І панёс інструктар свой жывот у свой кабінет.
- Я сыходжу! Сы-хо-джу! Едзьце самі на Шабалаўку, я не паеду! Я адмяняю рэпетыцыю! Я адмяняю з’езд!.. - крычаў рэжысёр Артур Дворкін у спіну інструктару ЦК КПСС, а той спыніўся, выходзячы: "Вось гэта вы, таварыш Дворкін, дарма".
У радыёстудыю на Шабалаўцы рэжысёр Артур Дворкін не паехаў. Калі сядалі ў аўтобус, яго спыніў чалавек у шэрым паліто, нешта яму сказаў - і Дворкін пайшоў з ім.
З выступоўцамі на Шабалаўку паехала Вера Леанардаўна, колішняя акторка МХАТа, кансультантка па сцэнічнай мове. "А навошта фанаграмы запісваць?" - спытала яе актрыса Южкова, і Вера Леанардаўна паглядзела на яе, як на дурніцу. Але сказала: "Каб вы не хваляваліся, што тэкст забудзеце… "
На рэпетыцыі з фанаграмамі рэжысёр Артур Дворкін быў ціхі і задуменны. "Ведаеце, я падумаў, што не трэба мудрыць. Людзі да чаго звыклі? Да таго, што нехта выходзіць на сцэну, нешта ці прамаўляе, ці спявае, ці паказвае - і сыходзіць. Навошта людзям галовы галаграміць? Таму давайце так: выйшлі на сцэну, прагаварылі і пайшлі… Вера Леанардаўна зараз з вамі папрацуе, каб артыкуляцыя з фанаграмай супадала - гэта не так проста, як вы думаеце."
Каб да іх глыбей дайшло, што ўсё не проста, той таварыш у шэрым паліто, які рэжысёра Дворкіна на размову забіраў, падышоў на рэпетыцыі: "Не бойцеся памыліцца. - І падвёў Віктара да мікрафона. - Паспрабуйце прачытаць не так, як напісалі." - "Як не так?" - "Хоць як. Напрыклад: "Тони, страна, как в море ледокол". Віктар прачытаў: "Тони, страна, как в море ледокол", - але ніхто, апроч яго і таварыша ў шэрым паліто, які быў побач, гэтага не пачуў, па залі пракацілася: "Плыви, страна, эпохи ледокол!"
Так што цяпер - што ні кажы…
Але і смеласць цяпер позна не выяўляць. Напісаны тэкст выступу на з’ездзе ён пакінуў Кручу, які пакляўся перадаць яго знаёмым заходнім журналістам. Круча нават сам прачытаць выступ па "варожым" радыё паабяцаў, так што…
- А раптам Круча пабаіцца? - нервовымі крокамі мераючы закуліссе Палаца з’ездаў і спыніўшыся каля грымёркі актрысы Южковай, спытаў самога сябе Віктар, уголас самога сябе спытаў, такой нечаканай была думка, і актрыса Южкова, якая гэтак нервавалася, што дрыжыкі ў руках не магла суняць, не зразумела. - "Хто пабаіцца?.. Каго?.."
Паэт Круча пабаіцца генсека Брэжнева! І гэбіста Андропава пабаіцца, і сціплага сакратара ЦК Суслава. Не перадасць нічога заходнім журналістам. І што тады выйдзе? Выйдзе, што ён, паэт Віктар Маргер, стрэліць з бясшумнага пісталета халастым патронам, а таварыш у шэрым паліто ўпакуе паэта Маргера так, нібы ён стрэліў баявым.
- Сцісні мне далоні, - цераз парог працягнула рукі з расчыненых дзвярэй грымёркі актрыса Южкова. - Моцна. Нечага я баюся, дрыжыкі суняць не магу. А праз гэта голас дрыжаць будзе.
Ён узяў яе далоні, сціснуў. Яна войкнула:
- Мацней! Яшчэ…
- Ніхто не пачуе твае дрыжыкі пад фанаграму.
- Таварыш Брэжнеў пачуе. Мы ж побач будзем.
Актрысу Южкову, як і касманаўта Рыленку, Брэжнеў таксама цалаваў. Усе тут Брэжневым пацалаваныя. І Брэжнеў пацалаваны ў адно месца ўсімі.
- Тупайце да пульта ў правай кулісе, вам адтуль на сцэну выходзіць, - падбег да іх рэжысёр Дворкін, якога пасля ўсяго можа Брэжнеў пацалаваць, а можа і таварыш у шэрым паліто. Зрэшты, як і кожнага.
Ад пульта ў правай кулісе, дзе была чырвоная кнопка супрацьпажар-най заслоны, які пры любой небяспецы імгненна аддзяляў сцэну ад залы: маўляў, гарыце вы гарам, абы мы ўратаваліся! - добра відаць была ўся сцэна з прэзідыумам з’езда. Брэжнеў, Андропаў, Суслаў, Грамыка, Гарбачоў, Ельцын, сакратар беларускага партыйнага ЦК Кісель, госць з Кубы Фідэль Кастра, Хонекер з ГДР, Жыўкаў з Балгарыі, Бабрак Кармаль з Афганістана, Чаушэску з Румыніі - чалавек сто, не меней. Уся камуністычная вярхушка ўсяго свету. І амаль пяць тысяч дэлегатаў з’езда ў зале.
Адной ракеты дастаткова з гор Афганістана.
На трыбуне, павярнуўшыся бокам да залы і тварам да Брэжнева, прамаўляў камсамольскі сакратар Посух. "Камсамол бачыць сваю задачу ў тым, каб выхоўваць у моладзі палітычную пільнасць, класавую нянавісць да ўсяго буржуазнага, усебакова выкрываць імперыялізм, ягоную ідэалогію, мараль, лад жыцця. Падручнікамі для камсамольцаў сталі вашы, дарагі Леанід Ільіч, кнігі "Малая Зямля", "Адраджэнне", "Цаліна".