- Выбачайце, - ціха прамовіў святы Серафім, якому штосьці шаптала на вуха святая Ганна. - Мы тут не зразумелі. Пра рускае дрэва таварыш Кашкадамаў правільна ўсё сказаў. Хоць і бязбожнік. Але скуль ён узяў, што няма беларускай нацыі, беларускай мовы, калі таварыш Сталін сказаў, што ёсць?
Пракурор Ляплеўскі паволі, абапіраючыся рукамі на стальніцу, пачаў падымацца з-за стала: "Скуль вы ўзялі, што таварыш Сталін?.." - і святая Ганна стала рукі ў бокі: "А мы на дзясятым з’ездзе партыі былі, самі чулі, як ён казаў, што існуе беларуская нацыя, у якой ёсць свая мова, і што задача камуністаў беларускую нацыю на яе мове развіваць!" - на што Кашкадамаў зноў падхапіўся: "Як вы маглі на партыйным з’ездзе быць, калі беспартыйныя?" - а святая Ганна дастала нешта з-пад сарафана: "Вось! Партбілеты! Мой і святога Серафіма!" - і паклала на стол перад Тухачэўскім, якому, мусіць, найбольш давярала, дзве чырвоныя кніжачкі, якія той узяў, пагартаў: "Так, партыйныя білеты. Ветэраны партыі. Машнін Прохар Ісідаравіч з 1775 года, Цвярская Ганна Дзмітрыеўна з 1301… Партбілеты з пячаткамі… Падпісаныя Леніным…" - і Кашкадамаў за галаву ўхапіўся: "Вы памерлі ці звар’яцелі? Як такое можа быць?.. " - а святая Ганна зноў рукі ў бокі: "А так! Ленін вечна жывы!"
Кашкадамаў трымаўся за галаву, не ведаючы, што на гэта сказаць, бо Ленін насамрэч вечна жывы, і, калі вечна жывы ўперад, дык вечна жывы й назад, ва ўсякім разе - да 1301 года, так што, з аднаго боку, ставіць пад сумнеў тое, што ён ужо ў сярэднявеччы думаў пра стварэнне партыі, палітычна няправільна, але з іншага боку...
- А скуль вы ўзялі, - прышоў на дапамогу Кашкадамаву пракурор Ляплеўскі, паўтарыўшы раней прамоўленую фразу з гэткай інтанацыяй, нібы ад пачатку менавіта пра тое й хацеў сказаць, - скуль вы ўзялі, таварыш святы Серафім, - спытаў ён з’едліва, - што таварыш Сталін такі заімшэлы, заскарузлы ў сваіх поглядах, што няздольны іх памяняць?.. Вось таварыш Купала сустракаўся нядаўна з таварышам Сталіным, няхай ён скажа: таварыш Сталін такі заскарузлы, заімшэлы? Няздольны памяняць свае погляды? - падвысіў голас, бо Купала ніяк не адгукнуўся на ягоны зварот, Ляплеўскі і, не дачакаўшыся адказу, вярнуўся да святога Серафіма. - Марксізм-ленінізм - жывая, а не мёртвая тэорыя, таварыш святы Серафім! А тым больш практыка марксізма-ленінізма, геніяльна ўвасобленая ў таварышы Сталіне! Вось вы сказалі, што чулі, як на дзясятым з’ездзе партыі ён выступіў з заключным словам па нацыянальным пытанні. Стаў на бок, можна сказаць, нацыяналістаў. Так, але чаму?.. Бо таварыш Сталін стратэг і тактык. Тактык і стратэг. Напачатку 20-х, каб ускрайкі Расіі падтрымалі савецкую ўладу, трэба было нешта ім паабяцаць, і таварыш Сталін паабяцаў аўтаномію, нацыянальнае развіццё. Але цяпер пачатак 40-х - і развіццё можа быць толькі адным: савецкім! Бо да чаго прывяло нацыянальнае развіццё?.. Да таго, што на тых самых ускрайках Расіі хлебам-соллю сустракаюць фашыстаў, якія імёнамі нацыяналістаў вуліцы называюць! І вы хацелі б, каб таварыш Сталін гэтага не бачыў? Каб ніяк на гэта не адказаў? Ды за каго вы таварыша Сталіна прымаеце? - тэатральна здзіраючы маску, усклікнуў пракурор Ляплеўскі - і перад нябожчыкамі прадстаў Сталін.
