Вунь яно бяжыць пастушком па выгане, грае на зробленай дзедам са старой яблыні жалейцы. Грае гучна, жалейка з прыгожым чорна-белым каровіным рогам, і мелодыя "Цяцеркі", з якой ён пачынаў вучыцца граць, разліваецца па абодвух берагах Крэўлянкі, цячэ па пагорках. Вось дабегла дзяцінства да ўзлеску, куды паклікаў маленькага Віктара дзед, каб дапамог састагаваць, бо дождж можа пайсці, падсушанае ў пракосах сена, і, калі паставілі стагі, Віктар залез на адзін, лёг, глядзеў у неба, на якім высыпалі зоркі, а дзед, прываліўшыся спінай да стога, расказваў яму казку пра сатану і Яна.
"Жыў-быў хлопчык Ян, над панамі пан, і даў яму Бог…"
"Як гэта над панамі пан?"
"Ніяк. Гэта так, для складу. І даў яму Бог талент…"
"Што даў? Талер?.. "
"Талент даў. Гэта здольнасць да нечага. Маляваць, штукі ўсялякія паказваць. А Ян меў талент на жалейцы граць ды песні складаць, якія ўслаўлялі Бога. І гэтак ён файна граў, і такія пявучыя песні складаў, што анёлы Божыя прыляталі, каб яго паслухаць. А д’яблавыя анёлы…"
"Якія?.. "
"Д’яблавыя. Ты думаеш, толькі Божыя анёлы ёсць? Не, ёсць і д’яблавыя. Д’ябал сам анёлам быў, пакуль Бог яго з нябёсаў у пекла не скінуў".
"За што?"
"За тое, што чалавеку, стварэнню Божаму, не захацеў пакланіцца. Прызнаць вышэйшым над сабой".
"А ў Святым пісанні я чытаў, што скінуў, бо той анёл, Сатана, захацеў быць роўным Богу. Там так напісана…"
Віктар ведаў, што напісана ў Святым пісанні, бо дзед яшэ да школы, якая стаяла вунь там, пад паўночнай сцяной замка, навучыў яго грамаце. І вучыў не так, як у школе. Аднойчы ўзяў за руку, павёў па садзе, па гародзе. "Во гэта агрэст, літара А. Гэта буракі, літара Б, гэта вішня, літара В, гуркі, літарара Г… кроп… маліна… парэчкі… рэпа… смуродзіна… таполя… хмель… цыбуля… часнок… шчаўе… яблыня…" Літары былі жывымі, яны раслі адразу за парогам хаты, зелянелі, чырванелі - і былі смачнымі. Таму засвоіў Віктар грамату, чытаць навучыўся за тыдзень.
"Цяпер ты будзеш маімі вачамі", - сказаў дзед, які ўжо не мог чытаць нават у акулярах. І Віктар чытаў яму Святое пісанне. Кожны вечар. Чытаў, не надта разумеючы, што чытае, але яго заварожвала тое, як яно напісана. Слова так было звязанае са словам, сказ са сказам, што ў грудзях, а ён чытаў уголас, узнікала адчуванне вышыні, на якую ўздымаўся ён з тымі, пра каго чытаў. З апосталамі, са святымі, з вучнямі Хрыста, з Богам, і ўсе яны, нават Бог, жылі не ў Гефсіманскім ці райскім, а ў дзедавым садзе. Там, дзе маліна, літара М, парэчкі, літара П, смуродзіна…
Круча казаў: "Калі ўсё ў цябе кепска, а ты ўмееш пісаць, пішы пра дзяцінства. І стане ўсё добра".
"Дык вось д’яблавыя анёлы, чэрці сталі Яна падгаворваюць, каб ён для іх граў і спяваў. Сатану ўслаўляў. Абяцалі горы залатыя. Спакушалі: "Сыграй нам - і будзе табе пернік. Саспявай - і будзе цукерка. А Бог, якога ты ўслаўляеш, што табе дае?.."
Бог не даваў ні пернікаў, ні цукерак, і пачаў Ян граць для чарцей. Спачатку паціху, пасля ўсё гучней. Спяваў з імі, скакаў, весяліў. Сам весяліўся. А яны пернікі з цукеркамі, якімі спакушалі, клалі ўсё бліжэй да краю прорвы, якая ў пекла абрывалася…" - доўжыў казку дзед, а над стогам, над скошанай лугавінай, над Крэўлянкай, над Крэвам, над усёй зямлёй і вадой плыў месяц, на якім сядзеў Сатана з вудай і лавіў зоркі. "Хочаш зорку?.." - спакушаў.
Хіба мог ён тады падумаць, што гэта пра яго расказвае казку дзед? Яму, маленькаму, пра яго дарослага.
Ён знайшоў на гарышчы дзедавай хаты тую жалейку з чорна-белым каровіным рогам. Выйшаў на выган, зайграў - жалейка гучала гэтаксама, як у дзяцінстве. Мелодыя "Цяцеркі" разлівалася па абодвух берагах Крэўлянкі, цякла па пагорках, і ўсё, чаго яму хацелася, было тут, на гэтах берагах, пагорках, дзе быў ён пастушком. І нікім болей быць яму не хацелася.
Калі ён, ужо дарослы, успамінаў сябе маленькага, дык не бачыў асаблівай розніцы паміж сабой тым і цяперашнім. Бо што змянілася? Тое, што ён чытае лепш, чым чытаў у пяць гадоў? Але нават гэта - яшчэ як сказаць, калі тады ўзнікала адчуванне вышыні, на якую ўздымаўся ён з тымі, пра каго чытаў а цяпер не ўзнікае.
Ці яго змяніла тое, што скончыў школу, тэхнікум, інстытут, што болей ведае? А што ён ведае, пра што дазнаўся? Пра тое, што пісалі шумеры? Ці пра тое, што ў космасе ёсць чорныя дзіры? Дык яны і ў ім ёсць. І ў цяперашнім, і ў малым былі - ён з жахам у іх глядзеў.
У самім сабе ён заўсёды заставаўся гэткім самым, якім быў некалі. Само жыццё ў сабе адчуваў нязменным, змяняліся толькі ўмовы, абставіны жыцця. Ягоныя дэкарацыі. Са стога сена пад Багушоўскім лесам жыццё перанесла яго на гару ў Балгарыі, на сцэну Крамлёўскага палаца з’ездаў - сам ён дзеля гэтага нічога не рабіў. Толькі прымаў прапановы. Гульню ў прапанаваных дэкарацыях. І гуляўся ў іх той самы хлопчык са стога сена пад Багушоўскім лесам.