Выбрать главу

"Отречемся от старого мира! Отряхнем его прах с наших ног!.." - раптам заспяваў, адкаркоўваючы другую бутэльку, - як ягоны страўнік столькі воцату вытрымлівае? - Лугунец. - Ты на сябе ягоную ролю прымяраеш? Ягоны касцюм? На храна, калі на табе вунь які?! Калі не патрэбны - давай памяняемся. Я табе Купалу з усім тым, што я пра яго ведаю, што яшчэ не надрукаваў, а ты мне - касцюм. І Грачына з дачкой. Чаму яна табе дасталася, дзе логіка?.. Столькі лаўцоў на гэтую залатую рыбку ў Маскве, дзе я тры гады ў аспірантуры прашвэндаўся, дзе процьма народу, а прыязджае нейкі вершаплёт… выбачай, ты паэт, паэт… нават без вуды - дзе логіка?.. Навошта табе ў ЦК камсамола Купала?..

Пра ЦК камсамола ён спытаў, мусіць, прагаварыўшыся, бо скуль ведае? І таму, стукнуўшы горлачкам бутэлькі аб зубы, змоўк. Але не надоўга.

- Такія чуткі, Віця. Масква чуткамі поўніцца. Я буду толькі рады, калі ты станеш на такі трамплін. У мяне таксама, між іншым, ёсць магчымасць…

Цяпер ён прымоўк, чакаючы, што Віктар спытае: якая? Не пачуў пытання - і вярнуўся да Купалы.

- Мне прапанавалі артыкул у энцыклапедычны даведнік напісаць. Ведаеш, што купалаўскі даведнік выдаваць збіраюцца? Дык калі адкінуць тое, пра што я ўжо сказаў, што не мае логікі, забойства і самагубства, застаецца трагічны выпадак. Пра яго і збіраюся напісаць. Напіўся і зваліўся. Гэтак банальна. Але калі…

Лугунец зноў змоўк. Зразумела было, што ён хоча нешта прапанаваць. Чакае, калі Віктар спытае: што?.. І Віктар, пра купалаўскі энцыклапедычны даведнік упершыню пачуўшы, спытаў:

- Што "але калі?.."

- А тое, што ў Інстытуце літаратуры… не ў нашым, тутэйшым, а ў Маскве вымалёўваецца вакансія намесніка дырэктара. І калі б ты пагаварыў з Грачыным… што для яго такая пасада?.. тое самае, што дырэктару жылканторы прызначыць дворніка… тады, Віця, я прыняў бы тваю версію. Напісаў бы, што такая ёсць, што яна доказная - і яна твая.

Наўрад ці забыўшыся, што між імі было, Глеб на ўсялякі выпадак пасунуўся бліжэй да дзвярэй, але паколькі Віктар, успомніўшы Посуха: "Калі б ты закінуў за мяне слова Грачыну…" - не кінуўся біцца, нават не стаў лаяцца, Крыванос, які дапіў віно, зрабіў выгляд, што пасунуўся, каб пайсці да правадніка па гарбату.

- Давай мы хоць гарбаты з табой вып’ем. Зрэшты, - падаўся ён назад, - праваднік прынясе… І гэта, Віця, яшчэ не ўсё. Калі я займею пасаду намесніка дырэктара Інстытута літаратуры, а пасля, можа быць, і дырэктара, ты займееш не менш. Я з цябе раздзьму такога беларускага савецкага паэта, што твае партрэты ў залатых рамах вісець будуць! І табе дзеля гэтага нічога рабіць не давядзецца. Ні-ча-гу-сень-кі! Таго, што напісаў, хопіць. Кайфуй, Віця! Вунь Купала колькі панапісваў, а што ведаюць? Хто там ідзе ў чарадзе? І то не да канца. Не ведаюць, ці дойдзе… Нобелеўскую прэмію не абяцаю, гэта прэмія варожая, не ў нашых сілах, але ўсе нашы… Ленінскую, дзяржаўную… Калі хочаш, магу даць распіску. - І не разумеючы, чаму Віктар, рассунуўшы фіранкі на вакне, нічога яму не кажа, не адказвае, глядзіць у ноч, у якой не відаць нічога, яшчэ раз паспрабаваў пажартаваць. - Хоць крывёй, якую ты некалі мне пусціў.

Праваднік пастукаў у дзверы, адчыніў: "Чай будзеце?" - "Нясіце". - "З цукрам?" - "З цукрам". - "Два?" - "Два". - "Што-небудзь да чаю?" - "Не". - "Тады ўсё?" - "Усё". - "А гэта…" - "Што гэта?.." - "Гэта вы выступалі? З Брэжневым цалаваліся?.."

Во каму зубы выбіць!.. Але Віктар і на гэты раз стрымаўся. Бо трэба прывыкаць. Бо пераведзеныя стрэлкі дарогі жыцця. Бо далей так і будзе: з Крываносам размаўляць і з Брэжневым цалавацца.