Выбрать главу

- Яны ў складзе дэлегацыі?

- Так. Рэкамендаваныя. І мы хацелі б, каб вы ахарактарызавалі гэтых таварышаў. Не толькі названых, - паклаў Рутневіч паперу на стол, - а ўсіх. Бо раптам нехта з іх закліча замагацца за нашу і вашу свабоду! Walczyć o twoją i naszą wolność!

Вось яно!

Віктар сам наліў сабе кілішак, выпіў…

Так было і ў першы раз. "Мы ж вас не ў сексоты вярбуем. Не даносы пісаць. Аналітычныя запіскі. Якія тэндэнцыі бачыце ў сучаснай культуры? Як ацэньваеце дзейнасць яе вядучых прадстаўнікоў?.. Што тут кепскага?.."

Яму ад бацькі, якога праз даносы ледзь не расстралялі, перадалася нянавісць да сексотаў. Гідлівасць да іх. Ні да каго не было ў ім большай нянавісці і гідлівасці.

Ганна казала, што гэта паталогія. Можа быць. Але ён уявіць не мог, як сядае за стол, бярэ чысты ліст паперы і піша не верш, не паэму, а данос. На чыстым лісце паперы.

- Я не пайду да вас сексотам.

Рутневіч паглядзеў на яго, нібы не разумеючы, пра што ён.

- Вас ніхто ў сексоты і не кліча. Вас клічуць, наколькі я зразумеў, ва ўладу. А ўлада - гэта і таварыш Суслаў, і таварыш Андропаў. І ЦК КПСС, і мы.

Віктар падняўся.

- Ці мы зменем тэму, ці я пайду.

- Сядзьце! - рэзка кінуў Рутневіч - і тут жа змяніў інтанацыю. - Хоць можаце і пайсці. Але я ў такім разе змушаны буду дакласці, што вы катэгарычна адмовіліся ад супрацоўніцтва. Па палітычных матывах.

З гэтым пайсці нельга было, хто ведае, якія ён матывы прыдумае? - і Віктар адсунуў крэсла, ступіў да Рутневіча.

- Па якіх палітычных матывах?.. Майго бацьку па даносе ледзь не расстралялі. Цудам жывы застаўся. Але ў іншых, у мільёнаў іншых цуда не сталася. У мільёнаў! А тыя, хто падвёў іх, абылганых, пад расстрэл, балявалі. Без ніякіх пакутаў сумлення, бо ў іх, сучараў, было апраўданне! Адно-адзінае: па палітычных матывах! А якія палітычныя матывы ў сукі? У мярзотніка? У кончанага стукача? - рызышоўся, выпіўшы, Віктар, і Рутневіч таксама падняўся, абхапіў яго за плечы: "Добра, добра, Віктар Паўлавіч, супакойцеся. Які ў вас аднак характар… - І дадаў ціха, як бы даверліва, спрабуючы пасадзіць Віктара на месца: - З такім характарам маглі і выступіць".

Нешта ўсё ж ён ведае. Тады тым больш нельга, каб дакладваў пра нейкія палітычныя матывы. Трэба сесці, супакоіцца.

- Выбачайце… Вы мяне, Алег Дзмітрыевіч, не зусім зразумелі. Танкевіч народны паэт. Брылец народны пісьменнік. Абодва аўтарытэтныя літаратары. Абодва старэйшыя за мяне, абодвух я паважаю… - і Рутневіч, не даўшы яму дагаварыць, тыцнуў у паперыну:

- Вось вы іх і ахарактарызавалі! І за што ці ім, ці некаму вас ненавідзець?

- Дык вам жа не гэта трэба!

- А што? Я хіба сказаў вам, што не гэта? Прапанаваў даносы пісаць? Гэта вы самі прыдумалі пра даносы. Вашага бацьку, які двойчы за вайну прайшоў праз штрафбат, па даносе ледзьве не расстралялі, а майго праз данос гэтак катавалі, што ён звар’цеў. Між іншым, капітанам НКВД быў, свае катавалі. А ён Сталіна любіў. Так, як не любяць Бога. І стукнула яму ў галаву, што ён Сталін. Кароў, авечак, ды любы статак гоняць з поля, а ён стаіць, парад прымае. Як мне гэта, малому, было? Ну, думаю, вырасту, я вам... І вось вырас. І разам з імі служу. Бо ўсё даўно іншае, Віктар Паўлавіч. Інакшае. І яшчэ, Віктар Паўлавіч, выбачайце за ўзнёслыя словы, Радзіма. Абавязак. Вось я з вамі пра што... І вы мне тут гонар паказваеце. Калі Польшча адыдзе на захад, нашы ворагі прыйдуць на ўсход. Да самых межаў Беларусі. Мы не можам гэтага дапусціць. І вы, дэлегацыя беларускіх дзеячаў культуры, можаце ў гэтым паспрыяць, дапамагчы. Вось вам што даручаюць як паэту, які...