Выбрать главу

Ганна нарэшце "выкапалася" з падлогі, паздароўкалася: "Добры вечар, Леанід Ільіч", - і той падняўся: "Ідзі, Ганечка, я цябе пацалую… Даўно… даўно не бачыў… Прыгажуня ты якая, уся ў маці… Касманаўт твой з космасу прывітанне мне перадаваў… З ім, Галя сказала, у цябе ўсё? Цяпер за паэта выходзіш?.. Правільна, што не за мянта, як Галя…"

Грачын адкаркаваў "Маскоўскую", наліў сабе, Брэжневу: "Давай, Лёня, скончым сённяшні дзень. Надта цяжкі ён, каб доўжыць…" - і Брэжнеў, разоў пяць цмокнуўшы і нарэшце адпусціўшы з абдымкаў Ганну, узяў шклянку.

- А як, Вася, скончым? Як і пачалі?.. Як і не было нічога?.. Ведаеш, - паглядзеў ён на Ганну, якая вусны абцірала, і Брэжнеў зрабіў выгляд, нібы не заўважыў, як яна вусны абцірае, - што мне твой бацька сказаў?.. Лепшае, што можа быць, гэта тое, што было. Філосаф.

Грачын чокнуўся з ім.

- Ды кінь! Абгаварылі мы ўсё з табой. Двойчы. Усё, што чалавек робіць да смерці, ён робіць правільна. Пасля смерці ўжо не. Будзь!

Брэжнеў не спяшаў выпіваць. І наўрад ці таму, што быў захмялелы болей за Грачына. Відаць было, што нешта прыгнятала яго, і ён не ведаў, што з гэтым рабіць. Таму спрабаваў піць пад селядзец і філасофію.

- А Берыя казаў, што пасля смерці.

Грачын выпіў адзін. Спытаў, папярхнуўшыся:

- Што пасля смерці?..

- Чалавек правільна ўсё робіць… Неяк мы размаўлялі пра чалавечую дасканаласць: на якой ступені яна спыняецца?.. Я сказаў, каб не прагаварыцца, ён у любой размове пасткі ставіў: "Бывае так, што і не спыняецца, як у таварыша Сталіна, які для мяне ўзор дасканаласці", - дык Берыя тады: "А ведаеш, які чалавек найдасканалы, абсалютна дасканалы?.." Я не прыдумаў, каго, апроч Сталіна, можна пры Берыі найдасканалым назваць, а ён сказаў: "Мёртвы. Мёртвы чалавек - абсалютная дасканаласць". Потым, калі мы яго арыштоўвалі і я вёў яго з Крамля, ён спыніўся ў дзвярах: "Імкнешся да найдасканаласці, Лёня?.. Дык вершы пісаў бы…"

Так і не выпіўшы, Брэжнеў сеў.

- Дарэчы, Вася, ты вершы ў маладосці пісаў? Мусіць, не. Нейкі ты для вершаў сухаваты. А я пісаў. Толькі ніхто пра тое не ведаў і не ведае.

- Чаму ніхто? - падумаўшы, што калі ён не хоча, як у кабінеце Суслава, прастаяць усю размову нямком, дык самы час падаць голас, знайшоў, што сказаць, Віктар. - Вы ж друкаваліся. Я чытаў. Нават пераклаў.

Брэжнеў не зразумеў.

- Што пераклаў?

- Верш ваш адзін…

- Куды?

- Па-беларуску пераклаў. На беларускую мову.

- А нашто? Навошта мяне на беларускую мову?.. Гэта Сталін з Берыем любілі ў такія гульні гуляць. У нацыянальныя. Бо грузіны. А я не люблю. "Па нацыянальнасці я савецкі", як Ружэвіч напісаў. Гэта ён пра сябе, але і пра мяне. Вось так вершы пісаць трэба. Каб пра ўсіх. І каб правільна. А ты неяк не ў той бок… Васіль Дзям’янавіч, калі распавядаў, з кім Ганя цяпер, сказаў, што ты нават ад кнігі рускай адмовіўся. Таму і кажу, што не ў той бок. Рухаюцца ўсе, калі нечага дасягнуць хочуць, ад меншага да большага. У гэтым логіка. А ты ад большага да меншага. У гэтым логікі няма. Паэт… ды хоць не паэт, хто заўгодна… мастак, сакратар ЦК - гэта не толькі тое, што ён мае… талент, здольнасць кіраваць, але і тое, што і каго ён прадстаўляе. Вось я, калі вершы пісаў, быў землямерам. Дык што: усю зямлю прадстаўляў? Ды я нават вёскі той не прадстаўляў, у якой мераў зямлю. Між іншым, у вас, пад Оршай. Пасля ў Дняпроўску, дзе быў інжынерам, я ўжо прадстаўляў завод. У Днепрадзяржынску, калі працаваў у гарвыканкаме, горад. У Запарожжы, куды прызначылі сакратаром абкама, вобласць. Потым, стаўшы сакратаром ЦК, прадстаўляў рэспублікі. Спачатку ў Кішынёве - меншую, потым у Алма-Аце - большую. А цяпер - СССР! І табе я, бо Васіль Дзям’янавіч папрасіў, прапаную прадстаўляць СССР А ты куды? Назад у Беларусь? Пад Оршу?.. Інструктарам у ЦК камсамола не пайшоў - землямерам у вёску пойдзеш? З медалём за вызваленне Балгарыі ад ярма Асманскай імперыі… Дзе, дарэчы, медаль? Чаму не носіш? Мяне ўзнагародзілі - я нашу. Бо паважаю ўзнагароду, паважаю Балгарыю…

- І Асманскую імперыю? - не стрывала, каб не спытаць, Ганна, і Брэжнеў, увешаны ўзнагародамі, як калядная яліна цацкамі, ці не зразумеў, ці не захацеў зразумець гумару, прамаўчаў, а Грачын зірнуў і на Ганну, і на Віктара касавата:

- Вам усё жарцікі… Ён, Леанід Ільіч, намеснікам загадчыка аддзела не пайшоў, а яна…

- Кім?.. - перапыніў Брэжнеў? - Вось гэта, Вася, ты дарма. Растуць ад меншага, а не ад сярэдзіны. Бо калі не будзеш ведаць, што і як там, на меншым, на большым не ўтрымаешся. - І нечакана ўзяў шклянку, адпіў палову. - Мне ўжо штаны баляць - так насядзеўся на гэтым большым.