Голас гучаў спагадна, калісьці Купала ўжо чуў яго, і зараз яму хацелася яго чуць, таму ён сказаў, каб Голас не змоўк:
- Так, падобна, што яны жывуць у іншым часе.
- Іншы час жыве ў іх, - паўтарыў сваё Голас. - Час увогуле толькі ў людзях, больш ні ў чым і нідзе яго няма, вось што трэба пра час ведаць. Толькі таму ён твой. І ты ўжо ведаеш пра тое, а яны - не. Хоць, начытаўшыся кніг, мяркуюць, што ўсё зразумелі і пра твой час, і пра цябе. Але паглядзеў бы я на іх, калі б апынуліся ў тваім часе на тваім месцы. Каб Сталін паклікаў: "У вас няма жадання напісаць вершы пра партыю?.." Ці каб Гітлер спытаў: "Сталінская прэмія для вас нармальна, а Гітлераўская - не?"
Купала не зусім зразумеў, што сказаў яму Голас пра час, і паўтарыў тое, што разумеў:
- Яны ў іншым часе жывуць. - Пасля дадаў, бо Голас прамаўчаў: - І кнігі пішуць іншыя.
- Але якая кніга можа перадаць жах часу?.. - запытаў, зноў пачуўшыся, Голас. І сам адказаў: - Ніякая, бо час не ў кнігах, а ў людзях, і жах ягоны знікае разам з імі. Вось ты знік - і не адчуваеш у сабе жаху, бо часу ў табе не стала. А помніш, як страшна было?..
Так, ён помніў. І моўчкі спытаўся ў Голаса, ведаючы, што той пачуе яго: "Так, я помню, як жыў ува мне страх. Але ці апраўдвае мяне тое, што ён ува мне жыў?.. Можа быць, яны пра гэта?"
- Яны пра сябе, - адказаў Голас, і болей, як ні хацеў Купала пачуць нешта большае ў адказе, не сказаў нічога.
Па тварах людзей, якія прыйшлі развітацца з Купалам, было відаць, як цяжка да іх даходзіла тое, што казалі расплывістыя таварышы, бо сэнс прамоўленых імі слоў ніяк не вязаўся з сэнсам дзеі, з жалобай, з вечным развітаннем, і намагаючыся ўцяміць, што ж адбываецца, усе глядзелі то на Панамарэнку, то на Мяркулава, які стаяў каля труны і ледзь заўважна, але ўсміхаўся, таму не адзін Чорны падумаў: "Яны задаволеныя, што Купалы не стала..." - а спявачка Перапёлка зноў не стрывала: "Ды што ж гэта такое... Як так можна... Гэта здзек, святатацтва..." - і аслупянела, калі трэці расплывісты торкнуў пальцам, як скальпелем, Купалу ў грудзі, нібы ўзрэзаць хацеў:
- Гэх, Каян Лупака! Ці адчуваў ты ў нутры сваім драўляным цьмяны, ціхі боль, ці, хутчэй, цень ампутаванага болю, які застаўся ў табе ад таго, ранейшага, знішчанага? Ці адчуваў нейкі рэцыдыў сораму? Той, на месцы якога ты з’явіўся, ставіўся да жывога зусім інакш. Але ж Каян Лупака не вінаваты ў тым, што піша. Ён жа вам не Купала які-небудзь... [2]
- Хто-небудзь... што-небудзь... - ледзь не ў адчаі глядзела на ўсіх артыстка Перапёлка, і тут ужо не толькі яна, але і сакратар ЦК Гарбуноў не вытрываў, спытаў Кабулава: "Таварыш камісар, гэта вашы людзі?.." - на што той, крутнуўшы галавой: "Не! - тут жа дадаў задаволена. - Але не горшыя за нашых".
"Іншы час жыве ў іх", - рэхам прагучала ў вушах Купалы, калі паднялі і панеслі труну, паварочваючы яе насупраць высокага вакна, у якім з даху суседняга дома сплывала ружовая аблачынка, адкрываючы комін, прываліўшыся спінай да якога сядзеў і ўсміхаўся "кур’ер" з Крамля.
"Д’ябал хаваецца за Богам..." - згадаліся некалі чутыя словы, але ніяк не ўспаміналася, хто, калі і дзе іх яму сказаў?
