Тут адзін з бацькоў савецкай перабудовы памыляецца. Пашырэнне тэрыторыі характэрна не для ўсялякага этнасу (у выпадку Якаўлева — «нацыі»), а менавіта для таго, якім кіруе імперская ўлада.
Цэнтрам, найкаштоўнейшай, найзначнейшай часткаю айкумены імперыя лічыць сябе, тэрыторыю імперыі, сваю ідэалогію, свайго правадыра — сваё спараджэнне і адначасна бацьку, творцу, канкрэтна-людское і адначасова сімвалічнае ўвасабленне імперскага мыслення і ідэалогіі [48]. Так, асірыйская тытулатура «вялікі цар, магутны цар, цар заселенага свету, цар Асірыі, цар чатырох бакоў свету, прамудры пастыр, паслухмяны вялікім багам, захавальнік ісціны, той, хто любіць справядлівасць, той хто робіць дабро, і г. д.» амаль даслоўна перагукваецца з тытулатураю Сталіна — «правадыром сусветнага пралетарыяту», «найлепшы палкаводзец усіх часоў і народаў» і да т. п. Тое ж датычыць і напышлівых імперскіх воклічаў тыпу «СССР — оплот мира во всем мире» (гэта пры істэрычнай мілітарызацыі, наяўнасці найбольшага войска ў свеце, правакацыі ўзброеных пераваротаў на ўсіх кантынентах, апроч толькі Антарктыды, танках у Празе і «інтэрнацыянальным абавязку» ў Афганістане, продажы зброі сусветным агрэсарам тыпу Садама Хусейна, падрыхтоўцы з камуністаў лацінаамерыканскіх і арабскіх краін тэрарыстаў у спецлагерах СССР). Гэтакі ж рытуальны характар мае лозунг «СССР — надзея ўсіх прагрэсіўных сіл свету» (пры падтрымцы рэакцыйных рэжымаў Фідэля Кастра, былога капітана Савецкай Арміі Кім Ір Сена, якія не толькі дэстабілізуюць, руйнуюць мір у свеце, а і руйнуюць краіны і народы, якім іх з дапамогаю СССР навязалі).
І гэта не толькі па вертыкалі, углыб гісторыі, а і па гарызанталі. Той жа Ірак, захапіўшы Кувейт (меншую па колькасці жыхароў, але багацейшую за Ірак краіну), заявіў: маўляў, гэта даўняя губерня Ірака[13] (хоць Ірак, як асобная краіна, існуе толькі з 1920 года, Кувейт жа — з сярэдзіны XVIII стагоддзя), а іракскія войскі ўведзены туды нібыта па просьбе ўяўных маладых кувейцкіх рэвалюцыянераў, якія, маўляў, самі скінулі стары і арганізавалі рэвалюцыйны ўрад.
СССР да гэтага стварыў некалькі падобных прэцэдэнтаў: увёў пад тым жа прэтэкстам войскі ў Афганістан, перад тым — у Прагу, раней за Прагу — у Будапешт, а яшчэ раней зрабіў тое ж у Балтыі і Фінляндыі.
Заклікі да пралетараў усяго свету аб'яднацца, каб раздзьмуць сусветны пажар — сусветную рэвалюцыю, дзяржаўны герб з сярпом і молатам на фоне зямнога шара — гэта ўсё тыповыя імперскія атрыбуты. Толькі ўсяго, што завуцца імперыі па-рознаму, адпаведна да моды на дзяржаўную тэрміналогію ў тым ці іншым геаграфічным рэгіёне ці гістарычным перыядзе, як і ў тым ці іншым культурна-гістарычным асяроддзі.
Зразумела, што адпаведна ідэалогіі, з дапамогаю і дзякуючы якой ствараецца імперыя, зацвярджаецца яе ўлада і моц, пашыраецца тэрыторыя. Унутры імперыі людзей не «апрацоўваюць», не рыхтуюць да таго, што яны ўвойдуць у межы імперыі, бо яны ўжо «гатуюцца» ў імперскім катле на больш моцным ці менш моцным агні таталітарызму.
Найзначнейшае, найшаноўнейшае месца ў імперыі займае Цэнтр. Цэнтр утрымлівае і здзяйсняе ўладу і над асіміляванымі ўскраінамі, і над тымі, якія захавалі сваю этнічную адметнасць. Робіць гэта ён не толькі вайсковаю сілаю, паліцыяй, апаратам нагляду за лаяльнасцю і вернападданасцю падпарадкаваных народаў, але і эканамічнай палітыкай, накіраванай на максімальную эксплуатацыю эканамічнага патэнцыялу калоній (бо гаспадараць у калоніях усе імперскія рэжымы аднолькава, як злодзеі на могілках). Падтрымлівае сваю ўладу цэнтр і дэмаграфічнаю палітыкай — перамешваннем этнасаў, дэпартыцыяй, а калі трэба, і поўным вынішчэннем іх. Праводзіць ён і адпаведную культурную палітыку — насаджэнне культуры і мовы сакральнага (асвячонага) этнасу. Значную ролю грае і рэлігійная палітыка цэнтра — укараненне новай веры з новым «святым пісьмом» (творамі заснавальнікаў марксізму-ленінізму), новым «богам» і «апосталамі» (іхныя партрэты вывешваюцца напярэдадні святаў, а ў календарах упрыгожваюць старонкі з паказаннем дзён нараджэння, у якія лёс «дараваў» народу гэтых «святых» людзей. У свядомасці падданых замацоўваюць адзіную веру, іх прыналежнасць менавіта да Расейскай праваслаўнай царквы, а не нацыянальнай, аўтакефальнай.
