А я ж прывёў цытаты толькі з ліберальных, некансерватыўных аўтараў. А можна было б прыгадаць Ф. Цютчава з ягоным:
І Ф. Дастаеўскага, які пісаў, што «мы веруем, что русская нация необыкновенное явление в истории человечества», што ў гэтай нацыі «по преимуществу выступает способность, высокосинтетическая способность всепримиримости, всечеловечности» [107], што асаблівая доля Расеі — гэта «всемирность России, ее отзывчивость и действительно бесспорное и глубочайшее родство ее гения с гениями всех времен и народов мира» [108].
Дарэчы, вядомы польскі палітык і публіцыст, гісторык Станіслаў Кэт-Мацкевіч[24] за сваю манаграфію пра Дастаеўскага атрымаў ступень доктара honoris causa ў адным з польскіх універсітэтаў у галіне русістыкі. У гэтай кнізе С. Кэт-Мацкевіч, на мой погляд, даволі слушна давёў, што Дастаеўскі да аднайменнай пінскай шляхты дачынення не меў, бо паходзіў з духавенства Брацлаўскага ваяводства, і таму надта хацеў даказаць сваё шляхоцтва, не маючы для таго падставаў.
Працягваючы тэму, я ўжо не прыгадваю бацькоў панславізму М. Данілеўскага і К. Лявонцьева, не кажучы ўжо пра іхных сучасных эпігонаў Ю. Несцерава, В. Распуціна, І. Глазунова ды іншых, якія новага слова не сказалі.
Расейскі месіянізм усіх часоў нястрымна апалагетызуе гістарычную веліч Расеі, яе выключную ролю ва ўсіх галінах людской дзейнасці. Гэты месіянізм лічыць, што ўсё, чаго дасягнулі вялікаросы, усё расейскае найлепшае і ўзорнае, а таксама, што выключнасць Расеі ў тым, што да яе не стасуюцца нейкія там усеагульныя крытэры. Ён сцвярджае, што Расея мае містычную ўніверсальнасць, сусветна гістарычнае прызначэнне, што ад яе залежыць будучыня ўсяго чалавецтва.
Гэта практычна-аб'яднаўчы аспект, у святле якога Расея мусіць быць стрыжнем крышталізацыі новага чалавецтва, каталізатарам працэсаў «паступовага збліжэння» і «зліцця» нацыяў. Па сутнасці гэта працэс ІНКАРПАРАЦЫІ іншых, меншых этнасаў магутнаю звышдзяржаваю і паступовая экспансія, закамуфляваная дактрынаю панславізму ці «інтэрнацыянальнага абавязку». Нездарма Ф. Цютчаў сказаў, што ўсе славянскія народы — «дроби, а Россия — знаменатель, и только подведением под этот знаменатель может осуществиться сложение этих дробей».
Гэты месіянізм сурова крытыкавалі такія дзеячы расейскай грамадскай думкі, як Яўген Трубяцкой [109] і айцец Павел Фларэнскі, які ў сваёй «Записке о православии» пісаў:
«Люди всегда склонны сотворить себе кумира, чтобы избавить себя от подвига служения вечному и пассивно предаться простой данности. Этот кумир может быть весьма различным. Для русских православных людей таким кумиром чаще всего служит сам русский народ и естественные его свойства, которые ставят они пред собою на пьедестал и начинают поклоняться, как Богу. Вера в быт превыше требований духовной жизни, обрядоверие, славянофильство, народничество силятся стать на первое место, а вселенскую церковность поставить на второе или вовсе отставить.
