- Так, здаецца, што гэта… што… - пачаў камендант Крамля, які, відаць, упершыню пачуў незнаёмае слова і не змог зразумець, што яму здаецца ці не здаецца, а Леніну нецікава было, зразумеў яго генерал ці не зразумеў.
- Здаецца, што нонсэнс! - перапыніў ён каменданта. - А вось, таварыш Шырокаў, і не! Бо партыя таксама паядае мяса і п’е кроў! І гэта на-ту-раль-на! Бо без крыві нічога не бывае. Вось што было б, калі б не пралілася кроў Хрыста? Адказ адзін: ні-чо-га! А пралілася - і калі ласка, хрысціянства. І што яно найперш пачало рабіць, куды рушыла? У крыжовыя паходы! Есці мяса і піць кроў!
Ленін сеў, задуменна глянуў на самога сябе ў саркафагу.
- Хрысціяне кажуць, што яно, хрысціянства, вучыць чалавецтва любові. А як яно можа навучыць любові, калі яно ўсё ў крыві? Ці кроў і ёсць любоў? Так, таварышы святыя?.. І таму ў гэтай манашкі, - кіўнуў ён у бок Ганны, якая сядзела ўся ў чорным, як манашка, каля труны ў ягонай мёртвай галаве, - крывавы каменьчык на медальёне любові?
Святая Ганна Кашынская здзіўлена паглядзела на Ганну Трубяцкую і папрасіла:
- Пакажы, калі ласка.
Расшпіліўшы ланцужок на шыі, Ганна зняла медальён. Віктар не бачыў яго з той ночы, у якую сталі яны блізкімі ў качагарцы, ды і зараз медальёна не відаць было пад апраткай, - як Ленін яго ўгледзеў? Ён і праўда сваім прыжмураным вокам бачыць усё наскрозь?
Не. Не ўсё і не наскрозь. Вось жа палічыў Ганну манашкай…
Ці ў яе лёс такі?
Ганна падняла вечка - і з медальёна, з каляровага партрэта на эмалі глянуў Купала.
- Я так і падумала, - паківала Ганна святая. - Так і падумала, надта ж вы падобныя… Маці твая часта бывала на магіле тваёй прабабкі, заходзіла ў нашу царкву. Распавядала, што яна літвінка, што род яе паходзіць ад унука вялікага князя Гедыміна. А я бачыла таго ўнука, калі ў Літве была. Мой муж, цвярскі князь Міхаіл Яраслававіч ваяваў з маскоўскім князем Юрыем Данілавічам і ездзіў у Літву прасіць дапамогі. Мяне ўзяў з сабой, каб свет паглядзела. Вось тады я першародзіча вашага і ўбачыла. І адразу закахалася ў яго. А ён - у мяне. І калі вялікі князь запрасіў майго мужа на паляванне, мы… - святая Ганна ўсміхнулася. - Не, нічога такога між намі не сталася, бо гэта грэх, ён жанаты, я замужам, але, каб нас ні ў чым не западозрылі, мы селі на коней і кінуліся даганяць паляўнічых. А там мясціна такая, лясы густыя ды пагоркі крутыя, і - не ведаю, як - у лясах між тых пагоркаў мы згубіліся. Я заблукала. У які бок ні рушу - усё не туды. Думала, не знайду дарогі, не выберуся. І раптам бачу хаціну. Дзіўную такую, пустую. Нічога ў ёй - толькі дзве лесвіцы, адна з якіх уніз, а другая ўверх вядзе. Гэткая высокая, што канца ёй не відаць. І канца той, якая ўніз, не відаць таксама. У хаце ні столі, ні падлогі, невядома, як і на чым лесвіцы трымаюцца. Проста вісяць паміж небам і зямлёй. Я прысела на парог, да вушака прыхінулася і, стаміўшыся, прыснула. І тут нехта будзіць мяне, нечы голас пытае: "Цябе ўверх павесці ці ўніз?" Я адказваю: "Правядзі мяне да дарогі". А ён: "Гэта і ёсць дарога". У сне я не ўцяміла, пра што ён, а калі прачнулася, зразумела. Няма ў чалавека дарогі ані ў якія бакі - толькі ўніз ці ўверх. Ці ўверх да святла, да Бога, ці ўніз да д’ябла ў цемру. Так, Серафім?
Мусібыць, гэтая тэма была ў іх дыскусійнай, бо святы Серафім буркнуў: "Яно так і не так, бывае ўсяляк", - а святая Ганна сказала, як пастанавіла: "Толькі так".
І далей казала.
- У тым сне я высока паднялася. Ажно да аблокаў. Лесвіца хістаецца, з кожнай прыступкай стаяць на ёй усё цяжэй. Адчуваю, што вось-вось сарвуся, не ўтрымаюся, і раптам хтосьці мне зверху, дзе няма нікога, апроч Бога, руку падае. Хто гэта, я не бачу, ён у воблаку, а ў руцэ ягонай нешта, як зорка, бліскае. Я ўзяла тую зорку, яна прыпякла мне скуру, таму я прачнулася і ўбачыла, што ў руцэ маёй не зорка. Залаты медальён з такім чырвоным, нібы распаленым, рубінам. Гэты самы, які зараз у тваёй руцэ, Ганна. У яго доўгая гісторыя была да таго, як трапіў ён да тваёй маці, а яна праз мяне перадала яго свайму каханаму. А пасля медальён да яе вярнуўся - вось якімі кругамі ходзіць любоў. І ў вас ён быў, - зірнула святая Ганна на Леніна. - Я ведаю, ведаю… Толькі шчасця не прынёс, бо для шчасця вашага быў ён украдзены.
Ленін пад яе позіркам спахмурнеў, а святая Ганна памаўчала і дагаварыла.
- Там, у Вавуках, а мясціна, дзе хаціна стаяла, блізка ад Крэва была і Вавукамі называлася, мне адкрылася тое, з чым я далей жыла. З любоўю, у якой няма граху, бо граху ў любові не можа быць. Ён можа быць у чым заўгодна, але не ў ёй. І мне адкрылася маё прадвызначэнне: узыходзіць да любові і любові служыць. А калі я выйшла з той хаціны, у якой былі лесвіцы ў неба і пад зямлю, да мяне падбеглі два ваўкі, белы і чорны, і правялі да дарогі. Я пайшла па ёй і, каб служэнне чыстым было, прыняла пострыг. Спачатку пад імем Соф’я, а пасля, у схіме, зноў стала Ганнай. Прайшоўшы круг жыцця, вярнулася да сябе. - І яна, яшчэ раз усміхнуўшыся, перахрысціла Ганну. - І ты вернешся.