Што з'яўляецца такім Цэнтрам у нашай сітуацыі? Няцяжка здагадацца — сталіца. У нас — «сердце нашей Родины» Масква. У ёй яшчэ свяцейшае месца Красная плошча і Крэмль. А ля Крамля на плошчы найсвяцейшае — маўзалей. А ў ёй мумія правадыра. Яна адкрытая для агляду падданых. Тыя мусяць пераканацца ў вечнасці імперыі, асвячонай мошчамі таго, хто ўзначаліў новую форму імперыі.
Сакральнасць сталіцы падкрэслівалася не толькі трывалымі фразамі-заклінаннямі, што мусілі выклікаць рэлігійны экстаз і святое трапятанне, а і эканамічнымі захадамі. Выслоўе часоў Рымскай імперыі, што ўсе дарогі вядуць да Рыма, уласцівае ўсялякай імперыі і яе сталіцы. Нашай таксама. Усе дарогі вялі да Масквы — літаральна — усе чыгункавыя, водныя, эканамічна-гаспадарчыя.
Кажуць, што калі ў бок Масквы ў 1986 годзе рушыла радыяцыя, радыяцыйную хмару расстралялі і асадзілі на Гомельшчыну і Магілеўшчыну. Бо Масква — святыня, дзе Крэмль, забальзамаваны правадыр, верныя ленінцы ў Палітбюро. Масква — сталіца таго этнасу, які стаў сакральным, сабраў усіх сяброў пад сваю братнюю руку, усіх абагрэў, навучыў, ашчаслівіў. Сакральнасць яго яшчэ і ў тым, што ён даў свету Леніна, таму і мова яго святая, якую нават негр старога веку вывучыць толькі за тое, што ёю гаварыў Ленін.
Звычайна, згодна з імперскай логікай, фізічная і духоўная тэрыторыя «абранага» народа мае свой сакральны цэнтр найбольшых святых і не надта святых — правінцыю, свае ўскраіны. Наша імперыя была вялікай. Не кожны з падданых мог прыехаць на пакланенне нябожчыку правадыру ў Маскву (бо хто будзе працаваць, калі ўсе стануць у чаргу да маўзалея?). Таму па ўсёй імперыі ў кожным горадзе, мястэчку ці нават у вялікім сяле, у кожнай установе, улучаючы казармы, дамы адпачынку і жывёлагадоўчыя фермы, былі арганізаваныя шматлікія сакральныя цэнтры. Іхным найсвяцейшым месцам былі помнікі, партрэты, бюсты, барэльефы правадыра. Пакланеннем правадыру — ускладаннем кветак пачыналіся «богаслужэнні» — афіцыйныя мітынгі, партыйныя сходы, закладаліся новыя сем'і — на свае вочы бачыў з вакна гатэля ў Дзвінску, як пар ці не з дваццаць тых, хто браў шлюб, ішлі гужам да помніка правадыру, каб ускласці да яго пьедэстала, нібыта на аўтар, кветкі.
Мы яшчэ не ўяўляем, якімі ўбогімі і смешнымі ў сваім ідалапаклонстве мы выглядалі для людзей з-за межаў нашай краіны.
Падобнае можна знайсці ў кожнай імперыі, бо ўсе яны маюць супольныя архетыпы. Але імперыя СССР пры ўсёй сваёй тыповасці ў значнай меры была ўнікальнай. Мабыць таму, што яна была апошняй імперыяй у свеце. Гэта суперімперыя, бо пад шыльдаю «Союз нерушимый республик свободных» паядналіся, зліўшыся і падмацоўваючы адна адну, дзве імперыі — расейская і камуністычная, увасобленыя ва ўладзе несмяротных сіямскіх блізнят: адміністрацыйна-бюракратычнай сістэмы і партыйнага апарату. Доўга шукалі адзін аднаго расейскі імперыялізм і камуністычны імперыялізм, практыка і тэорыя была найхітрэйшым і найхлуслівейшым выпладам імперскай свядомасці.
Прывід камунізму блукаў па Заходняй Эўропе, пакуль не знайшоў найбольш прыдатны для сябе грунт — Расею. І прарос, ажыў у СССР. Без таго ён так бы й застаўся неверагоднай утопіяй накшталт Горада Сонца Кампанэлы, прыгожаю выдумкай і ціха згас наўзбоч гісторыі. А мо і каламуціў бы час ад часу даверлівыя народы на перыферыі Азіі ці Лацінскай Амэрыкі. Камунізм, марксізм-ленінізм ці ягоны ўвасоблены ў жыццё практычны выхад — бальшавізм мог прыжыцца толькі на дрэве расейскага імперыялізму, выгадаванага на працягу некалькіх стагоддзяў імперскаю прыродай расейскага самаўладства. Гэтая ж прырода будавалася на кірунку да моцнасці і фармальнай цэласнасці, жадання падпарадкаваць іншыя народы сілаю, потым знішчыць рэшткі іхнае самастойнасці, а таксама на нецярпімасці да іншых народаў і іхных веравызнанняў, пакоры перад моцным і на поўным прымусовым рашчыненні адметнай людской адзінкі ў калектыве («мир», «община»), а ў выніку — на адсутнасці дэмакратычных асноваў на ўсіх роўнях грамадскага жыцця — ад дамастроеўскай сям'і да дзяржавы і царкоўнай герархіі. Расейская праваслаўная царква пры самаўладным рэжыме пераўтварылася з органа духоўнага ўдасканалення народа ў орган апраўдання і асвячэння ўлады князя, потым цара, а пазней КПСС.
13
Гэта толькі рэакцыйныя расейскія дзеячы, ці прадстаўнік беларускай улады С. Посахаў, якіх запрасіў да сябе Садам Хусейн, маглі, як папугаі, насуперак фактам, паўтараць гэтую прапагандысцкую хлусню.