Выбрать главу

— Вас можна?

Шаснаццаць гадоў пражыў Іван на сьвеце, а на белы танец яго запрашалі ўпершыню. Ды што там танец... ён і сам да дзяўчат бліжэй як на тры мэтры не падыходзіў, а тут адразу такое... Таму і зьмяніўся Іван з твару, і язык ягоны прысох да паднябеньня, і ня здолеў Іван паведаміць прыгажуні, што ён не танцуе.

— Вас можна? — паўтарыла дзяўчына, і нехта, відаць, Васька Бохан, штурхнуў яго ў сьпіну. Ён прайшоў на ватных нагах на сярэдзіну залі, стаў там як укапаны, і Маша паклала яму на плечы свае танклявыя рукі.

«Анжела, ты одна, одна на свете, Анжела, в добрый час тебя я встретил...»

Трэба было варушыцца, пераступаць з нагі на нагу, хаця б дзеля таго, каб прыхаваць праклятыя дрыжыкі. Падпарадкоўваючыся Машыным рухам, ён зрабіў крок, наступіў дзяўчыне на туфлік і, спалохана падскочыўшы, ударыў партнэрку нагой ў шчыкалатку. Маша войкнула, адступіла на мэтар, але рук з Іванавых плячэй не зьняла. Разам з апошнімі ўсхліпамі Абадзінскага спакутаваны Іван крутнуўся на абцасах і замест таго, каб правесьці дзяўчыну да месца ці хаця б кіўнуць галавой, неакрэсьлена крэкнуў і выйшаў на падворак.

На падворку было халодна і месячна. Мяккае сьвятло маладзіка высьвечвала кусты ля гатаўскай дарогі, бункер траянаўскага камбайна і нечую пахілую постаць — ці не самога Траяна, — якая краталася між кустоў, то ўзьнікаючы, то зьнікаючы зь відавоку.

Няўдалы танцор сядзеў на ўсходах ля дзьвярэй кінабудкі і, пацепваючыся ад холаду, прыслухоўваўся да галасоў, што даляталі з клюбу. У клюбе між тым скакалі «шэйковіча». Музыкі не было чуваць: адно зумкалі шыбы ды здрыганаліся ад тупату дашчатыя сьцены.

— Ну чаму, чаму я такі? — шаптаў начны летуценьнік, раз—пораз шморгаючы азяблым носам.

У носе сьвярбела. Іван доўга зьбіраўся зь сіламі, каб чхнуць, а калі сабраўся і ўжо затрос галавой, з адчыненых дзьвярэй клюбу вырваўся вясёлы віскат Люські Халімонавай.

— Адчапіся, нам дахаты трэба!

Чхаць не выпадала — трэба было хавацца, і начны летуценьнік, пацёршы далоньню пераносьсе, пабег на нягнуткіх нагах у бліжэйшыя кусты.

Зарагатаў і аціх Васька Бохан, крыкнуў штосьці няўцямнае Юрка Гуль, і па цэмэнтавым ганку дробна застукалі дзявочыя туфлікі.

— Слухай, а хто ён такі? — запыталася Маша, калі яны зь Люськай падышлі да матацыкла.

— Хто, Васька?

— Ды не... Ну той, дзіўны такі...

— А—а! Дэсантнік! — Люська азірнулася, падбегла да кустоў, за якімі хаваўся начны летуценьнік, і, прысеўшы на кукішкі, прамовіла: — У яго ня ўсе дома. Чокнуўся, як зь вежы падаў.

У цемры мільганула дзявочае сьцягно, ірванулася да каленяў палоска белых майтак, і ў Івана, які аглядаў усё гэта, на момант спынілася сэрца. Ён і ня сьцяміў адразу — пра якога гэта дэсантніка вядзе гаворку Люська Халімонава, а калі сьцяміў і абурана глынуў паветра, у носе ягоным зноў засьвярбела, і ён аглушальна чхнуў. Люська войкнула, пабегла ўпрысядкі да матацыкла, на хаду нацягваючы майткі, а Іван, страсянуўшы галавой, чхнуў ёй усьлед чатыры разы запар.

Дахаты ён ішоў, сьціскаючы кулакі і ўголас лаючы Люську Халімонаву.

«Нічога, яшчэ пашкадуе, — супакойваў сябе Іван. Апанаваны ўласнымі фантазіямі, ён уявіў, як роспачна будзе плакаць Люська Халімонава, і нечакана ступіў нагой у каровіну «аладку». Фантазіі выпетрыліся з галавы, і Іван, выціраючы чаравік аб траву, з рашучасьцю, на якую толькі быў здольны, вырашыў не хадзіць болей на танцы.

Ноччу яму добра спалася. Ён праспаў да абеду і абудзіўся, як і мінулым днём, ад бразгату вёдраў на доле.

— Слухай, тут жа ў Азярышча Карзо прыяжджаў, — прамаўляла, гучна бразгаючы вёдрамі, суседка Міронаўна, — дык і гэтая папёрлася... Людзі казалі — лезла нейкую кніжку падпісваць, а той на яе і не зірнуў нават.

— А на каго там глядзець? — падтрымала Міронаўну маці. — Пыса як у той рапухі... і куды ўжо лезеш?

Мандрычыха, а гэта яе абгаворвалі жанчыны, пад час вайны была ў партызанскім атрадзе — мыла там бялізну ды з камандзерам спала. І вось за гэтыя подзьвігі Карзо яе па вайне ў райкам уладкаваў, у аддзел прапаганды і агітацыі. Ад тых часін жанкі яе і зьненавідзелі, і абгаворвалі пры кожным зручным выпадку.

Паслухаўшы плёткі, Іван занурыў галаву ў падушку, мерачыся паспаць яшчэ якую гадзіну, але тоўшчу падушкі прарэзаў жаночы лямант: