара Ісідаравіча (святога Серафіма Сароўскага), 1754 года нараджэння, Цвярской Ганны Дзмітрыеўны (святой Ганны Кашынскай), 1280 года нараджэння, Коган Яўгеніі Саламонаўны, 1886 года нараджэння, дзейнасць якіх была скіраваная на… далей па тэксце пратакола нумар адзін, - не стаў паўтараць пракурор, на што была скіраваная дзейнасць "Саюза вызвалення Беларусі", - і пастанавілі: Пешкава (Горкага) Аляксея Максімавіча, Маякоўскага Уладзіміра Уладзіміравіча, Кірава (Кострыкава) Сяргея Міронавіча, Куйбышава Валяр’яна Уладзіміравіча, Несцярэнку Пятра Іванавіча, Машніна (Сароўскага) Прохара Ісідаравіча, Цвярскую (Кашынскую) Ганну Дзмітрыеўну, Коган Яўгенію Саламонаўну - расстраляць! Старшыня судовага паседжання тройкі - намеснік пракурора СССР Г. Ляплеўскі, намеснік старшыні - маршал Савецкага Саюза М. Тухачэўскі, сакратар - К. Кашкадамаў.

"Во так! - гэтак жа, як нядаўна Кашкадамаў, ускінуў галаву Горкі. І нахіліўся да Маякоўскага. - А вы казалі, што тых, хто застрэліўся, яны не расстрэльваюць".

Маякоўскага, пэўна, здзівіла не тое, што яго расстраляць пастанавілі, а тое, за што пастанавілі расстраляць? - і ён пачаў: "Ды ніколі не быў я ні ў якім Саюзе вызвалення…" - але не дагаварыў: у канцы залы зашумелі. Па лесвіцы, каля якой стаяў палкоўнік Несцярэнка, падымаліся, ззяючы німбамі, святы Серафім Сароўскі і святая Ганна Кашынская, якая спытала стомлена: "Пётр Іванавіч, куды тут на расстрэл?.." - і палкоўнік дапамог ёй падняцца на апошнюю прыступку: "Гэта са мной, я пакажу…" - прычым выглядаў ён такім задаволеным: маўляў, нарэшце і мяне ў неблагую кампанію запісалі, разам з Горкім, Маякоўскім і святымі расстраляюць! - што вайсковец, які стаяў побач з аднойчы ўжо расстраляным дырэктарам крэматорыя, паціснуў яму, віншуючы, руку.

"Госпадзі!.." - перахрысцілася, убачыўшы святых з німбамі, таварыш Коган, і святы Серафім са святой Ганнай падышлі да яе: "Гасподзь з табой…"