Выбрать главу

Можна прадбачыць і проста перакручванне фактаў (дарэчы, даволі традыцыйнае для камуністычнае прапаганды), прыпісванне апанентам таго, чаго яны не казалі, і іншыя элементы з набору сафістычных «аргументаў».

Дарэчы тут працытаваць словы статыстыка Ф. Гальтана, якія прыводзіць Піцірым Сарокін: «Наша раса застаецца сутнасна рабскай. Паводле сваёй прыроды мы схільныя слепа верыць у тое, што любім, а не ў тое, што найбольш ісціннае. Прыпадабняючыся дзікунам, якія ўжываюць зброю, калі місіянер разбівае іхныя фетышы, мы абураемся, калі іншыя даследуюць нашых ідалаў і беспакарана крытыкуюць іх. Шчаслівыя тыя, хто з дзяцінства прывучаецца да думкі, што навуковае даследванне можа быць абсалютна свабодным, не будучы непачцівым, што павага да ісціны ёсць бацькам свабодных доследаў, а фальсіфікацыя ісціны — найвялікшы смяротны грэх».

Да гэтага П. Сарокін дадаў: «Па шляху гэтай фальсіфікацыі мы далёка зайшлі за гэтыя гады (1917–1922 гг. — В. Г.). Канчатковая ліквідацыя прыватных выдавецтваў — толькі далейшы крок у тым жа кірунку» [35].

Як падлічыў гісторык І. Шаўчук, у 1991 годзе ў Беларусі ў галіне гісторыі працавала больш за 1200 асобаў. Сярод іх 80 дактароў і 600 кандыдатаў навук. Блізу 90 % дысертацый (а ў 1961–1987 гг. іх абаранілі 662 чалавекі) прысвечаныя савецкаму перыяду гісторыі Беларусі. Болей за 58 % іх — гістарычна-партыйнай тэматыкі. Да таго ж цікава, што ў 70-х гадах 37 % дысертацый разглядалі пытанні 7-8-й пяцігодак, каля 40 % — розныя аспекты 7-8-й пяцігодак развіцця народнай гаспадаркі. З агульнай колькасці гісторыкаў рэспублікі гісторыкі КПСС колькасна пераважалі [36].

Ніхто не збіраецца цкаваць гэтых гісторыкаў нібыта «вядзьмарак». Але дзеля справядлівасці варта адзначыць, што «вядзьмарка» — гэта прывід, фантом у галаве пераследніка. Паляўнічы на «вядзьмарак» мучыў нявінных. А ці ж можна назваць фантомам ці прывідам камуністычную ідэалогію? [37]

Пазбаўленыя неабходнасці канкураваць са сваімі апанентамі па прыкмеце ведаў і кампетэнтнасці, па вастрыні розуму і хуткасці рэагавання, па ўменні наладжваць зваротную сувязь з чытачамі і слухачамі і адчуваць іхныя жаданні, гэтакія гісторыкі былі па-за натуральным адборам. Таму яны, бадай, не канкурэнтаздольныя параўнальна з тымі, хто ўвесь час дасканаліў свае веды.

Відаць, нікому з гэтых гісторыкаў не сорамна за свае пісанні. Пачуцці віны і індывідуальнай адказнасці за тое, што яны рабілі, не выказваюцца публічна. Гэта ў той час, калі існуе рэальная адказнасць кожнага чалавека і калі ніякай адказнасці, апроч персанальнай, у грамадстве не існуе.

Больш за тое, некаторыя з ліку тых, хто ў мінулыя часы вадзіў рэй, спрабуюць рабіць выгляд, што вінаватыя не яны, а іншыя, што яны, не пакаяўшыся, ужо «перабудаваліся».

Мяркую, што варта прыгадаць цікавы пасаж былога дэкана гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесара Пятра Шупляка:

«Хацелася б сказаць, што наўрад ці патрэбна цалкам адкідваць педагагічны і навуковы вопыт прафесара Л. С. Абэцэдарскага, легкадумна распаўсюджваць, карыстаючыся палітычнымі абставінамі, абразлівы выраз «абэцэдаршчына». Для таго каб выказаць тую сутнасць, якую падразумяваюць аўтары гэтага выразу, можна было б знайсці і іншыя прозвішчы (цікава, якія? — В. Г.). Між тым Л. С. Абэцэдарскі многа зрабіў для развіцця гістарычнага факультэта. Менавіта, дзякуючы яго намаганням была створана асобная кафедра беларускай гісторыі.

Не варта цяпер, у спрыяльных для нас умовах адназначна негатыўна ацэньваць тых нашых калег, якія самааддана працавалі на гістарычнай ніве, але не маглі, былі не ў стане процістаяць жорсткаму партыйна-дзяржаўнаму дыктату. Большасць з іх, будучы гісторыкамі па прызванню і сумленню, калі і не выступалі адкрыта, супраць гэтага дыктату, то лічылі за лепшае жыць і працаваць паводле прынцыпу так званай эміграцыі. У аўдыторыях яны перадавалі студэнтам сваё разуменне прынцыпу гуманізму і гістарызму, тым самым стваралі ўмовы для размякчэння антыгуманнага па сваёй сутнасці ладу і яго ідэалогіі, заснаванай у значнай ступені на скажэнні і фальсіфікацыі гісторыі. Яны падрыхтавалі новае пакаленне гісторыкаў, якія абапіраюцца на атрыманую сістэматычную гістарычную адукацыю, на ўспрынятае ад многіх выкладчыкаў і навукоўцаў імкненне да гістарычнага пошуку, на сваё сумленне і свядомасць. Сёння гэтае пакаленне ўзяло на сябе цяжкую працу па стварэнню сапраўды нацыянальнай гістарычнай адукацыі і навукі» [38].

Сапраўды, у перамогі сотня бацькоў, толькі параза — сірата[10]. Цікава, якое разуменне ды якога гуманізму перадавалі выкладчыкі гісторыі савецкага перыяду, калі распавядалі пра падзеі грамадзянскай вайны, пра Слуцкі збройны чын, пра Беларускую Народную Рэспубліку, пра рэпрэсіі бальшавізму ўвогуле, пра замежную палітыку Савецкага Саюза і шмат пра што яшчэ?

А як лёгка мець заслугі — заснуй для сябе кафедру і ты ўжо апраўданы…

На маю думку, патрэбная верыфікацыя, гэта значыць пацверджанне кампетэнтнымі камісіямі адпаведнасці навуковых ступеняў і званняў гісторыкаў (а таксама іншых навукоўцаў гуманітарных навук) з улікам раскрыцця тэмаў іхных дысертацый ды іншых навуковых працаў і адпаведнасці іх роўню навукі, а не камуністычнай прапаганды[11]. Камісію добра было б стварыць з тых навукоўцаў, якія не паквапіліся на танны хлеб няпраўды. Гэта іхныя працы не прымалі выдавецтвы ці прымалі з цяжкасцямі, а выдавалі з купюрамі. Яны чыталіся і чытаюцца дасюль, не страціўшы сваёй вартасці пры крутой змене палітычнага курсу.

Вядома, што былыя супрацоўнікі кафедраў гісторыі КПСС, марксісцка-ленінскай філасофіі і эстэтыкі: палітэканоміі і навуковага камунізму, асноваў навуковага атэізму — дысцыплін, што не маюць аналагаў у цывілізаваных краінах, — пільна шукалі і, што самае небяспечнае, знайшлі месцы ў сістэме выкладання гісторыі і філасофіі ў беларускіх ВНУ. Нават былы сакратар ЦК КП РСФСР з навуковай ступенню І. І. Антановіч «упрыгожвае» кафедру адное з ВНУ[12]. Такія спецыялісты ўжо прычынілі вялікую шкоду маральнаму і разумоваму развіццю студэнтаў, прывучаючы іх да беспрынцыповасці, двудушнасці, дагматычнага мыслення, а таксама выконваючы функцыі ідэалагічнай паліцыі. Калі даць ім магчымасць працягваць выкладаць у ВНУ ці займацца навуковай працай на дзяржаўных пасадах, дык на справе аднаўлення гістарычнай навукі Беларусі адразу можна ставіць крыж.

ГІСТОРЫЯ Ў ЗМЕНЛІВЫМ СВЕЦЕ

Што набывае чалавек, дзякуючы веданню гісторыі?

Ён можа:

— лепей зразумець свет, у якім жыве,

— атрымаць веды і ўменні, якія могуць уплываць на выбар уласнага месца ў грамадстве,

— сфармаваць у сабе ўласную пазіцыю наконт правядзення вольнага часу,

— паляпшаць сваю прафесійную падрыхтоўку незалежна ад таго, пра якую прафесію ідзе гаворка.

Веданне гісторыі дапамагае сфармаваць аналітычныя здольнасці, засвоіць службовую мову, якую ўжываюць сёння, зразумець сутнасць функцыянавання сучасных установаў эканамічнага, грамадскага, палітычнага жыцця.

Вось чаму пытанні спосабаў навучання гісторыі заўсёды застаюцца актуальнымі для кожнага, хто выкладае гісторыю ў вышэйшай ці сярэдняй навучальнай установе.

Разглядзім некаторыя прычыны крызісу ў гістарычнай навуцы і яе выкладанні, характэрныя для гісторыі ў сучасным грамадстве ўсяго свету.

Калі ў ХIХ стагоддзі гісторыя панавала над іншымі навукамі, то цяпер яна шукае натхненння ў сацыялогіі ці эканоміцы, якія развіваюцца дынамічней за яе.

Навукова-тэхнічныя дасягненні, вопыт дзвюх сусветных войнаў і панавання ў шэрагу краін свету таталітарных рэжымаў выклікалі расчараванне шырокіх масаў у магчымай прагнастычнай вартасці гісторыі. Вынікі гістарычных даследванняў ужо не маюць даўнейшага значэння. Часткова гэта адбылося таму, што гісторыкі, забяспечаныя старымі ўзорамі даследванняў, супакоеныя чытацкім поспехам (дзеля вялікага попыту на апавядальную гісторыю), кінулі з часам звяртаць увагу на тое, што рабілася па-за межамі, на тых участках, якія апрацоўвалі сацыёлагі, эканамісты і г.д.

вернуться

10

 Гэтае выказванне Графа Г. Чыяна, міністра замежных справаў Італіі пры Мусаліні (Oxford dictionary of quotations ed. by A. Partingten. - 4 th ed. - Oxford, 1992). Быў растраляны за тое, што прагаласаваў на Вялікай фашысцкай нарадзе за адстаўку «дучэ», дарма што за ягонае памілаванне хадайнічалі цёшча — жонка Мусаліні і жонка — дачка Мусаліні.

вернуться

11

 Гэта ж прапанаваў нядаўна гісторык і археолаг А. Краўцэвіч [39].

вернуться

12

Адслужыўшы сваё на пасадзе міністра замежных справаў.