Выбрать главу

Для няшчаснага Альмансора гэта былі радасныя дні: стары настаўнік ніколі не адпускаў яго без падарунка, часта вельмі каштоўнага, і хлопец ішоў дадому з грашыма, ільняной тканінай ці іншымі неабходнымі рэчамі, якіх доктар не хацеў яму даваць. Так хлопец пражыў у краіне франкаў некалькі гадоў, але ягоная туга па радзіме ніколі не сцішвалася. Калі яму споўнілася пятнаццаць, здарылася тое, што моцна паўплывала на ягоны лёс.

Сваім каралём і ўладаром франкі выбралі галоўнага палкаводца, таго самага, што шмат разоў размаўляў з Альмансорам у Егіпце. Юнак пра гэта не ведаў, аднак але па ўрачыстасцях, што шырока ладзіліся ў вялікім горадзе, здагадаўся, што адбываецца нешта важнае. Аднак ён і ўявіць не мог, што кароль — гэта той самы военачальнік, якога ён бачыў у Егіпце, бо той быў яшчэ зусім малады. Аднойчы Альмансор ішоў адным з мастоў цераз шырокую раку, што цякла праз горад, і заўважыў чалавека ў простай салдацкай вопратцы, які нахіліўся над парэнчамі і назіраў за хвалямі. Аблічча чалавека падалося яму знаёмым. Альмансор хутка прабегся па пакоях сваіх успамінаў, і як толькі ён адчыніў брамау ў егіпецкую палату, то раптам успомніў, што гэта той самы палкаводзец, з якім ён часта размаўляў у лагеры і які заўсёды добразычліва аб ім клапаціўся. Сапраўднага імені палкаводца ён не ведаў, а таму набраўся смеласці, падышоў да яго і назваў так, як таго называлі паміж сабой салдаты. Скрыжаваўшы рукі на грудзях згодна са звычаямі свае краіны, ён прамовіў:

— Салам алейкум, Petit Caporal![2]

Военачальнік здзіўлена павярнуўся, востра зірнуў на юнака, падумаў і адказаў:

— Святыя нябёсы, ці магчыма гэта? Ты тут, Альмансор? Як пачуваецца твой бацька? Як справы ў Егіпце? Што прывяло цябе сюды?

Не вытрымаўшы, Альмансор горка заплакаў і прамовіў:

— Дык ты не ведаеш, што зрабілі са мной гэтыя сабакі, твае суайчыннікі, Petit Caporal? Ты не ведаеш, што я ўжо шмат гадоў не бачыў краіны сваіх продкаў?

— Не магу паверыць, — сказаў той, і ягоны твар спахмурнеў. — Не магу паверыць, што яны пацягнулі цябе з сабой.

— Ах, дзіва што, — адказаў Альмансор. — У той дзень, калі вашыя салдаты грузіліся на караблі, я бачыў айчыну апошні раз. Яны забралі мяне з сабой, і капітан, якога расчуліла мая бяда, плаціць за мой пражытак ненавіснаму доктару, што б’е мяне і морыць голадам. Але слухай, Petit Caporal, — даверліва працягваў ён, — гэта добра, што я цябе сустрэў, бо ты можаш мне дапамагчы.

Чалавек, да якога ён звяртаўся, усміхнуўся і спытаў, як жа ён можа дапамагчы.

— Ведаеш, — сказаў Альмансор, — было б несумленна нечага ў цябе прасіць — раней ты ставіўся да мяне вельмі добразычліва, але я ведаю, што ты — чалавек бедны, бо нават калі ты быў военачальнікам, то ніколі не апранаўся так прыгожа, як іншыя. Цяпер у цябе, калі меркаваць з мундзіра і капелюша, таксама не найлепшыя часы. Але нядаўна франкі выбралі сабе султана, і ты, без сумневаў, ведаеш набліжаных да яго людзей, можа, якога янычара-агу, ці рэйс-эфендзі, ці капудан-пашу, праўда ж?

— Але, — адказаў яго суразмоўца. — І што далей?

— Ты мог бы закінуць за мяне слоўца, Petit Caporal, каб яны папрасілі султана франкаў мяне вызваліць. Тады мне спатрэбіцца толькі трошкі грошай на падарожжа праз мора. Але ты мусіш мне паабяцаць не казаць нічога ні доктару, ні арабскаму прафесару.

— А што за арабскі прафесар? — спытаў той.

— Ах, гэта незвычайны чалавек, пра яго я раскажу табе іншым разам. Калі яны нешта пачуюць, я з Франкістана не з’еду. Дык ты згодны закінуць за мяне слоўца агу? Скажы шчыра!

— Хадзем са мной, — сказаў чалавек, — магчыма, я змагу табе дапамагчы ўжо цяпер.

— Цяпер? — выгукнуў у страху юнак. — Нізашто, інакш доктар мяне паб’е! Трэба спяшацца дадому.

— Што ў тваім кошыку? — спытаў военачальнік, затрымліваючы яго.

Альмансор пачырванеў і спачатку не хацеў паказваць, але ўрэшце сказаў:

— Бачыш, Petit Caporal, тут я павінен рабіць працу, якую робіць апошні раб майго бацькі. Доктар — скупы чалавек, кожны дзень ён пасылае мяне на рынак па агародніну і рыбу, і я павінен купляць гэта ў брудных рынкавых жанчын, бо там на некалькі медзякоў танней, чым у нашай частцы горада. Зірні, я кожны дзень павінен ісці дзве гадзіны па гэты кепскі селядзец, па гэты пук салаты, па гэты кавалачак масла. Ах, ведаў бы пра гэта мой бацька!

Суразмоўцу бяда хлопчыка ўсхвалявала, і ён адказаў:

— Хадзем са мной — і суцешся! Доктар не зробіць табе шкоды, нават калі не пад’есць селядца ды салаты! Супакойся і пайшлі!

вернуться

2

Petit Caporal — Маленькі Капрал (фр.). Мянушка Напалеона І.