Выбрать главу

І ўвогуле, мяркую, трэба лічыцца з тым, што казаў А. Камю: «Усялякае грамадства трымаецца на арыстакратыі, бо сутнасць арыстакратызму — патрабавальнасць да самога сябе, а без такой патрабавальнасці кожнае грамадства гіне» [82].

Я пагадзіўся з кіраўніком Украінскага даследчага інстытута ў Гарвардскім універсітэце Грыгор'ем Грабовічам (з якім сустракаўся на пачатку вясны 1991 года), калі той сцвярджаў, што для паўнацэннага дзяржаўнага існавання недастаткова мець свае грошы і пасольствы — патрэбная яшчэ інтэлектуальная традыцыя, пэўныя стандарты інтэлектуальнага жыцця. Ён меў на ўвазе культурную эліту [83]. Нельга было не згадзіцца, што паўнавартасць нацыі звязана са з'яўленнем у ёй духоўнай эліты.

Працягваю размову пра байкі і легенды ў гісторыі Беларусі. Што казаць пра маральнае апраўданне ў савецкіх гістарычных працах спусташальных паходаў на Беларусь у часы Івана Жахлівага, Аляксея Міхайлавіча, Пятра Аляксеевіча, Ганны Іванаўны, Кацярыны II? Гэтыя паходы паўтараліся з д'ябальскай рэгулярнасцю са стагоддзя ў стагоддзе.

У стандартных расейскацэнтрычных падручніках ды іншых кніжках беларускі чытач знойдзе апраўданне гэтым войнам: нібыта памянёныя цары вызвалялі бедных беларусаў ад акаталічвання і апалячвання, ад нацыянальнага і рэлігійнага ўціску. Тое, што беларусы трацілі ў выніку і маёмасць, і родных, і жыццё, што тых, каму пашэнціла застацца ў жывых, зганялі як быдла ў палон і адпраўлялі як нявольнікаў у Расею, а там прадавалі ў рабства на Ўсход, што іхная нацыя прыгняталася, а храмы паліліся захопнікамі, тых гісторыкаў зусім не хвалявала.

Як, ведаючы ўсё гэта, можна сцвярджаць, што беларусы ўвесь час імкнуліся з-пад рукі свайго легітымнага манарха — гаспадара Вялікага Княства Літоўскага трапіць у падданства маскоўскага князя (потым расейскага цара ці імператара)? Што, яны ўсе былі ў душы здраднікамі сваёй дзяржавы?

Афіцыйныя гісторыкі нават сцвярджалі, нібыта царызм не хацеў дзяліць Рэч Паспалітую, але яго прымусіў рабіць гэта прускі кароль Фрыдрых II. А як жа было ўзапраўды?

Сучасны даследнік гісторыі дыпламатыі Г. Кесельмэер знайшоў у Архіве замежнай палітыкі Расеі канверт з рэзалюцыяй Кацярыны II: «Секретный план, преподнесенный от графа Чернышева на С.К.К.П., окроме меня никому не распечатывать».

Гісторык усё ж парушыў загад Кацярыны II праз два стагоддзі, распячатаў канверт. У канверце быў план падзелу Рэчы Паспалітай, складзены віцэ-прэзыдэнтам Ваеннай калегіі Захарам Чарнышовым. План быў старанна засакрэчаны. Абрэвіятура «С.К.К.П.» расшыфроўваецца так: «На выпадак смерці караля польскага» («На случай кончины короля польского»), гэта значыць Аўгуста III Саксонскага (1733–1763). На канверце была яшчэ адзнака: «Сей пакет в Высочайшем присутствии распечатан и вложенный план читан был на конференции, держанной у двора 6 октября 1763 года». Якраз напярэдадні памёр Аўгуст III. З гэтага вынікае, што ніхто не падштурхоўваў і не прымушаў расейскую ўладу да падзелу Рэчы Паспалітай [84]. Трэба вярнуцца на паўгода з лішкам раней.

Неўзабаве пасля ўступлення на трон Кацярына II у рэскрыпце расейскаму намесніку ў Варшаве Кайзерлінгу (8 лютага 1763 года ў сувязі з чуткамі пра смяротную хваробу Аўгуста III) ставіла задачу абрання новага караля, які цалкам залежаў бы ад яе. Імператрыца загадала патрабаваць ад кандыдата на каралеўскі пасад за яе падтрымку перадачы часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, выдачы «многих тысяч» уцекачоў з Расеі, гарантый рэлігійнай свабоды праваслаўным «абывацелям».

Менавіта 6 кастрычніка 1763 года на нарадзе ў Кацярыны II былі зацверджаныя гэтыя патрабаванні і прыняты праект, дзе вызначаліся вобласці, што павінны былі адысці да Расеі. Новая мяжа супадала з той, якая была ўсталяваная праз дзесяць гадоў між Расеяй і Рэчай Паспалітай.

Гэта значыць, што яшчэ ў 1763 годзе расейская імператрыца першай паставіла пытанне пра анексію часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай [85], і спасылацца тут на прускага караля аніяк не выпадае.

МІФ ПРА ВУНІЮ

Сярод міфаў, якія надта спадабаліся расейскацэнтрычным гісторыкам пры фальсіфікацыі гісторыі Беларусі, адно з цэнтральных месцаў займае міф вакол узнікнення і ролі грэцка-каталіцкай царкоўнай вуніі ў 1596–1839 гадах [86].

Царкоўная вунія ўзнікла ў нас адначасова з Украінаю (на частцы яе тэрыторыі, што трапіла пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у склад Аўстрыі і Вугоршчыны, яна захавалася дзякуючы спрыяльным умовам, пакуль Сталін не скасаваў яе там у 1946–1949 гадах). Афіцыйна яна адноўленая пасля дэмакратычных пераменаў на Ўкраіне некалькі гадоў таму.

Прыхільнікі міфалагізацыі гэтага сюжэта зыходзілі з пэўных метадалагічных пазіцый. Яны бралі які-небудзь адзін, загадзя падрыхтаваны тэзіс. Увесь фактычны матэрыял кампанавалі так, каб хоць прынамсі вонкава давесці ягоную праўдзівасць. Высновы такіх даследванняў не вынікалі з усебаковага аналізу фактычнага матэрыялу. Яны даводзіліся толькі як наперад зададзеныя.

У савецкіх антывуніяцкіх працах перастраўліваліся даўнія тэзісы і палажэнні, што нарадзіліся ў ХIХ стагоддзі ў нетрах расейскіх клерыкальных гістарычных колаў, якія зыходзілі з слыннай увараўскай трыяды «самаўладства, праваслаўе, народнасць». Не здзіўляе, што і савецкія гісторыкі разглядалі беларускую грэцка-каталіцкую царкву толькі з пазіцый традыцыйных апанентаў.

У выніку такога аднабаковага падыходу зацвердзіліся і працягваюць існаваць стэрэатыпы, якія не вытрымліваюць сур'ёзнай крытыкі. Вось яны.

Першы: сцвярджаецца, нібыта Берасцейская царкоўная вунія 1596 года, ад якой вяла радавод беларуская і ўкраінская грэцка-каталіцкая царква, — гэта «зброя каталіцкай контррэфармацыі», «ліхадзейства езуітаў», «польская інтрыга».

Другі: беларускія і ўкраінскія праваслаўныя, што пайшлі на хаўрус з Рымам, «здрадзілі свайму народу», бо кіраваліся толькі ўласнымі «шкурніцкімі» інтарэсамі, а ў душы песцілі надзею «ўсеабдымнага акаталічвання і лацінізацыі», а таксама «апалячвання» беларускага і ўкраінскага народаў.

Можа, паспрабуем разабрацца, што тут да чаго, і высветліць, наколькі гэтыя палажэнні адпавядаюць гістарычнай праўдзе.

Гісторыя, як вядома, развіваецца паводле аб'ектыўных заканамернасцяў. Чыесьці інтрыгі, падступнасць і ўсё да таго падобнае адыгрываюць у працэсе гістарычнага развіцця звычайна другасную ролю. Іначай кажучы, «польская інтрыга», «ліхадззейства езуітаў», «шкурніцкія інтарэсы», «здрада народу», якія выдаюцца за асноўныя сілы, што рухалі да Берасцейскай вуніі, могуць разглядацца толькі як суб'ектыўныя фактары, што маглі б спрыяць або перашкаджаць аб'ектыўнаму працэсу стварэння новай царквы.

Сама ідэя вуніі, або абноўленага аб'яднання хрысціянскіх цэркваў — візантыйска-праваслаўнай і рымска-каталіцкай, узнікла там, дзе адбыўся і царкоўны раскол, у Візантыі. І ордэн езуітаў тут не пры чым. Канстантынопальскі патрыярх Міхаіл Керуларый адмовіўся прызнаваць зверхнасць рымскага першасвятара ва ўсім хрысціянскім свеце, і тады, у 1054 годзе, ён і рымскі легат (пасол) кардынал Гумберт аддалі адзін другога анафеме (царкоўнаму праклёну). Падзелу дзвюх галоўных у Эўропе і Міжземнамор'і цэркваў спрыялі адрозненні між Заходняй і Ўсходняй цэрквамі, акрэсленыя з VII стагоддзя, у дагматыцы, арганізацыі, абрадах.

Але галоўным быў цэзарапапізм — царкоўнае вучэнне, згодна з якім вяршэнства ў дзяржаве і грамадстве аддавалася свецкай уладзе — імператару, а царкоўная ўлада мусіць падпарадкавацца свецкай. Цэзарапапізм развіваўся ў Візантыі з IХ стагоддзя. Пазнавальныя карані гэтага вучэння трэба шукаць у дэспатычным спосабе мыслення, якое глыбока прасякнула дух і грамадска-палітычнае жыццё Канстантынопаля разам з тэрыторыямі, якія Ўсходне-Рымская імперыя захапіла на Ўсходзе.

Зусім супрацьлеглае спавядала і спавядае Заходняя царква. У яе вучэнні царкоўная ўлада пераважае над свецкаю і абсалютна незалежная ад свецкіх валадароў. Вядомы расейскі філосаф другой паловы ХIХ стагоддзя У. Салаўёў тлумачыў гэта так:

«Не царкоўная свабода, а цэзарапапізм прыйшоў да нас з Візантыі, дзе гэты антыхрысціянскі прадукт бясшкодна развіваўся з IХ стагоддзя… Да схізмы (г. зн. царкоўнага падзелу. — В.Г.) кожнага разу, як грэцкія імператары захоплівалі духоўную ўладу і пагражалі свабодзе царквы, прадстаўнікі апошняй… звярталіся да міжнароднага цэнтра хрысціянства[22], выкарыстоўвалі пасярэдніцтва першасвятара[23], і калі самі гінулі ахвяраю грубай сілы, то іхная справа, справа праўды, справядлівасці і свабоды, ніколі не заставалася без непахіснай падтрымкі Рыма… Грэцкая царква ў тыя часы была і адчувалася пэўнаю часткаю Сусветнае царквы… Гэтыя дачыненні выратавальнай залежнасці ад нашчадка першаверных апосталаў, дачыненні цалкам духоўныя, законныя і поўныя годнасці, былі заменены падпарадкаваннем жыцейскім, нелегальным і паніжальным — уладзе простых недухоўных і нават няверных» [87].

вернуться

22

 Ім тады быў Рым.

вернуться

23

 Папы рымскага.