— Што так уздыхаеш? — гукнуў Мамедаў, якому, відаць, таксама мроілася ежа. — Згадваеш, як касу браў?
— Ды я ня ў касу лазіў, — прамовіў Іван, пацягваючыся. — У падсобку. Хацеў віна ўзяць, а ўзяў... — Іван запыніўся, маракуючы, ці варта казаць Мамедаву ўсю праўду, пасьля чаго ізноў уздыхнуў і ціхім голасам скончыў: — ...пяць пляшак ацэтону.
— Каго—каго? Ацэтону? — сукамэрнік бліснуў вачыма, гаўкліва ікнуў і так адчайна зарагатаў, што панцырная сетка пад ім азвалася працяглым гудзеньнем.
— Ну і шакалы, — прамовіў Мамедаў, нарагатаўшыся ўдосыць. — З—за пяці бутэлек чалавека ў гадзючнік уперлі.
Каўказец падняўся з ложку і, змагаючыся з позехам, прасьпяваў:
— А ты сам адкуль?
— З Баранавічаў, — без асаблівай ахвоты адказаў Іван.
— З Баранавічаў? — мяркуючы па голасе, каўказец ведаў, што гэта за горад і дзе ён знаходзяцца.
Мамедаў прайшоўся па камэры, пацёр рукі, акрыялым голасам зазначыў:
— А я зь Ленкарані. Ты Ленкарань ведаеш?
Ленкарані Іван ня ведаў.
— А Сальяны?
Сальянаў Іван ня ведаў таксама.
— У мяне ў Сальянах брат жыве. Алескерам клічуць. Такога ж узросту, як і ты. — Мамедаў зноў упаў на ложак, пазяхнуў і пачаў распавядаць Івану пра брата Алескера, пра Ленкарань, пра нейкія Талыскія горы, дзе яго, Мамедава, аднойчы злавілі памежнікі. Загаварыўшыся, ён стаў балбатаць па—свойму і прыканцы аповеду спытаўся:
— Прозьвішча тваё як?
— Бянькоў, — з пакутаю выдыхнуў Іван.
— Ну дык што, Бянькоў... Калі хочаш выйсьці з гэтага гадзючніку, я табе дапамагу. А ты мне дапаможаш, як выйдзеш на волю. Згода?
Іван у адказ кісла пасьміхнуўся. Ну чым яму мог дапамагчы гэты каўказец, які ляжаў на суседнім ложку і справаю якога зьбіраўся заняцца сам генэрал? І ўсё ж, каб не пакрыўдзіць таварыша па няшчасьці, Іван кіўнуў галавой і ўголас прашаптаў:
— Згода.
Праз пару гадзін Мамедава паклікалі на допыт. Застаўшыся на самоце, Іван доўга хадзіў з кута ў кут, потым доўга ляжаў на ложку, потым зноў хадзіў, лічачы пры гэтым крокі, і акурат ў той момант, калі ён зрабіў семсот сорак трэці крок, дзьверы камэры расчыніліся, і на парозе паўстаў перацягнуты рамянямі сяржант.
— Есьці табе прынёс, — прабурчэў сяржант, несучы алюмініевую талерку і шклянку гарбаты.
Сяржант паставіў талерку і шклянку на адкідны столік, спытаў Івана, ці хоча той у прыбіральню, і, паправіўшы на рукаве павязку дзяжурнага, выйшаў з камэры.
Іван праглынуў ежу і адчуў сябе весялей — нават замармытаў нейкую песьню з рэпэртуару Валерыя Абадзінскага, але нейзабаве зноў зажурыўся. Сядзець адному ў камэры было страшнавата, таму ён і прыслухоўваўся да кожнага калідорнага зыку, чакаючы вяртаньня Мамедава. Але сыходзіў час, усё радзей чуліся на калідоры людзкія крокі, а калі гэтых крокаў зусім ня стала чутна, Іван зразумеў, што Мамедаў ня вернецца.
Ноччу ён ляжаў, закінуўшы рукі за голаў, глядзеў на цьмяную лямпачку, што гарэла над галавой, і думаў пра маці. У начной цішы яму мроіўся матчын голас. Аднойчы ён нават разабраў словы, якія прагучалі знадворку: «Ваня, не пускаюць да цябе!» Пачуўшы гэта, ён падбег да вакенца, ухапіўся рукамі за краты і доўга наструньваў слых у намаганьня ўцяміць, ці гэта сапраўды быў матчын голас, ці гэта толькі здалося.
Раніцай наступнага дня сяржант вывеў яго з камэры і павёў па сходах на другі паверх. Яны прайшліся доўгім калідорам, павярнулі направа і спыніліся перад дыхтоўнымі, абабітымі чорным дэрмацінам дзьвярыма. Сяржант адчыніў дзьверы, упіхнуў галаву ў пройму:
— Іван Іванавіч... Бянькоў...
Іван увайшоў у габінэт, і першае, што ўбачыў, — гэта партрэт Леваніда Ільліча Брэжнева, які вісеў на сьцяне. Пад партрэтам сядзеў, апранены ў міліцэйскі мундур, Іван Іванавіч, якога Іван лічыў генэралам і які наяве аказаўся ўсяго толькі маёрам.
Іван Іванавіч акінуў цёзку калючым позіркам і, паказаўшы на крэсла, запытаў:
— На Мамедава даўно працуеш?
Іван прысеў самы на край крэсла і, ня ведаючы, што адказаць, прамармытаў:
— Нядаўна.
— А ты, Бянькоў, артыст. Паглядзець на цябе — дык дурыла дурылам. Ніколі б не падумаў, што ты на гэтую свалату працуеш, — сказаўшы слова «свалату», маёр зрабіў паўзу і кіўнуў у бок брэжнеўскага партрэту.
— Сам хоць гэтую брыдоту ня паліш?
— Якую брыдоту? — не зразумеў Іван.
— Ды анашу... анашу... — грымнуў маёр і падняўся з крэсла. — Глядзі, хлопец... Цяпер ты ў нас вось тут... — цяжкая маёрава рука апусьцілася на стос папераў. — Болей не пападайся. Згнаім! І мая табе парада — завязвай ты з гэтымі анашыстамі. Чуеш?
Маёр узяў Івана за шкірку, падвёў да дзьвярэй, і яшчэ празь імгненьне падсьледны вылецеў з габінэту, атрымаўшы пры гэтым ладнага кухталя і ня меней ладнага высьпятка. Акурат у гэты момант па калідоры ішла знаёмая кабета ў караценькай спадніцы, і Бянькоў, падаючы долу, міжволі схапіў яе за голыя калені.