Што гэта?..
- І што з жонкай Вітаўта пасля было? - мутна бялеючы ў цемрадзі, спытала Ганна, а ён стаў навобмацак шукаць яе рукі. - Што ты рукамі водзіш, як сляпы?
- Вазьмі мяне за руку.
- Яе, здаецца, жывой спалілі?
- Не. Уцякла разам з мужам. Можаш за руку мяне ўзяць?
- Уцячы са мной хочаш? Тут лесвіца… Бачыш? - узяла яна нарэшце ягоную руку, і ён убачыў каменныя прыступкі, лесвіцу, пра якую з дзяцінства ведаў, што нікуды яна не вядзе, абрываецца на першым паверсе, бо другога і трэцяга паверхаў не было, ад іх засталіся толькі дзве парушаныя сцяны. Да вайны Княская вежа амаль цэлая была, а ў вайну біла па замку руская артылерыя, страляючы па немцах, якія Кутнюю, паўднёвую вежу замка ператварылі ў дот.
- І шчасліва жыла?.. - ступіла Ганна на лесвіцу, і ён, баючыся яе ад-пусціць, ступіў за ёй. Туды, дзе нічога няма і быць не можа, бо там - паміж двух парушаных сцен - пустата.
- Так. Амаль да ста гадоў.
- Але я помню, што некага спалілі.
- Служанку яе Ягайла жыўцом спаліў. Пакаёўку, якая Вітаўту сваю апратку аддала, застаўшыся ў гэтым склепе.
Ганна спынілася.
- Чаму?
- Што чаму?
- Чаму яна пайшла на смерць за яго?
- Не ведаю. Бо пакаёўка. Гаспадыня загадала перапрануцца і застацца, пераапранулася і засталася.
- Так проста?
- А як?..
Ганна вызваліла руку, пайшла ўверх.
- Калі ўсё так проста, дык як ты раман пішаш?..
Без яе рукі Віктар зноў аслеп. Замёр, узіраючыся ў чарнату і не разумеючы, што адбываецца, чаму Ганна ў цямрэчы відушчая, а ён не, і нехта зверху, адтуль, дзе нікога быць не можа, бо там пустата ў парушаных сценах, сказаў: "Ёсць людзі, якія бачыць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць".
Голас быў знаёмы, але чый? У падзямеллі ён гучаў глуха, быў не такім, якім чуў яго Віктар некалі, - дзе і калі? Нешта з гэтым голасам звязанае важнае, ён сутаргава ўспамінаў, што? - і не мог успомніць, пакуль зверху не пачулася: "Са склепу на першы паверх сямнаццаць прыступак. Некалі вы іх, Віктар Паўлавіч, заплюшчыўшы вочы, прабягалі".
"Са склепу на першы паверх сямнаццаць прыступак." - гукнулася ў падзямеллі глуха, і ён успомніў! Гэта быў голас прывіда, як пераследваў яго праз усё жыццё, з’явіўшыся ў дзяцінстве.
Гэты быў ягоны прывід. У крэвічаў, старых і малых, апроч сваіх камянёў у мурах замка, былі яшчэ і свае прывіды. У замку іх было столькі, што на ўсіх хапала. Не ўсе яны былі страшныя, ягоны таксама надта ўжо страшным не выглядаў, але нікога Віктар гэтак не баяўся, як яго.
Начныя страхі заклёнамі і зёлкамі выводзіла з маленькага Віктара вядзьмарка Багучыха, але страхі не адпускалі - і тады Багучыха сказала, што іх трэба спалохаць. Гэтак спалохаць, каб яны, перапудзіўшыся, выскачылі з сэрца - усе страхі чалавечыя ў сэрцы чалавечым жывуць. Узяўшы Віктара ад бацькоў, якім сказала, што бярэ на ноч да сябе, яна завяла яго апоўначы ў замак. "Адсюль, - шаптала на вуха, нібы сама баялася, - страхі ў цябе ноччу прыходзяць, тут яны ноччу з цябе выйдуць. А каб ты не памёр ад іх, калі выходзіць будуць, на табе зёлкі. Чалавек звык жыць у страху, і калі раптам страх пакідае яго - чалавеку да смерці жудасна. Бо без страху жыццё адкрываецца яму зусім не такім, якім бачылася, калі баяўся. Вып’еш зёлкі - і ўсё ў свеце ўбачыш не гэтакім, якім яно табе здаецца, а такім, якім яно ўсё ёсць. І не разарвецца сэрца ад страху. Толькі да відна тут будзь, не ўздумай дахаты збегчы - ваўкалак дагоніць і загрызе".
Калі Багучыха, прамармытаўшы яшчэ нейкі заклён з малітвай, у яе і для чыстай, і для нячыстай сілы адны і тыя заклёны з малітвамі былі, пайшла, пакінуўшы Віктара аднаго пасярод замкавага двара, ён спалохаўся адразу. Так, што сэрца зайшлося ад страху, і каб яно не разарвалася, ён выпіў зёлкі. Лёг між камянёў, схаваўшыся за імі так, каб ваўкалак з Кутняй вежы яго не заўважыў, і глядзеў у неба.
Над замкам неба было зусім не такім, якім было над стогам каля Багушоўскага лесу. Там яно плыло велічна, было такое, нібы абяцала і яму, і дзеду, і ўсім, хто жыве і глядзіць у ягоную зорна-залатую плынь, цуд, свята ў Божым свеце, а тут калі і быў цуд, дык не святочны. Нерухома стаяў, увагнаны ў нябёсы над Кутняй вежай, Зорны Кол, а вакол яго шалёна круціліся, нібы ў віры, сузор’і, і кожнае спрабавала зачапіць, раскідаць, скінуць з неба сузор’е іншае, быццам яно ці замінала яму, ці займала ягонае месца. Ва ўсім небе, колькі бачыў яго Віктар ад Кутняй да Княскай вежы, ішла вайна! Ваяр, развярнуўшыся, дзіду за дзідай кідаў у Казла, Бык падымаў на рогі Барана, Змей перакульваў Малы воз, Вялікі і Малы Сабакі гналіся за Аратым, адзін з Касцоў біўся з Аднарогам, двое другіх змагаліся з Блізнятамі, Два Браты палявалі на Жорава, па Божым шляху ляцелі і скублі адно адное зорныя гусі, буслы, шпакі, ластаўкі, вогненнае пер’е разляталася ва ўсе бакі каметамі, астэроідамі, метэорамі, адны з якіх паглыналіся сонцамі, іншыя, выбухаючы, падалі на планеты, знішчаючы на іх жыццё, - неба грымела і палала, бліжэй да небасхілу наліваючыся крывёй, якой набракалі муры Крэўскага замка, набіралі чырвані тыя камяні, паміж якімі ляжаў нерухома, гледзячы ў крывавы вір нябёсаў, маленькі хлопчык.