Выбрать главу

- З чаго ты ўзяла, што нешта я прапанаваць хацеў?..

Гэта быў кашмар. Ён абвальваў сябе ў сабе самім, як шахцёр-самагубца, які забраўся ў шахту і абвальвае на сябе пароду. Ён гінуў, а Ганна, не зважаючы на гэта, зусім не таямнічым, а самым звычайным спосабам паведамляла яму, што бачыла ў тэлевізары, як ён раптам узнерваваўся перад самым выступам, замітусіўся на сцэне, і падумала, што замітусілася нешта ў ягонай галаве, а што магло замітусіцца? "Не вершык жа, - падумала я. - Не восем радкоў, якія на магнітафон запісаныя. Вось і падумала, што ты вырашыў…"

Яна змоўкла, убачыўшы, як ён, закінуўшы галаву, п’е, нават не п’е, проста залівае ў сябе з бутэлькі "напой астролага", і пырскі ляцяць, бліскаючы іскрамі, зіхатліва пыхаючы, рознакалярова, як феерверк, згараючы, у Вечны агонь, на які ён раптам сеў, пустую пляшку адкінуўшы, у крамлёўскую сцяну шпурнуўшы: "Што вырашыў? Выявіць смеласць?!." - а яна схапіла яго за капоту, якая знізу задымілася, рванула за плечы так, што капота па шве затрашчала, падняла, адкуль столькі сілы ў ёй узялося: "Ты што?! Ашалеў? Бяжым!.." - і яны пабеглі, добра, што паставы якраз адышоў, можа быць, у прыбіральню, ці куды там адыходзяць паставыя, якія пастаўленыя каля Вечнага агню, каб ніхто не ўздумаў задніцай на яго сесці, затушыць ці закуску на ім засмажыць, добра, што ён закуску не купіў…

Віктар самым простым спосабам, азадкам уцяміў, пра што крычыць яму Ганна, за якой бег ён, азіраючыся: "Толькі б не дагналі!.." - бо за імі ўжо свісталі, тупалі, і што будзе, калі затрымаюць, арыштуюць, таксама можна было здагадацца нават азадкам - без ніякіх таемных спосабаў. Ён думаў, што Ганна паверне да Манежу, каб нырнуць за ім у які-небудзь двор, а яна пабегла туды, адкуль яны прыйшлі: на Красную плошчу. На плошчы таксама стаялі паставыя, адзін засвістаў, і Ганна кінулася наўпрост да ўваходу ў маўзалей, дзе два салдацікі ганаровай варты гэтак разгубіліся, што, хоць для экскурсій быў ужо не час, прапусцілі яе, і Віктар за ёй паспеў праскочыць, а тыя, хто іх даганяў, нерашуча спыніліся…

XXIII

Каля лесвіцы на другі паверх, да якой дырэктар крэматорыя правёў Купалу, іх чакала Спагада. Гайдалася на вянку паміж лесвіцай і пад’ёмнікам, на якім нядаўна спускаўся Купала ў труне.

- Цяпер "узнясецеся", - усміхнуўся дырэктар. - Можна і па лесвіцы, але лепш, думаю, на пад’ёмніку. Эфект большы. Вас Горкі збіраецца вітаць, будзе ўрачыста.

- Хто вітаць збіраецца?

- Максім Горкі. Яго ж таксама ў гэтым крэматорыі спалілі. Маякоўскі тут, Чкалаў, Кіраў. Слаўная кампанія. Дапамажыце труну вашу з пад’ёмніка ссунуць. Вось так. А што рабіць з вянком?.. Шкада такі паліць.

- І не трэба, - сказала Спагада. - Мы на ім дахаты паляцім.

- А-а-а… - працягнуў дырэктар, глянуўшы на Спагаду. - Жанчына, значыць. Як ва ўсіх.

Купала здзівіўся, бо звык, што жывыя Спагаду не заўважаюць, а Несцярэнка нібы дзеля таго, каб паказаць, што заўважыў, падаў Спагадзе руку, каб дапамагчы стаць на пад’ёмнік, але яна не прыняла ягонага жэсту.

- Дзякуй, я на вянку. - І спытала з’едліва. - А вы?.. Горкі вас таксама вітаць будзе?

"І гэтая з характарам…" - падумаў Купала, а па твары дырэктара нешта падобнае на канвульсію прабегла.

- Не. Я па лесвіцы. Дваццаць дзве прыступкі. Пятнаццаць - першы пралёт, сем - другі. Усяго - дваццаць дзве. Вось я й прайграў. - І паглядзеў на Купалу. - У нас абодвух перабор.

- Што? - не зразумела Спагада.

Дырэктар уздыхнуў.

- Нічога. Я не паэт, а палкоўнік, які зрэдку ў карты гуляе. Мяне Горкі вітаць не збіраецца. Тым больш, што ўсе лічаць, што мяне расстралялі правільна.

Ён сабраўся ўключыць пад’ёмнік, Купала спыніў яго:

- Дык вы... не жывы? Ажыўлены?

- Як і вы, - абыякава сказаў дырэктар. І ўбачыўшы, што Купалу стала ніякавата, дадаў. - У гэтай краіне даўно ўжо не разабрацца, хто жывы, хто мёртвы.

- Так, - згадзіўся Купала. - Даўно не разабрацца. А што значыць правільна расстралялі?

- Ну, некага расстралялі няправільна, а мяне - правільна. На тутэйшым сходзе гэтак пастанавілі, бо сам я многіх пастраляў. З Лубянкі іх прывозілі, і я тут. А пасля мяне. Год таму, у сорак першым. Не за расстрэлы, не. Проста ўспомнілі, што я былы палкоўнік. Былы, але белы. Быў эмігрантам. У Францыі выпадкова прыстроіўся да пахавальнай канторы. У крэматорый. Гадоў праз пяць ведаў пра крэмацыю ўсё. Жыў добра, толькі сумна. І раптам мяне чэкісты праз аднаго знаёмца знаходзяць, прапануюць вярнуцца. Маўляў, Маскве патрэбны крэматорый, а няма адмыслоўцаў. Праца цікавая, вось я й спакусіўся, - націснуў ён кнопку пад’ёмніка і паглядзеў на Спагаду, якая падымалася на вянку. - Ва ўсіх свае жанчыны, ва ўсіх свае спакусы.