Выбрать главу

Проста пагаварыць… У першага сакратара ЦК з раніцы ніякіх іншых спраў.

"Пра што пагаварыць? Каб я ведаў, каб падрыхтаваўся". - "Не трэба вам рыхтавацца. Вы ўсё і так ведаеце". - "Што я і так ведаю?" - "Пра сябе. Пра вашы творчыя планы. Можа, ёсць праблемы нейкія…"

Праблемы нейкія былі.

Вось, за што ён Крываносу яйцы абварыў?

Толькі за Купалу?..

"Добра, а 8-й".

"Дзякуй, чакаем".

"А пропуск?"

"Вас сустрэнуць. Прыйдзіце хвілін за пятнаццаць".

Хвілін за пятнаццаць… Хвілін пятнаццаць прастаяў ён на сцэне Палаца з’ездаў - і колькі цяпер яны будуць цягнуцца? Праз усё жыццё?..

Крыванос праўду сказаў. Тое сказаў, што ўсе думаюць, і што ён сам ведае. Вось, за што ён яйцы яму абварыў. Ва ўсякім разе адно. А ўжо другое за Купалу.

Але хто - усе? Хто яны, усе, якія думаюць так, як казаў Крыванос?

Крываносы.

Тады чаму ты пераконваеш сябе, даводзіш сабе, што з імі згодны?

Гэта рэфлексіі. Слабасць. Не можа быць згоды з крываносамі, якія і заб’юць, і ўкрадуць, і жонку бліжняга свайго згвалцяць, а цябе будуць па-пікаць тым, што з некім пацалаваўся…

Ды хоць з д’яблам!

"Ну ды што ж… - спусціўся ён, узяўшы ключ, на першы паверх да паштовай скрыні, якая была забітая гэтак шчыльна, што ў яе ўжо нічога не магло ўлезці. - Ці мала што людзі кажуць. Глянем, што людзі пішуць".

Забраў пошту, падняўся, пачаў перабіраць. Пісьмы, паштоўкі, тэлеграмы. Столькі пісем з тэлеграмамі ні на адно свята яму не дасылалі.

Тэлеграмы ўсе віншавальныя. Такія, нібы ён у космас замест Рыленкі злятаў. І з большага ад людзей незнаёмых. Як і лісты. "Шаноўны Віктар Паўлавіч! Мы, выкладчыкі і студэнты тэхнікума, у якім вы…" - "Мы, улюбёныя ў вашы вершы і песні работніцы камвольнага камбіната…"

Улюбёныя работніцы камвольнага камбіната…

Рэня Варанец з прафкама камвольнага камбіната, якая за культурны сектар адказвае і якой ён грошы на культуру дапамагае спісваць, у яго ўлюбёная. Бо калі прафкам не патраціць усе грошы, якія ў гэтым годзе яму планава пералічылі, дык у наступным годзе зменяць план і меней дадуць. На столькі, колькі не патрачана. Таму Рэня штомесяц тэлефанавала: "Прыедзь. Вазьмі з сабой брыгаду. Толькі не забудзь: такіх, у каго дыхавіца, не бяры ў наш пыл".

Ён збіраў "брыгаду" - двух-трох паэтаў. Такіх, у каго дыхавіца, не браў, бо адным разам паэтку з дыхавіцай "хуткая дапамога" з камбіната забрала. Брыгаду прыводзілі ў цэх, і паэты чыталі вершы. Маглі і не чытаць, бо ў пыле і шуме ніхто іх не чуў, а пуцёўкі бюро прапаганды савецкай літаратуры, якія аплочваў прафкам па 25 рублёў, Рэня Варанец ужо адзначыла прафкамаўскай пячаткай.

Во сістэма… Чым болей грошай на вецер кідаеш, тым болей іх маеш. Ідыятызм. А Брэжнеў кажа: "Эканоміка павінна быць эканомнай". Дык з чаго ён узяў, што Брэжнеў не ідыёт? Мудрая чарапаха.

З набліжэння да ўлады - вось з чаго. З набліжэння да ўлады.

Ён колькі разоў заўважаў па сабе, па іншых: на аддаленасці ад улады з яе будуць кпіць, расказваць на кухнях анекдоты, а як толькі ўлада руку падасць - будуць цалаваць.

Круча называе гэта "священным трепетом".

У Кручу таксама работніцы камбіната ўлюбёныя. Не аднаго камвольнага. Так што ўсё яму знаёма.

І вось гэта таксама…

У канверце без маркі быў ліст без подпісаў: "Маргер! Ты больш не паэт! Ты прыдворны блазен! Пацалуйшчык старога пердуна! Сапраўдныя Паэты".

Якія паэты, невядома. Але не прыдворныя блазны. Не пацалуйшчыкі старога пердуна. Сапраўдныя нейкія. З вялікай літары.

Колькі яму ананімак за жыццё даслалі?.. У паштовую скрыню ўсе не ўлезлі б.

Сярод усяго - некалькі запрашэнняў. Адно на сёння. З Дома літаратара. У Маскве свой Дом літаратара, большы, у Мінску свой, меншы. Ад большага да меншага… "Запрашаем вас на вечарыну да 100-годдзя Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы".

Сто гадоў яму. Амаль сто. І амаль 40 гадоў яго няма.

Каб не забілі, мог бы жыць. Язэпу Быльняку з ягонага мястэчка сто ча-тыры. Праўда, толку з таго, што яму сто чатыры, ніякага. Не ўсведамляе ўжо Язэп Быльняк свайго жыцця. Але жыве.

А хто ўсведамляе? Шмат у ягоным мястэчку тых, хто ўсведамляе? Шмат іх у Мінску, у Маскве? У свеце?..

Напрыканцы вучобы ў тэхнікуме, з якога ліст віншавальны прыйшоў, ён быў на практыцы. На ваенным заводзе, дзе стаяла сакрэтная па тым часе ЭВМ. Наймагутная ў СССР электронна-вылічальная машына "Мінск".

І кіраўнік ягонай практыкі, Марат Цапман, інжынер, які ў 25 гадоў, бо надта спяшаўся жыць, стаў доктарам навук, прапанаваў яму напісаць дыпломную працу па ўдасканальванні гэтай, цяпер ужо пячорнай, ЭВМ. "Да такога ўзроўню, каб яна магла пралічыць верагоднасць нашага з табой з’яўлення ў Божым свеце. А пачні з верагоднасці нашага знікнення".