- Нікому, апроч беларусаў, - казаў ён, вярнуўшыся з каралеўскага замка ў Хельсінгёры ў сваю качагарку ў Маскве, Ганне. - Не паспеў замацавацца міт пра літвінскую Беларусь, пра яе вялікіх князёў, самаахвярных герояў, легендарных ваяроў, як тут жа сабакамі накінуліся грызці гэты міт тыя, для каго Беларусь пачалася з "вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі". Чаму? Бо літвінская Беларусь з яе легендарнымі князямі, ваярамі, героямі - гэта гісторыя магутнай еўрапейскай краіны, глыбокая нацыянальныя гісторыя. А такой, як лічаць гаспадары сабачай зграі, у беларусаў няма і не можа быць. Бо на тле гістарычных мітаў пра вялікіх князёў, самаахвярных герояў, легендарных ваяроў цяперашнія "князі", "героі", "ваяры" - блазены. Карлікі.
І нават не з п’ес Шэкспіра.
Дарэчы, Шэкспір - таксама міт. І хто толькі ні спрабаваў яго парушыць! Давесці, што Шэкспіра не было. Але ўсе яны даводзілі гэта толькі самім сабе - і больш нікому. Шэкспір як стаяў, гэтак і стаіць непарушна. Бо ён даўно перарос міт Англіі, стаўшы мітам чалавецтва, у вытоках гісторыі якога - суцэльныя міты.
"Ты хочаш стаць беларускім Шэкспірам?" - спытала Ганна ў качагарцы, і ён адказаў, бо спытала яна з’едліва: "А чаму не? Ты ж стала дачкой Купалы".
Цяпер яна пытае: "Што ты тут робіш над руінамі?.." І глядзіць на яго з жалем.
- Пайшлі! - узяў ён яе за руку і павёў з Юр’евай гары да замка. - Будзем лічыць, што ў нас шэкспіраўскі фестываль… Увесь свет ведае гісторыю пра караля Ліра, які, састарэўшы і стаміўшыся быць каралём, вырашыў скінуць з плячэй сваіх цяжар улады і падзяліць каралеўства на тры часткі паміж трыма дочкамі, адну з якіх, Кардэлію, у апошні момант абдзяліў. Увесь свет ведае, што было з каралём Лірам і ягоным каралеўствам далей. А вось гісторыя пра ўладара Вялікага Княства Літоўскага Гедзіміна, які, састарэўшы, вырашыў падзяліць паміж сямю сынамі найбагацейшыя гарады сваёй дзяржавы, наймагутнай у тыя часы ва ўсёй Еўропе, не такая вядомая.
- Бо на Гедзіміна не было Шэкспіра? - спытала яна, як у качагарцы, з’едліва, але цяпер гэта не зачапіла яго.
- Так. Бо Шэкспіра на Гедзіміна не было, - падвёў ён Ганну да замкавай Княскай вежы. - Але жарсці тут віравалі не меншыя, чым у ягоных трагедыях. Па спадчыне Гедзімін перадаў вялікакняскі вянец старэйшыму сыну Яўнуту, а двух сваіх сыноў вялікі князь абдзяліў. У тым ліку Альгерда, якому дасталося Крэва, а той палічыў, што варты большага. І рушыў вайной на брата свайго Яўнута. Адабраў у яго вялікакняскі вянец - і з дапамогай яшчэ аднаго свайго брата, Кейстута, сам стаў вялікі князем. Амаль праз сорак гадоў Кейстут гэтаксама, як дапамог Альгерду, дапаможа стаць вялікім князем і сыну Альгердаву, свайму пляменніку Ягайлу. А Ягайла ў "падзяку" за гэта загадае яго забіць. І Кейстута забілі. Задушылі. Вось тут, у сутарэннях гэтай вежы. Сюды ж быў кінуты Вітаўт, стрыечны брат Ягайлы, сын Кейстута. Ён меў прэтэнзіі на вялікакняскі вянец, і яго чакаў такі ж лёс, як і бацьку. Але Вітаўт цудам ацалеў. Збег, пераапрануўшыся ў жаночую апратку, падмануўшы варту. І як ты думаеш, хто яго, рызыкнуўшы сваім жыццём, уратаваў?
- Жонка.
- Так. Жонка. І ўгадай, як яе звалі?
- Ганна. Інакш для чаго б ты распавядаў мне гэтую гісторыю.
Яна ўгадала. Ён абняў яе: "Ты мяне ўратуеш?.. Рызыкнеш?.." - і Ганна выслізнула з ягоных рук: "Рызыкну, калі ў цябе прэтэнзіі на вялікакняскі вянец будуць".
Ён не пра тое пытаў. Зусім не пра тое.
- Ты ж клікала мяне з’ехаць з гэтай краіны. А цяпер зноў клічаш пад яе вянец? Мы з’ехалі - і вярнуліся?
- Не. Мы ў дарозе.
- У які бок, Ганя?.. Вось тут, дзе ты стаіш, за вянец забівалі адзін аднаго. Прадавалі. Ягайла тут, забіўшы дзядзьку і брата, Айчыну прадаў. Пергамен у гэтым замку падпісаў, унію, праз якую стаў польскім каралём, аддаўшы Вялікае Княства пад карону. Гісторыкі пішуць, што ў тым была гістарычная неабходнасць, але я ведаю, што не.
- Скуль ты ведаеш? Ты быў тут, калі ён унію падпісваў?
- Быў! Я быў тут да таго, як нарадзіўся. Быў заўсёды - і заўсёды буду. Гэтая зямля - я, і я - гэтая зямля. Вось з яе я ўсё, што было на ёй, і ведаю. Калі яе прадалі, дык прадалі і мяне. І ў яе, і ў мяне быў бы зусім іншы лёс, калі б нас не прадавалі. І каб толькі Ягайла! Усе! Усім ім, хто пад вянцом, пад каронай, пад аднагаловым ці двухгаловым арлом, мала ўлады, якую маюць. Прагнуць большай і большай. І распухаюць ад пыхі! Ягайлу захацелася каралеўства не толькі таму, што яму мала было княства. Кароль Польшчы хоць і не такі кароль, як кароль Брытаніі, але манарх. А князь Літвы, хоць ён і вялікі, дзікун. Кроў не блакітная і костка не белая. Дзікунам косткі пад стол кідаюць. Таму і закарцела яму з польскай каралевай шлюбам пабрацца, каб з манархамі за адным сталом сядзець, кінуўшы пад ногі ім, як костку, Літву. Вось і ўся гістарычная неабходнасць. Улада - вір, у які калі ўжо закруціць… ты куды, Ганя? Ты што! - кінуўся ён за ёй у сутарэнні Княскай вежы, схапіў за руку. - Стой! Мы нават малымі лазіць сюды баяліся, бо камяні абвальваліся. Ты куды мяне цягнеш?..