- Сакрэтная, Зінаіда Рыгораўна. Якая яшчэ ў такіх справах камісія можа быць? Старшыню яе расстралялі, але рашэнне не адмянілі.
- А пра гэтыя кнігі, - пагартала Ганна "Любоў да жыцця", - таксама камісія пастанавіла?
- Не. Жонка. Таварыш Крупская. Мінулай зімой яе сюды прывозілі, і яна сказала, якія кнігі чытаў Ленін апошнімі. Дырэктару музея гэта не спадабалася, але, паколькі старшыню камісіі расстралялі, настойваць на сваім дырэктар не стаў.
Лізавета казала неяк так, што не зразумець было, як яна лічыць: правильна расстралялі старшыню камісіі, ці ўсё ж можна было інакш яго пакараць?..
- У гэтым пакоі малельня была, - уздыхнула Зінаіда Рыгораўна. - Абразы віселі. Старадаўнія. Вось тут - святы Пётр са святым Паўлам. А цяпер… - падышла яна да фотаздымка ў раме. - Што гэта, Лізавета?
- Фота таварыша Леніна з таварышам Сталіным. Тут, у Горках. На лаўцы за флігелем. Таварыш Крупская прывезла.
На твары Зінаіды Рыгораўны адбілася ўсё, што яна падумала, убачыўшы на месцы святых Пятра і Паўла Леніна са Сталіным.
- Дык няхай бы Крупская і вісела. Жонка ўсё ж. Навошта Сталін над ложкам Леніна? - сказала яна, відавочна стрымліваючыся, каб не сказаць усё, пра што падумала, і зноў скрушна ўздыхнула. - Дзіўна, што ён выбраў менавіта гэты пакой, каб памерці. Ён атэіст, я стараверка… Дзіўна.
- Ён не ведаў, - пад руку ўзяла Зінаіду Рыгораўну, выводзячы яе з пакоя, Лізавета, а Купала сказаў: "Ніхто не памірае атэістам", - і Зінаіда Рыгораўна перахрысцілася на яго: "Так. Але адны проста паміраюць, іншыя - на крыжы".
Некалі гэтаксама перахрысцілася на яго княгіня Магдалена Радзівіл, якая ўспомнілася Купалу, калі ўдава Марозава без аніякай ніякаватасці сказала, што купіла сабе блакітную кроў, за генерала Рэйнбата пайшоўшы. "Як розніцца ўсё ж купленая кроў з той, якая ад продкаў дасталася, - думаў ён, гледзячы, як Зінаіда Рыгораўна пасёрбвае гарбату са сподка. - Гэтак талент, дадзены Богам, розніцца з умельствам, здабытым прафесіяй. Хаця вунь Аляксей Талстой, па чутках, ніякі не граф, сын гувернёра, а выглядае графам. А Дзям’ян Бедны, пра якога кажуць, што ён пазашлюбны сын вялікага князя Канстанціна, князем не выглядае. Толькі Дзям’янам Бедным".
Ён успомніў, як Бедны ў Крамлі, дзе ў яго кватэра была, хваліўся перад ім перапіскай са Сталіным. Моцна выпіў, кінуў на стол лісты: маўляў, глядзі, колькі… І раптам пачаў жаліцца: "Мяне з Крамля высяляюць, а Сталін… Мой вагон у мяне забіраюць, а ён… З ЦК выводзяць, а ён… Я столькі напісаў, столькі зрабіў… Мы сябры з табой, дык вось слухай, што ён пасля ўсяго піша… "Десятки раз хвалил Вас ЦК, когда надо было хвалить. Десятки раз ограждал Вас ЦК от нападок отдельных групп и товарищей из нашей партии. Десятки поэтов и писателей одергивал ЦК, когда они допускали отдельные ошибки. Вы все это считали нормальным и понятным. А вот когда ЦК оказался вынужденным подвергнуть критике Ваши ошибки, Вы вдруг зафыркали. И Вы хотите после этого, чтобы ЦК молчал! За кого Вы принимаете наш ЦК?.. Как Вы наивны и до чего Вы мало знаете большевиков!""
- Мы іх насамрэч мала ведаем, - зашаптаў Бедны, азіраючыся па кутах, на вуха Купалу. - Ім колькі ні зрабі, што ні напішы… Так што ты глядзі, - азіраўся ён па кутах, - ты глядзі… Асцерагайся…
- Асцярожна ідзіце, сцямнела ўжо, - абнялася з Ганнай, развітваючыся, Лізавета, а Зінаіда Рыгораўна ўзяла Ганну пад руку: "Не ідзі нікуды. Я з табой пабыць хачу. Такое адчуванне, быццам больш не давядзецца".
Вярнуліся ў гасцёўню.
- Выгляд у вас, Іван Дамінікавіч, як у Маякоўскага, калі ён паэму пра Леніна пісаў, - нечакана сказала Зінаіда Рыгораўна. - У вас, дарэчы, ёсць пра яго паэма?
Пытанне было як пытанне, тым больш у музеі Леніна, але праз інтанацыю, з якой было яно зададзенае, Купала адчуў сябе няёмка.
- Не. Чаму вы спыталі?
- Ды так. Ва ўсіх ёсць - вось і спытала, - тым жа, сярэднім паміж іранічным і здзеклівым голасам прагаварыла Зінаіда Рыгораўна, а Ганна, убачыўшы, што Купалу няёмка, абняла колішнюю гаспадыню дома: "А які ў Маякоўскага выгляд быў, калі ён пра Леніна пісаў, Зінаіда Рыгораўна?" - і тая сказала: "Не бачыла".
Лізавета засмяялася. Смех Лізаветы быў лепшы за яе.
Па вокнах закрапала, Ганна зноў зазбіралася: "Пайшлі мы, пакуль залева не пачалася, іншым разам пасядзім…"
Лізавета ўстала, каб праводзіць, дала парасон, а Зінаіда Рыгораўна зноў не пусціла: "Куды ў дождж ды на ноч гледзячы?.." Змусіла Лізавету накрыць стол, і яны сядзелі да поўначы, папіваючы гарбату і слухаючы Зінаіду Рыгораўну, якая хоць і не бачыла, як выглядаў Маякоўскі, калі пісаў паэму пра Леніна, але бачыла шмат чаго іншага, і якая пад канец сваіх расповедаў сказала: "Вось даў Бог багацце, а шчасце - не. Ні мне, ні Саву, ні дзецям. І я спытаць хачу Госпада: чаму?.. Адчуваю, што хутка ўжо спытаю, таму і прыехала. Дзякуй табе, Ганна, што ўгаварыла Лізавету паклікаць. Я ведаю, што гэта ты ўгаварыла, вось табе, мая дарагая, на памяць..." - і яна падала Ганне залаты медальёнчык, на якім кропелькай крыві чырванеў маленькі рубін.