20
- Чорт, чорт! Д’ябал!.. Дэбіл! І ты, і бацька твой! І маці твая дэбілка! - крычаў рэжысёр з прозвішчам Дворкін на гукарэжысёра з прозвішчам Дэблікаў, які праз прозвішча сваё, пэўна, і стаў дэбілам, і які спрабаваў сказаць нешта ў сваё апраўданне, але Дворкін чуць яго не хацеў. - Хто так працуе? Толькі дэбілы! Толькі дэбіл, а не гукарэжысёр мог уключыць фанаграму выступу Маргера на апладысментах Южковай! І толькі дэбіл можа вярзці, што ніхто нічога не заўважыў! Я заўважыў! І ўсе заўважылі, каму трэба. Маргер толькі пачаў, а яму ўжо пляскаюць! Ты хто? - перакінуўся Дворкін на Віктара. - Леанід Ільіч? Генеральны сакратар, якому пляскаюць яшчэ на падыходзе да трыбуны? Ты чаму зад дэлегатам выставіў, калі я сто разоў казаў, каб ніхто не паварочваўся? Бо Южкова павярнулася? Дык у яе хоць ёсць на што паглядзець! - пляснуў Дворкін па азадку Южковай, тая ўскінулася: "Вы што?.." - і гукарэжысёр скарыстаўся момантам, каб апраўдацца. "А што я?.. Маргер спінай да мяне, ад мікрафона адвярнуўшыся, стаіць, я не бачу, не чую: чытае, не? Брэжнеў яму галавой ківае. Значыць, думаю, Маргер пачаў чытаць. А ты кулакамі махаеш, бо злуеш, што я з фанаграмай спазняюся. Я і ўключыў без паўзы пад апладысменты. Бо калі ён разяўляецца, а яго не чуваць, дык яно яшчэ горш, чым голас на апладысментах. Тады відаць, што фанаграма. А нам што казалі? Што трансляцыя на ўсе краіны свету! І каб ні ў якім разе відаць не было, што пад фанаграму! Дык і не было відаць…"
Віктар слухаў іх і не чуў, што яны казалі. Як не пачулі тое, што ён хацеў сказаць, Брэжнеў, Андропаў, Суслаў, Грамыка, Гарбачоў, Ельцын, сакратар беларускага партыйнага ЦК Кісель, госць з Кубы Фідэль Кастра, Хонекер з ГДР, Жыўкаў з Балгарыі, Бабрак Кармаль з Афганістана, Чаушэску з Румыніі - увесь свет. Ніхто і нідзе яго не пачуў, бо ён, паэт Віктар Маргер, які ў сваім выступе на XXVI з’ездзе Камуністычнай партыі Савецкага Саюза хацеў сказаць… ды якая розніца, што ён сказаць хацеў, калі не сказаў нічога! За хвіліну да выступу ён раптам запанікаваў праз тое, што не ўбачыў у прэзідыуме з’езда сакратара ЦК КПСС таварыша Грачына, на якога разлічваў як на заступніка, абаронцу, без якога ён застанецца сам-насам з усімі, хто ў прэзідыуме, хто ў зале, і хто за імі ў шэрых паліто. "За счастье не окончена борьба, И мы готовы и к труду, и к бою! Отечества великая судьба Для всех нас стала личною судьбою!.." - разнеслася па Палацы з’ездаў, па Маскве, па Савецкім Саюзе, і пасля таго, як скончылася фанаграма, ён не выйшаў, як збіраўся, на край сцэны, каб прапанаваць сысці з яе Генеральнаму сактарару ЦК КПСС таварышу Брэжневу, які, з хрустам падняўшыся, перагнуўся над сталом прэзідыума і раскінуў рукі для абдымкаў, не пайсці ў якія пад авацыі залы ніяк не выпадала, як не выпадала адвярнуцца ад мокрага, вусны ў вусны пацалунка, і ён, цалуючыся, скасіў вочы ў левы край стала, дзе толькі што на месцы Грачына бачыў ці то дырэктара антыкварнай крамы, ці то дырэктара цырка, і дзе цяпер ніякага дырэктара не было, а быў сакратар ЦК таварыш Грачын, які стаяў і разам з усімі пляскаў, - вось як і каму ўсё гэта расказаць?..