Нехта ўжо раней здагадаўся, што гэта ён, некаму яно адкрылася толькі зараз, але ўсе разгубіліся - Купала ўпершыню ўбачыў разгубленых нябожчыкаў. Нават таварыш Коган зніякавела: сутаргава ў далоні пляснула і застыла са сціснутымі адна ў адной далонямі, нібы яны ў яе склеіліся. "Як можа быць тое, чаго не можа быць? - блукала на яе твары. - Калі ён тут, сярод нябожчыкаў, дык памёр? Але як неўміручы можа памерці?.."
- Сталін з намі! - падскочыў вайсковец у сярэдзіне залы, якая ўслед за ім падхапілася хваляй: "Сталін з намі!!! Слава таварышу Сталіну! Слава! Слава! Слава!.. Ура! Ура! Ура!.."
- Як здароўе, Аляксей Максімавіч?.. - пастаяўшы і палюбаваўшыся эфектам свайго з’яўлення, падышоў Сталін да Горкага. Той не прыдумаў, што ў такой сітуацыі на такое пытанне адказаць, і Сталін, па плячы яго паляпаўшы: - Вам шакаладу болей трэба есці, шакаладу, - падаў руку Маякоўскаму. - Ніводнага разу не рукаліся, шкада. "И в пролет не брошусь, и не выпью яда, И курок не смогу над виском нажать…" Скажыце, вы праўда хацелі застрэліцца, ці так выпадкова выйшла?.. Гэтаксама, як у Сяргея Міронавіча, якога даўно не бачыў, - прыабняў ён Кірава і адразу павярнуўся да Куйбышава. - А ты, Валер’ян, усё вершы пішаш? Прачытаў бы, даўно не чуў… Помню тваё яшчэ дарэвалюцыйнае: "Слушайте, товарищи, песенку мою, Эту песнь сложил ведь я про судьбу свою." Выпіваць трэба меней было, Валер’ян, сэрца берагчы… - пашкадаваў Сталін Куйбышава і падсеў да Купалы. - "Растуць крыжы, а пад крыжамі Хто? Беларускія сыны!.." А вы мае вершы ведаеце? Не? Зрэшты, адкуль?.. Як яно там, зараз успомню… "І грызлі паэта, як зграя, Крычалі яму грамадой: "І песня твая нам чужая, І праўды не трэба тваёй…" У вас нешта падобнае ёсць, але я раней напісаў. Гадоў у сямнаццаць. Паэтам хацеў стаць, а маці хацела, каб стаў епіскапам. Уяўляеце? Сталін - епіскап. І ў бурсу аддала. Калі мяне адтуль выгналі, у палітыку падаўся. Яна злавала. А калі я закахаўся ў актрысу адну, правінцыйную, не роўня Ганне, але ж каханню не загадаеш, дык маці сказала ёй, што я… Зрэшты, няважна, што яна сказала, важна, Іван Дамінікавіч, што ў мяне таксама маці была. Смешна гучыць, праўда? Нібы ў некага магло не быць. Хоць якая, ды была ў кожнага. А ў мяне была такая, што... Як бы вам сказаць... Такая, што пра мяне казалі, што я не сын майго бацькі. І мой бацька называў мяне набічвары. Байструк. І біў, як не свайго. Моцна, не шкадуючы, у мяне рука праз гэта скалечаная. І ўсе білі. Зневажалі. Па вуліцы не прайсці было, каб нехта не зняважыў. Так і рос, да крыві губы закусваючы. Днём і ўночы думаючы: як адпомсціць?.. А як адпомсціць, калі паэт? Як адпомсціць, калі епіскап? Разумееце?.. Вось чаму я Сталін! І вось чаму, калі маці памерла, не паехаў на пахаванне. І на магіле ніводнага разу не быў. Бо праз яе - набічвары. Байструк. Яна ў Тбілісі жыла, я дапамагаў ёй, у грузінаў нельга бацькам не дапамагаць, а на пахаванне не паехаў. Сказаў Берыі, каб як-небудзь распарадзіўся. Ён распарадзіўся так, што яе пышна пахавалі. На Мтацмінда, на святой гары. І вось глядзіць яна цяпер на мяне з той гары - і што думае? Пры жыцці мне гэта ўсё адно было, але цяпер...