Сталін прымоўк, Купала спытаў: "Хіба ўжо 1953 год?.. Пятае сакавіка?.." - "Так, даўно ўжо. І я нязвыкла сябе пачуваю. Пазачасава і пазасветна. Там, у тым свеце, які я пакінуў, быў час мінулы, цяперашні і будучы. Тут гэтага няма - усе часы, нібы ў адным часе. І нельга сказаць, што ў цяперашнім. Час гэты ўвогуле немагчыма вызначыць, яго як бы не існуе. Гэтак не існуе, нібы ён не пачынаўся і не сканчаўся. І я думаю, што гэта вечнасць. Не тая, якую мне прарочылі, пакуль яшчэ я там быў, а вось гэтая. Разумееце?"
Сталін казаў пра тое самае, што адчуваў Купала, калі 1 ліпеня 1942 года йшоў па Маскве ў Саюз пісьменнікаў, каб паглядзець, як яго хаваць будуць. Так што ўсё яму было зразумела. Спытаў толькі: "Вы самі, ці Берыя?.." - і Сталін плячыма пацепнуў: "Можа быць, Берыя. А, можа, і сам. Вы ж таксама сказаць не можаце, ці самі, ці нехта. ну, дапусцім, я загадаў? І хочаце, каб я ў тым прызнаўся? Навошта, калі любая таямніца большая за яе разгадку. У вялікіх людзей мусяць быць вялікія таямніцы, Іван Дамінікавіч. Чалавек вялікі, калі таямнічы, калі нават маці пра яго нічога не ведае. Вам сніцца ваша? Мне мая сніцца. Быццам я ўсё іду, іду ўгару, ніяк узысці не магу, бо на мяне камяні коцяцца, а яна плача: "Гэта з душы маёй каменні!" І пытае, плачучы: "Скажы мне, Сасо, няўжо ў той час, калі мяне не стала, табе так ужо трэба было расстраляць некага, што ты маці пахаваць не змог?.." Я намагаюся ўспомніць, каго я ў той час расстраляў, мне здаецца, калі ўспомню, лягчэй стане, хоць разумею, што толькі горш, бо трэба прасіць будзе, каб ён дараваў, а гэтага я не магу, усё магу, а гэтага - не, дый столькі іх, расстраляных, што ніяк не ўспомніць паасобку. ніяк, ніяк... - падняўся Сталін, і Купала сказаў: "Тухачэўскага вы ў той час расстралялі".
Маршал Тухачэўскі, расстраляны ў тое ж лета, у якое памерла маці Сталіна, пачуў сваё прозвішча, ускочыў: "Я!.." - і вочы ў яго былі такія ж, якія былі, пэўна, перад расстрэлам, калі ён не разумеў, што адбываецца, за што яго, чырвонага маршала, запісалі ў трацкісты, у ворагі народа, і такімі вачамі ён лыпаў на Сталіна, які па-сяброўску размаўляў з Купалам пра тое, пра што ні з кім не размаўляў, і гэтаксама глядзелі ўсе астатнія, нават Кашкадамаў, думаючы, што Сталін, калі ўжо яны з Купалам сябры, зараз адменіць раскрыжаванне, але той нічога не стаў адмяняць, павярнуўся да святога Серафіма: "Таварыш Серафім, калі тут Страшны суд?.."
36
Віктар стаяў у Крэве на абкладзенай грамамі Ярылавай, паганскай, якую хрысціяне назвалі Юр’евай, гары, і над ім, то выгінаючыся, скрыжоўваючыся, як лозы з чаратамі, то звіваючыся, як змеі, завязваючыся ў вогненныя, рознакаляровыя, блакітныя, барвова-чырвоныя, распалена-сінія вузлы, палалі, гарэлі, бліскалі, білі маланкі! І падала залева!
Госпадзі, як ён любіў навальніцу над Крэвам! Над ягонымі лагчынамі і пагоркамі, над гарадзішчам і замкам, над ягонымі храмамі - царквой, касцёлам, мячэццю, сінагогай. І няхай ад гарадзішча на паверхні крэўскай зямлі застаўся толькі курган, ад замка - толькі пабураныя сцены, руіны, ад храмаў толькі касцёл з царквою, хоць некалі адных цэркваў у Крэве было шэсць, яшчэ б адна - і сем цэркваў Апакаліпсіса, але ў зямлі пад курганам, дзе стаяла калісьці драўлянае Крэва, пад замкам, дзе яно паўстала каменным, пад храмамі на пагорках і яшчэ глыбей пад самімі пагоркамі, у сэрцавіне гэтай старажытнай зямлі блукала здратаваная, скрываўленая, жалезам бітая і агнём паленая, але жывая памяць стагоддзяў - і Віктар адчуваў, як яна блукае. Ускінуўшы рукі ў неба, стоячы голым пад залевай, пад грамамі з маланкамі на Ярылавай гары, дзе было ў паганскія часы капішча, дзе вяршыў чалавечыя лёсы Вярхоўны жрэц гэтай зямлі Крыва-Крывэйта, ён адчуваў сябе валадаром залевы, грамоў і маланак - і рукамі, далонямі адчуваючы неба, падэшвамі ног адчуваў дрыжыкі зямлі, у якой, як падземная рака, сама сабе ў пясках і суглінках прамываючы рэчышча, прабівалася да вусця, шукала выйсця памяць вякоў. Ён быў пясчынкай гэтай зямлі, кропляй гэтай ракі, часцінкай гэтай памяці, але гэтай пясчынкі, кроплі, часцінкі хапала, каб напоўніць яго неверагоднай, якая нідзе яго так, як тут, не напаўняла, сілай, якой ён абрушваў нябёсы, ламаў, як трэскі, і кідаў за небасхіл блакітныя, барвова-чырвоныя, распалена-сінія маланкі.