Выбрать главу

Неяк Грачын сказаў Віктару, што да 70-годдзя Брэжнева Палітбюро вырашыла выдаць ягоныя ўспаміны. "Толькі няма чаго выдаваць, - развёў рукамі Грачын. І спытаў. - Напісаць не хочаш?" - "Што напісаць?" - "Мемуары генеральнага сакратара". - "Дык, мусібыць, запісаць, а не напісаць?" - "Кажу табе: напісаць. Якраз зараз падбіраюць людзей. Магу закінуць слова". - "А навошта мне гэта?.."

Тую размову Ганна чула, Грачын паківаў ёй спачувальна: "Кідай ты гэтага бульбаша, толку з яго не будзе", - а Ганна ўскінулася: "Ты сам толкам сказаў бы, для чаго яму чужыя ўспаміны пісаць!"

Брэжневу за тры кнігі ўспамінаў далі Ленінскую прэмію. Тым, хто іх пісаў, каму кватэру, каму ордэн, каму пасаду. Імёны не называліся - і ў рэстаране Дома літаратара кожны другі шаптаў па сакрэце, што гэта ён пісаў мемуары генсека. Але тыя, каму было што прашаптаць, маўчалі.

А па краіне анекдот хадзіў. "Ты маю "Малую зямлю" чытаў?" - пытае Брэжнеў Суслава. "Двойчы, Леанід Ільіч". - "Трэба і мне пачытаць"".

"Спаўняецца 50 год з таго дня, калі вы, дарагі Леанід Ільіч, уступілі ў Камуністычную партыю, - захлёбваўся ў шчасці напомніць Брэжневу пра тое, што ён грыб спарахнелы, Посух. - Нібы на чырвоным сцягу Айчыны, з’ядналіся ў вашым жыцці святыя сімвалы - молат рабочага, серп селяніна і зорка салдата. А ў нашых камсамольскіх сэрцах заўсёды б’ецца ваша маладое сэрца камсамольца, якім вы сталі ў 1923 годзе і застаецеся ім па сёння!" - выгукнуў Посух, і зала, ўзняўшыся хваляй, патанула ў авацыях.

У гэтым месцы павінны былі прагучаць вершы пра маладое сэрца камсамольца - і якраз у гэтым месцы "малады камсамолец" Леанід Брэжнеў паглядзеў на паэта Віктара Маргера. Павярнуў галаву да Посуха на трыбуне, а паглядзеў за трыбуну, за кулісу - на Віктара. Вачамі мудрай старой чарапахі, якая перажыла ўсіх, хто хацеў яе зжэрці.

Чарапаха пазнала Віктара і паківала яму лапай. Двухсэнсоўна неяк паківала: прывітальна - і не надта. Што ж ты, маўляў, вершы пра маё сэрца не напісаў?

Двойчы кіўнула. Туды-сюды, туды-сюды…

XVII

У кабінеце старшыні праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў Аляксандра Фадзеева сядзелі за сталом рускія савецкія і братнія савецкія пісьменнікі. Рускія савецкія - з аднаго боку доўгага, аточанага крэсламі стала, братнія савецкія - з процілеглага. І тыя, і гэтыія выглядалі трохі разгубленымі, бо не разумелі, дзеля чаго іх гэтак спешна сабралі? Апроч Фадзеева, тут былі ўсе сакратары Саюза, старшыні творчых секцый, камісій, яшчэ нейкія, невядомыя Купалу, людзі - усяго, разам з беларускімі кіраўнікамі і літаратарамі, чалавек трыццаць.

Фадзееў, які хваліўся аднойчы Купалу за чаркай, што падаўляў Кранштацкі мяцеж, сам выглядаў падаўленым. Вяла паздароўкаўшыся з Купалам, ён высунуў шуфлядку свайго старшынёўскага, прыстаўленага да агульнага, стала, стаў там нешта шукаць, прыпадняў тэчку - і Купала ўбачыў у шуфлядцы пісталет.

Да таго дня, калі Фадзееў завершыць свой зямны шлях самагубным стрэлам у сэрца, напісаўшы ў перадсмяротным лісце: "3 вялікай радасцю іду з жыцця, збаўляючыся ад подлага існавання…" - было яшчэ амаль пятнаццаць гадоў, але пісталет у шуфлядцы ўжо ляжаў.

Ружавашчокі і адзін з усіх, бадай, вясёлы Аляксей Талстой, з якім пяць хвілін падпісвалі яны летась на Усеславянскім мітынгу Зварот да народаў свету супраць вайны, а пасля пяць гадзін абедалі, абняў Купалу: "Рады бачыць жывым-здаровым! У госці заходзь, паабедаем!.." Потым спытаў Фадзеева, які яшчэ да вайны змяніў яго за сталом старшыні: "Не скажаш, чаго я тут?.."

"Не абедаць", - сказаў Фадзееў, і Талстой, без асаблівай любові глянуўшы на свайго пераемніка, рушыў у канец стала, дзе сядзеў чарнявы чалавек у кіцелі пракурора.

"Вось хто, гледзячы зараз на ружовага Талстога, скажа, што праз тры гады ён памрэ ад раку? - падумаў Купала. - Ніхто не скажа. Але так будзе. Усё будзе так, як ніхто не кажа. А так, як усе кажуць, не будзе".

Нядаўні Генеральны сакратар Саюза пісьменнікаў, а цяпер ваенны карэспандэнт газеты "Правда" Стаўскі, які фактычна кіраваў Саюзам пры сібарыце Талстым і даносіў Сталіну на ненадзейных Мандэльштама, Пастэрнака, Шолахава, падскочыў да Мяркулава: "Усіх, каго маглі, сабралі, нават з фронта і з эвакуацыі прывезлі…" - на што камісар паківаў галавой: маўляў, малайцы, - і падаў знак Фадзееву: "Пачынайце".

Купала пашукаў месца, дзе можна сесці, і, сам не ведаючы, чаму, не захацеўшы пераходзіць на беларускі бок стала, сеў побач з Маршаком, з якім апошні раз бачыўся ў Казані, праз якую той выпраўляўся ў эвакуацыю ў Алма-Ату - і была ў іх перад дальняй дарогай доўгая размова.