Выбрать главу

У нумары гатэля чакала Ганна. Чамусьці, нібы яна ў жалобе, уся ў чорным. Прыклала палец да вуснаў, паказала на тэлефон. Ён зразумеў: жучок. Праслухоўка.

Выйшлі на вуліцу, на якой было ўжо цёмна, марозна. Самы той час і тое надвор’е, каб напіцца - абедзве пляшкі ён узяў з сабой. Ягоная капота, што ў Балгарыі купіў, была з такімі кішэнямі - на любую кампанію пітва ўлазіла. Адкаркаваў бутэльку, якую Бурсіна дала, глынуў. Не гарэлка… Але нешта моцнае. "Дай і мне, - папрасіла Ганна. - Спадзяюся, гэта не кальвадос з Рагожскага рынку?"

Выпіла: "Па смаку нагадвае…" - "Што?.." - "Тую атруту, якой частаваў нас дырэктар антыкварнай крамы. Толькі мацнейшая. Дзе ты яе ўзяў?.. - І не чакаючы адказу, сказала, стаўшы твар у твар на Краснай плошчы каля з’інелага Маўзалея. - Давай з’едзем адсюль, Віця. Нічога добрага тут ніколі не будзе. Толькі атрута".

Ён забраў у яе бутэльку, зрабіў яшчэ глыток. Так, нагадвае напой Вензеля, толькі мацнейшы… "Куды з’едзем? І як? Асабліва ты, дачка члена Палітбюро. Мой бацька неяк перажыве, а што з тваім будзе?" - "А майму ёсць што перажываць і без гэтага. Калі мяне ў Крэмль не пусцілі, я з грачынскім ахоўнікам, ён кеміць у такіх справах, дахаты з’ездзіла і на лецішча. Потым да цябе ў гатэль. Паўсюль "жучкі" праслухоўкі. Ахоўнік сказаў не здымаць, бо без толку. Паставяць новыя. Проста не трэба гаварыць дома пра такое, што гэбістам не трэба чуць. І яшчэ ахоўнік здзівіўся. Сказаў, што цэкоўскім ад часоў Сталіна "жучкоў" не ставяць. Увогуле за імі не сочаць. Таму дзіўна, што Грачына "зажучылі…" - І калі спусціліся да Аляксандраўскага саду, дзе цепліўся на марозе Вечны агонь, Ганна прысела, каб пагрэць рукі, і спытала: - Ты нічога мне сказаць не хочаш?.."

Ён хацеў ёй сказаць усё. Дзеля гэтага тэлефанаваў ва ўсе месцы, дзе яна магла быць, шукаў… Але як сказаць? І гледзячы на яе, ад холада сцятую, скурчаную каля агню, на якім грэла рукі, зразумеў, што ніяк. Тым больш цяпер, калі яна думае, што страчвае, ці ўжо нават страціла абаронцу-бацьку, і спадзяецца, мусіць спадзявацца, жанчыны не могуць не спадзявацца на гэта, што абаронцам стане ён. І калі гэты абаронца пачне распавядаць, як ён надзімаў шчокі, якія смелыя намеры меў, ідучы на з’езд, да якога быў прыстроены яе бацькам - і як здзьмуўся, пшыкнуў, калі ўбачыў, што бацькі яе на з’ездзе няма, як спалохаўся тым жа страхам, якім зараз напалоханая яна, дык што яна падумае пра яго?.. Што ён падставіць хацеў яе бацьку і, мусібыць, падставіў, - вось што яна пра яго падумае. І не паверыць, што нутро яму выкручвае сорам, што ён прызнаецца ёй у гэтым, бо яна адзіная, каму ён у гэтым можа прызнацца. Пазней, можа быць, паверыць, а цяпер - не.

І не сказаў ён тое, што хацеў. Ні Ганне, ні свету. Глынуў: "Госпадзі! Чаму мы ўсе, - так лягчэй было думаць: чаму мы ўсе? А не чаму я?.. - заўсёды кажам не тое, што хочам?" - нібы ў тым, што ён зрабіў… ці не: у тым, што не зрабіў, на што яго не хапіла, - Бог вінаваты.

- Да мяне сёння адзін таварыш падыходзіў, - сухім голасам, хоць і глынуў, прамовіў ён і ўбачыў, як Ганна напружылася. - Пасля выступу.

- Хто?

- Прадставіўся Рутневічам Алегам Дзмітрыевічам. Палкоўнікам КГБ. Ведаеш такога?

- Не. Я не ўсіх палкоўнікаў ведаю. І што ён хацеў?

- Угадай.

- Завербаваць.

- Чаму завербаваць?

- Бо што яму яшчэ хацець? Чаго падыходзіць?

Сапраўды.

- Так. Завербаваць.

- І ты не згадзіўся. Сказаў, што… - Яна паднялася - і агонь падняўся за яе далонямі, за ёй, але тут жа апаў. - Зрэшты, не важна, што ты прыдумаў, каб адмовіцца. Важна, што адмовіўся.

Ён злавіў сябе на тым, што яму прыемна было гэта пачуць. Прыемна было падумаць, што яна пра яго так думае.

- Чаму ты так думаеш?

- А як яшчэ мне думаць? Калі б ты згадзіўся, ты б не сказаў, што цябе вербавалі. Маўчаў бы як рыба аб лёд.

"Калі б згадзіўся, маўчаў бы…" Сказала так, быццам наскрозь яго бачыла. І гэта яго разанула. Моцна. Яна, пэўна, заўважыла, як яму забалела, і спытала: "Ці не?.. Які ў нашых адносінах узровень праўды?"

Які ўзровень?.. Крытычны. Бацька яму казаў, малому: "Усё, што не праўда, мана". Сказаць бы ёй зараз… Не пра тое, што хацеў… Пра тое ўжо не… Сказаць бы: "Ведаеш, чаму ты ўся сцялася, скурчылася? Не таму, што холадна. І не таму, што табе страшна за бацьку. Ты баішся, што забяруць кватэру на Малой Броннай, у якой зменіцца, а, можа, застанецца той самы нумар тэлефона, па якім будуць званіць, але ўжо не цябе запрашаць у 300-ю секцыю. І ўжо ніколі: "Я дачка Грачына!" - не пусцяць у Крэмль". Як вам такі ўзровень праўды, Ганна Васільеўна?.. Ці Ганна Іосіфаўна, Ганна Лаўрэнцьеўна, Ганна Іванаўна - як вас там?..