- Які сюжэт! Якая сіла духу! - захоплена выгукнуў, поўны патрыя-тычнага ўздыму, праз што і падаўся на фронт ваенным карэспандэнтам, Брусаў, і, калі б не ягонае захапленне, Купала прамаўчаў бы, як не сказаў нічога ўчора ў Бернардынскім садзе, дзе Брусаў чытаў яму натхнёна:
"Покрыв столицы и деревни,
Взвились, бушуя, знамена.
По пажитям Европы древней
Идет последняя война.
Под топот армий, гром орудий,
Под ньюпоров гудящий лёт,
Все то, о чем мы, как о чуде,
Мечтали, может быть, встает!"
- а пасля ў кавярні "Шуман" даводзіў, што Расія зноў, як у 1812 годзе, уратуе Еўропу. Таму гэтым разам Купала не стрываў.
- Віленскія пакутнікі, можа, і былі, ды наўрад ці праваслаўныя. Гэта, ваша вялебнасць, маскоўскі міт. - Тут архіепіскап ці праз прамоўленую Купалам каталіцкую "вашу вялебнасць", ці праз "маскоўскі міт", ці праз тое і другое зірнуў на яго незадаволена, але Купала не спыніўся. - І прыдуманы ён, каб паказаць, што ў Вялікім Княстве Літоўскім, з якім Масква ваявала, ворагі праваслаўя жывуць. Але ж яно не так. Каму, як не вам, ведаць, што ў часы Альгерда ўжо была Літоўская мітраполія, і літоўскія мітрапаліты афіцыйна называліся мітрапалітамі Літоўскімі, Кіеўскімі і ўсяе Русі. Хрысціянству на гэтых землях было трыста гадоў, у князя Альгерда сястра была праваслаўная, падчас княжання ў Віцебску сам ён пахрысціўся як праваслаўны, жонку меў праваслаўную, дык з чаго раптам яму ў галаву ўзбрыло праваслаўных вешаць? Ёсць нават звесткі, што незадоўга да смерці ён пострыг манаскі прыняў, памёр з імем Алексій.
- А па іншых звестках яго пахавалі з 18 коньмі! Значыць, як нарадзіўся паганцам, гэтак паганцам і сканаў, - не стаў Ціхан адказваць, навошта было праваслаўнаму вешаць праваслаўных. - Ды няхай і не вешаў, і няхай нават прыняў манаскі пострыг. Але міт - іншы. І няма нічога больш трывалага, чым міт, які ўсвядомлены мільёнамі людзей як рэальнасць. Можна перайначыць гісторыю, але нельга перайначыць міт. Яго немагчыма пабурыць. Можна зруйнаваць храмы, але нельга парушыць веру. Можна зруйнаваць, спаліць Ноўгарад, Маскву, але нельга спаліць, парушыць святую Русь… Я ведаю вашы погляды, праглядаю вашу газету, - падліў ён гарбаты Купалу. - І вось што скажу. Сам чалавек маленькі, дасягнуць вялікай мэты не можа без дапамогі Бога. Гэтак і народ. А ў выпадку з беларусамі яно проста немагчыма, бо вам няма ад каго чакаць дапамогі. Бог, вядома, спрыяе ўсім, хто моліць дапамагчы, хто ў малітвах Яго ўслаўляе, але найперш дапамагае Ён тым, хто нечым ахвяруе дзеля Яго. Магчыма, я не ўсё ведаю, але нічым і нікім вы дзеля Бога не ахвяравалі. А калі й ахвяравалі, дык ахвярамі вашымі скарысталіся іншыя, якія называліся не вамі. Хіба не так?..
- Але ж Бог помніць… - пачаў Купала, каб сказаць, што Бог памятае, чые насамрэч былі ахвяры, і архіепіскап паклаў сваю руку на ягоную: "Не".
Рука архіепіскапа была цёплая і мяккая, нават пульхная. Як пірог, якім ён частаваў. Ён не сказаў, як сказала пазней княгіня Радзівіл: "Бо няма беларускага Бога", - але Купала, пачуўшы ягонае "не", менавіта так падумаў, і Брусаў, не зразумеўшы пачутае, спытаў: "Што вы маеце на ўвазе, уладыка?.. "
Ціхан не адказаў.
Пазней, калі скончыцца вайна, выбухне рэвалюцыя, калі ў Мінску абвесціцца незалежная Беларуская Народная Рэспубліка, якую задушаць бальшавікі, Патрыярх Маскоўскі і Усяе Расеі Ціхан дазволіць служыць у праваслаўных храмах па-беларуску і блаславіць беларускі народ і Урад БНР. Зробіць ён гэта дзеля пашырэння ўплыву праваслаўнай царквы, а не праз тое, што чытаў у Вільні "Нашу Ніву" і вёў размовы з Купалам, але, магчыма, згадае, падпісваючы сваё блаславенне, і пра гэта.
На лета, на другім годзе Першай сусветнай вайны, калі ад патрыятычнага ўздыму Брусава нічога не засталося, а вайна "по пажитям Европы" дакацілася да Вільні, вакол Свята-Духава манастыра прайшоў хросны ход. Праваслаўныя вернікі на чале з архіепіскапам Ціханам развітваліся з віленскімі пакутнікамі, мошчы якіх пераносіліся ў Маскву. Са Свята-Духава манастыра ў Данскі манастыр, у Малы сабор, каля якога й стаяў цяпер, гледзячы ў вялізны пралом з парушанай брамай у манастырскай сцяне, на крыжовы шлях Купалы, на "хросны ход" на чале са Сталіным, замардаваны ім патрыярх Ціхан.
- Няхай сабе Альгерд пахрысціўся, каб ажаніцца з праваслаўнай ві-цебскай княжной, і няхай не збіраўся ён праваслаўных караць, - гэтакім голасам, нібы яны толькі ўчора развіталіся, сустрэў Купалу патрыярх. - Дык і Пілат не хацеў караць Хрыста. Гэтага патрабавалі абставіны. І не толькі пасады вялікага князя ці рымскага намесніка. Да гэтага змушала ідэя, носьбітамі якой яны былі. Ідэя, якая большая за любога чалавека. Бо сам чалавек, хай самы найвялікі, што?.. Толькі чалавек. Альгерд стаў манахам, каб грэх замаліць, Пілат атруціўся. Утапіцца хацеў, але вада, якой рукі ён вымыў, не прыняла яго. У кожнага свой грэх і ў кожнага свой крыж, - памаўчаўшы, доўжыў Ціхан, вакол якога збіралася ўсё болей нябожчыкаў са Старых могілак, якія ў сваіх файна пашытых пахавальных строях, у парадных мундзірах адрозніваліся ад нябожчыкаў з могілкаў Новых, як людзі таго свету ад людзей свету гэтага. - Вось і таварыш Сталін, - падышоў патрыярх бліжэй да парушанай брамы.