Выбрать главу

Ачуўшыся ад одуму, Іван разгарнуў раёнку, зірнуў на зводку ўборкі лубіну, і лічба «0,1%», а менавіта столькі лубіну скасілі ў калгасе «Шлях камунізму», прывідна заскакала ўваччу.

... Цётка сядзела ў пограбе і звонку быў бачны ейны шырокі азадак. Іван прайшоўся па двары, разважаючы — з чаго пачаць гаворку, і пакуль ён гэта рабіў, цётка Авадзіха неяк вельмі хутка вылезла з пограбу і гэтак жа хуценька павесіла на прабой амбарны замок.

— Цяпер ня ўлезеце, — крэкнула Авадзіха, перахапіўшы Іванаў пагляд, — разьвялося фулюганьня... ратунку няма.

Пасьля такіх слоў размаўляць пра віно не было сэнсу. Іван сплюнуў цягуткую сьліну, азірнуўся і рашуча запытаў:

— Дзе камбікорм?

— Вунь, ля плоту стаіць, — кіўнула цётка на латаны мех. — Лорцы скажаш, каб грошы прынесла. Шэсьць рублёў.

— Скажу, — буркнуў Іван, узваліў мех на сьпіну і шырокім крокам рушыў па цётчыным агародзе.

— Чаго ты па бураках пайшоў? — крыкнула наўздагон яму цётка, і пляменьнік, перакінуўшы мех цераз плот, скрозь зубы працадзіў:

— Ды пайшла ты... жмінда няшчасная.

Хаця й заракаўся Іван не хадзіць у клюб, а згледзеў, седзячы на драбінах, бэнзавозку, што з гораду вярталася, і засьвярбела ў душы жаданьне — зірнуць, ці напіўся Лёшка Мандрык. Бо калі напіўся і не стаіць на нагах, дык і хвалявацца няма чаго — да Машы сёньня чапляцца ня будзе. Іван праводзіў позіркам бэнзавозку, пачакаў яшчэ хвіліну ў тайнай спадзеўцы ўбачыць на дарозе Машын матацыкл, і толькі потым, пацёршы здранцьвелы азадак, спусьціўся па драбінах долу.

Юрка зь Лёшкам сядзелі ў Лябёдкі: з прачыненага вакна кінабудкі вырываліся іхныя галасы і жаласьлівыя ўздыхі.

— Піва, піва... паперліся як фофаны... — гукаў Лёшка Мандрык, футболячы па цэмэнтавай падлозе пустую каністру.

— Хто ж ведаў... учора прадавалі, — апраўдваўся Юрка Гуль, і пустая каністра зь левага кута пераляцела ў правы.

— Прадава—алі, — голас Лёшкаў панік, чаравікі ягоныя зашоргалі ля бліжняй сьценкі і з прачыненага вакна вылецеў сьлінявы недакурак.

— Перапіхнуцца зь якой, ці што? Чуеш, Юрка? — Юрка прамаўчаў, а Лёшка, дзьмухнуўшы ў папяросу, запытаў: — А што гэта за лярва на матацыкле езьдзіць?

— Зь Ленінграду. Баркоўскага пляменьніца, — Юрка пазяхнуў і, выдыхаючы паветра, мацюкнуўся.

Ад такіх слоў ў Івана перахапіла дыханьне. Ён прыціснуўся да сьцяны кінабудкі, наструніў слых, але болей нічога не пачуў, бо Лябёдка завёў сваю перамотку і галасы патанулі ў напорлівым гудзе.

Іван пастаяў яшчэ пару хвілін, а потым пацёгся прэч, асуджана пацепваючы паніклай галавою. І поўныя жаху карціны паўсталі перад вачыма: ён уявіў, як Лёшка будзе цалаваць Машу, як будзе зьдзіраць зь дзяўчыны вопратку, і ў галаве ягонай нарадзілася ідэя. «Перапыніць Машу, перахапіць па дарозе, як на танцы паедзе», — і апанаваны такою думкаю, Іван рушыў на гатаўскую праселіцу.

Сядзець у кустах давялося аж да цёмнага. Ужо і зоркі высыпалі на небе, і кіно пачалося ў клюбе, а Маша ўсё ня ехала, і якраз у той момант, калі Іван хацеў ужо вылезьці са свайго схову, з боку Гатава пачуўся матацыклетны рокат. Рокат мацнеў, убіраўся ў сілу, сухім трэскам рассыпаўся па кустах, і па тым нязладжаным пошчаку можна было зразумець, што па дарозе ехалі два матацыклы. Іван вытыркнуўся з кустоў, наструніўся і ўпалым голасам прашаптаў:

— Сашка Собалеў.

Колькі часу ён сядзеў у непаразуменьні, потым пацёр рукою лоб і, прадзершыся скрозь кусты, пабег насустрач бязладнаму рокату.

«Спыню на павароце, як Сашка праедзе. Самае зручнае месца», — мітусіліся ў галаве адрывістыя думкі, а вусны раз—пораз паўтаралі кагадзе прыдуманую фразу: «Маша, спыніся... у клюбе бойка!»

Каб апраўдаць гэтую вэрсію, ён на хаду расшпіліў кашулю, пацёр кулаком вока, хацеў яшчэ і нос расквасіць, але перадумаў. І вось ужо праляцела міма, дыхнуўшы ў твар халодным пылам, Сашкава «Панонія», і новым строкатам — мерным і басавітым — напоўніліся вушы, і з жахам адчуў Іван, што забыў тую фразу, якую зьбіраўся выгукнуць.

Матацыкл быў ужо зусім блізка, калі Іван, страціўшы надзею згадаць патрэбныя словы, рынуў на дарогу. У вочы ўдарыла сьвятло ад фары, рухавік «Іжа» завыў на фарсажы, і матацыкл са страшным трэскам абрынуўся ў алешнік.

Хвіліну панавала цішыня, і парушыў яе дрыготкі Машын голас: