Выбрать главу

"Позна... позна... позна... - ціха заплакала Спагада, якая, з’явіўшыся на пахаванне, ужо не пакідала Купалу. - І гэта праз мяне, праз мяне, бо я позна прыйшла да цябе, бедны мой, бедны, бедны..."

- Чуеце? - спытаў дырэктар. - Так бывае. Попел, калі астывае, плача. А вось тут попел ужо астылы, - павёў ён позіркам па сценах, у якія былі ўмураваныя шыльдачкі: "Большевик-чекист товарищ...", "Член ВКП(б), стойкий большевик...", "Один из старейших деятелей большевистской партии..."

Прозвішчы стойкіх бальшавікоў нічога Купалу не казалі. Апроч аднаго: "Усевалад Мяркулаў".

- Зарэзервавана, - сказаў дырэктар на здзіўлены позірк Купалы. - Яго расстраляюць і ў гэтым крэматорыі спаляць у снежні 1953-га. Разам з Берыем.

- А Берыя дзе? - спыніўся Купала каля шыльдачкі, на якой надпісу не было, але дырэктар крутнуў галавой: "Не. Таварыш Берыя не рэзерваваў. Не верыць. Зрэшты, як усе, пакуль мазгі не загарацца".

Крэматорый на Данской, куды прывезлі Купалу з Саюза пісьменнікаў, месціўся ў былым храме святых Серафіма Сароўскага і Ганны Кашынскай, збудаваным на колішніх гародах Данскога манастыра. Храм быў двухпавярховы. Верхні паверх, царкву Серафіма Сароўскага перарабілі ў рытуальную залу, а ў сутарэннях храма, у царкве Ганны Катынской паставілі на месцы алтара прывезеную з Нямеччыны крэмацыйную печ.

Выйшла тое, што трэба.

"У нас раз - і з пекла ў рай, - жартаваў дырэктар, прапаноўваючы Купалу паглядзець, як ён будзе згараць. - Зручна і хутка. Для мужчын вашай камплекцыі час у дарозе займае гадзіну і дзесяць хвілін. Жанчыны згараюць хутчэй. Хоць жывуць даўжэй. Вашы ўсе жывыя?.."

Так. Ягоныя ўсе жывыя. І Уладзя, і Паўліна, і жанчына з імем Спагада, і дама з Кацельніцкай з імем святой.

Вось што яго найбольш здзівіла. Ён меў столькі фантазій, але ўявіць не мог, што ў самым канцы шляху, там, дзе супадаюць жыццё і смерць, супадуць імёны святой і грэшніцы. Што ён згарыць, што яго спаляць у храме яе імя.

На іх апошняе спатканне яна прыйшла нервовая. З парогу кінула: "Хачу выпіць!" І калі выпілі, спытала: "Ты ведаеш святую Ганну, якую пры цару Аляксею Міхайлавічу кананізавалі?" Ён адказаў, што каталік, таму праваслаўных святых не ўсіх ведае, але гэтую - так, бо яна адзіная святая, якая падпала пад анафему за тое, што двума пальцамі хрысцілася, а пасля зноў была прызнаная святой. "Дык вось і я святая была, а цяпер пад анафему падпала, - сутаргава абняла яго Ганна. - І святой мяне зноў наўрад ці прызнаюць. Хоць двума пальцамі перахрышчуся, хоць трыма". Ён сказаў іранічна, падумаўшы пасля, што дарма так сказаў: "Можа, цар зміласцівіцца…" - і яна паднялася: "Толькі не гэты! Пайду я, нельга мне тут!"

Ён трымаў яе, яна рукі заломвала: "Ты разумееш, што гэта канец?.." Дайшло да істэрыкі: "Госпадзі! Якога д’ябла, на якое ліха ты прыпёрся? Клікалі цябе?.." І калі ён сказаў, што клікалі, істэрыку з яе як рукой зняло. Села, закурыла і спытала: "Хто?.."

Яны пазнаёміліся тры гады таму, калі яму ўручалі ордэн. Быў банкет, і на банкеце яна падышла да яго. Уся бліскучая, пад руку са старшынёй прэзідыума Вярхоўнага Савета Калініным: "Віншую!" Ён падумаў: "Што за краля такая, якая пад руку з усесаюзным старастам?.." - а яна, выпіўшы шампанскага, спытала: "Праводзіце мяне дахаты?.. "

"Гэтая актрыска шалёная, - шапнуў яму, калі выходзілі, Асееў, ягоны добры знаёмец, паэт, вершы якога ён любіў і перакладаў. - На яе спектаклі Сталін ходзіць, так што глядзіце…"

Што глядзець?..

Быў люты, было па-лютаўску зімна, і нават пытацца не трэба было, ці можна зайсці, каб сагрэцца. "Ты згарыш у маіх палымяных абдымках".

Ён спытаў: "Такія ў Малым тэатры прамаўляюць тэксты?.." - і яна сказала, што ў Вялікім таксама.

Раніцай папрасіла: "Напішы для мяне п’есу".

"Вось так, - ён падумаў. - Акторы на сваіх месцах. Усё, як заўсёды. Што ў Мінску, што ў Пецярбурзе, што ў Вільні, што ў Маскве…" Спытаў: "Каго б ты сыграць хацела?" - і яна не сказала, як іншыя найчасцей казалі: "Ну, не ведаю..." - і на пальцах невядома што паказвалі, а ўскочыла ў ложку: "Каханку Бога!.. - І ўпала на яго, да крыві цалуючы, проста ўгрызаючыся ў вусны. - Ці каханку д’ябла!"

Ён здзівіўся: "Табе ўсё адно?.."

- Або тваю каханку, - сказала яна, калі праводзіла. - Але напісаную так, каб усё гарэла… Я гатовая дзеля кахання жывой згарэць.

Малы тэатр.

- Вось, глядзіце: гэта паўднёвы морг, - наладзіў яму экскурсію па крэматорыі дырэктар. - Тут секцыйны пакой, але нам сюды не трэба, вас сказалі не рэзаць.

Чаму?.. Зрэшты, не важна, чаму. Добра, што не рэзаць сказалі. Ён помніў нежывое адчуванне нажа, калі ўзразаў жывот.

За дзвярыма морга чуўся голас. Нібы знаёмы.

- Адтуль голас чуваць…