— Як не Гарашчэня? — зьніякавеў лейтэнант і ўжо зусім лагодным голасам запытаў: — А хто?
Іван удыхнуў паветра, мерачыся сказаць сваё прозьвішча, але ў гэты міг лейтэнант падхапіўся на ногі і абцягнуў мундур.
— Хвацка ты, лейтэнант... За тры дні працы — два затрыманьні, — прамовіў ад дзьвярэй каржакаваты дзядзька ў шэрым гарнітуры, і па той рашучасьці, зь якой лейтэнант падскочыў на ногі, Іван палічыў, што гэта ўвайшоў генэрал.
— Адкуль? — запытаўся генэрал, зь цікаўнасьцю агледзеўшы затрыманага.
— З Бычко—оў... — прабляяў затрыманы, і мыскі генэральскіх чаравікаў задрыжэлі і расплыліся ў ягоных вачах.
— Што, у краму ўлез? — генэрал прысеў на край стала, чакаючы тлумачэньняў, але Іван маўчаў, і генэрал перавёў позірк на лейтэнанта.
— Напярэдадні сыгнал быў. Бычкоўская магазыншчыца тэлефанавала. Сказала, што ўночы зьбіраюцца ў краму залезьці. Ну я і выехаў... прыхаваўся там...
— Зноў Бычкі, — з уздыхам прашаптаў генэрал. — Даўно ўжо трэба было гнаць гэтага Міхнова, генэрал зьлез са стала, выцягнуў з пачка папяросу, ізноў утаропіўся на Івана.
— Як тваё прозьвішча?
— Бянько—оў, — пралепятаў Іван.
— Бянькоў? — генэрал выпусьціў з роту шызы дым, летуценна паглядзеў на столь. — Гэта ня ты ў Віцебску шапік абабраў?
Пасьля такога пытаньня Іван яшчэ больш сьцяўся, і галава ягоная ўбілася ў плечы.
— Ну?! — пагрозьліва гукнуў лейтэнант.
— Я—а—а—а... — другім разам прабляяў Іван і спалохана заплюшчыў вочы. Ён чакаў грымотнага кухталя, але не дачакаўся.
Генэрал кашлянуў, павольнай хадою прайшоўся па габінэту.
— Што ён там сьцягнуў?
— Пяць пляшак ацэтону. Можа і яшчэ што — уначы не разгледзеў.
— Ацэтону? Яны ўжо там ацэтон п'юць? — генэрал узяў Івана за чупрыну, зьлёгку тузануў угору. — А чарняўскую краму ня ты абабраў? — прыкідваючы, ці мог затрыманы абабраць і чарняўскую краму, генэрал разважліва мыкнуў, зьбіраючыся нешта сказаць, ды тут расчыніліся дзьверы і вясёлы дзявочы голас паведаміў:
— Іван Іванавіч, вас да тэлефону!
Іван Іванавіч шпурнуў у адчыненую фортку папяросіну, выйшаў з габінэту, і лейтэнант зь нейкім дзіўным шкадаваньнем паглядзеў яму ўсьлед.
— Дык як, ты кажаш, тваё прозьвішча? Бянькоў? — лейтэнант узяў у рукі самапіску, патрос яе, каб ямчэй пісала, прыклаўся да паперы. Інтанацыя, зь якой ён гэта сказаў, сьведчыла за тое, што ён згубіў да падсьледнага ўсялякую цікавасьць.
— Бянькоў, — буркнуў Іван і, апярэджваючы новыя пытаньні, дадаў: — Іван Васілевіч.
— Дзе і калі нарадзіўся? — лейтэнант ізноў патрос асадку.
— У пяцьдзесят пятым годзе, на станцыі Назарбай...
— Як—як ты кажаш? Назар...
— Назарбай, — па складах прамовіў падсьледны, — Цалінаградзкай вобласьці.
Пёрка асадкі адчайна рыпнула, лейтэнант шпурнуў асадку на падлогу, вылаяўся і абхапіў рукамі голаў. Ён адседзеў у такой паставе хвіліну, а можа, і болей і ачуўся толькі тады, калі пачуў генэральскі голас.
— Анашыст у капэзэ сядзіць? — запытаўся генэрал, прачыніўшы дзьверы.
— У капэзэ, Іван Іванавіч.
— Пратаколы па Мамедаву да мяне занясі. Я ім сам займуся, — генэрал грукнуў дзьвярыма, а лейтэнант, кашлянуўшы ў жменю, паклаў перад Іванам аркуш паперы.
— Сядай вунь за той стол, — лейтэнант азірнуўся, кіўнуў у кут, а пачуўшы таропкія крокі на калідоры, падхапіўся на ногі. Дзьверы зь ціхім рыпеньнем адчыніліся, і ў дзьвярной пройме паўстала кабета ў караценькай форменнай спадніцы.
— Леванід Сяргеевіч, вы каву піць будзеце? — гульлівым голасам запыталася маладзіца, і той, да каго яна зьвярталася, гэтак жа гульліва адказаў:
— Будзем, Валечка, абавязкова будзем. — Хвіліну лейтэнант з замілаваньнем глядзеў на дзьверы, потым абцягнуў мундур, прылашчыў валасы і, прамовіўшы: — Добра, напішаш іншым разам, — загадаў падсьледнаму падняцца.
Набраўшыся страху ў сьледчым габінэце, Іван вяртаўся ў КПЗ, як у родную хату — з усьмешкай на твары. Плюхнуўшыся на ложак, ён закінуў рукі за патыліцу, і ўваччу паўстаў чыгунок з гарачай капустай.
— Яны нас карміць думаюць? — прасіпеў, чытаючы Іванавы думкі, Мамедаў. — Хоць бы чаю якога прынесьлі, шакалы, — сказаўшы так, Мамедаў скасіўся на Івана, чакаючы, што сукамэрнік падтрымае размову, але Іван змаўчаў, і каўказец, нешта буркнуўшы па—свойму, павярнуўся да сьцяны.
КПЗ — цудоўнае месца для одуму. Вось і Івана апанавалі думкі. І думаў ён, глытаючы сьліну, пра хатнюю кілбасу, пра гарачую капусту, пра сопкую бульбу са скваркамі, і, каб пазбыцца дакучлівых думак, жаласьліва ўздыхнуў.