В основе всех этих течений лежит тайная или явная вера, что русский народ сам собою, помимо духовного подвига, в силу своих этнических свойств есть прирожденно христианский народ, особенно близкий к Христу и фамильярный с Ним, так что Христос, как будто несмотря ни на что, и не может быть далеким от этого народа. И как всегда фамильярность с высоким, эта фамильярность влечет за собою высокомерие и презрение к другим народам — не за те или иные качества, а за само существо их. Смысл этого высокомерия может быть выражен тем, что мы — природные христиане, с нас, собственно, ничего не требуется и все нам простительно, тогда как другие народы, в сущности, не христиане, а самые их достоинства вызывают у нас чувство пренебрежения…
Может быть, соблазн такого самообожествления есть у каждого народа, но у русских он исключительно велик…» [110]
З расейскім месіянізмам беспасярэдне мяжуюць уяўленні пра славянскае братэрства і праваслаўную агульнасць, якія дасталіся ў спадчыну ад славянафілаў ды іхных нашчадкаў панславістаў. Гэтыя братэрства і агульнасць лічацца прыярытэтнай асноваю для знаходжання Расеяй гістарычных хаўруснікаў.
Але забываюцца на тое, што гэтыя канцэпцыі ад пачатку былі ў многім ілюзорнымі. Варта толькі прыгадаць войны 1794, 1830–1831, паўстанне 1863–1864 гадоў супраць царызму, супраціў беларусаў і ўкраінцаў савецкай уладзе, якая ішла з Масквы, крывавыя сутыкненні паміж паўднёвымі славянамі даўней і цяпер, войны між Балгарыяй і Расеяй у ХХ ст. Сёння гэтыя ўяўленні — архаічныя і практычна непрыдатныя.
У былой Паўднёваславіі менавіта славяне, якія размаўляюць нярэдка адной моваю, займаліся самазнішчэннем. У былой Чэхаславаччыне народы з падобнымі мовамі і адною вераю разышліся на нашых вачах. Пасля абвешчання незалежнасці Ўкраіны і правядзення ёю палітыкі актыўнага дыстанцыявання ад Расеі размовы аб славянскім братэрстве набываюць іррэальны характар. У Балгарыі, дзе, здавалася, славянафільскія настроі мелі найглыбейшыя карані, характар святкаванняў апошніх дзён славянскай пісьменнасці і культуры ў Расеі выклікаў, паводле звестак балгарскага друку, насцярожанае стаўленне афіцыйных колаў, якія справядліва асцерагаюцца адраджэння неаславізму.
Не менш супярэчлівы пры ўважлівейшым разглядзе і выбар праваслаўнай агульнасці як арыентыра для замежнай палітыкі Расеі. Калі сімпатыі да адзінаверных сербаў павінны дыктаваць безумоўную падтрымку Сербіі, то які выбар трэба зрабіць у супрацьстаянні праваслаўных македонцаў і праваслаўных грэкаў? Куды знікае пачуццё рэлігійнай агульнасці, калі справа заходзіць аб праваслаўных румынах, малдаванах, грузінах? [111]
Вяртаючыся да прыгаданых вышэй цытат з расейскіх класікаў, прашу чытача паверыць мне, што яны не выдраныя з кантэксту.
Іх могуць узяць на ўзбраенне і сябры Ўсебеларускага (хутчэй «Расейскага») Славянскага Сабора, і прадстаўнік Расейскага нацыянальнага аб'яднання ў Беларусі П. Сяргееў, які падпісаўся пад заяваю Каардынацыйнага савета нацыянальных аб'яднанняў Рэспублікі Беларусь (што надрукавана ў «Народнай газеце» за 4 красавіка 1992 г.).
Ён падпісаўся пад скаргаю на тое, што «в Республике Беларусь по-прежнему продолжает действовать система национального неравенства, унаследованного от прежних, тоталитарных коммунистических режимов». (Цікава, дарэчы, што гэтых рэжымаў у Беларусі было больш за адзін; хоць і аднаго, здаецца, болей чым дастаткова.) Далей сказана, што «национальные меньшинства лишены доступа к средствам массовой информации, они не могут слушать передачи по радио и смотреть телевидение на родном языке».
Вось гэтае месца ў заяве мне спадабалася больш за ўсё. П. Сяргееў піша такое пра Беларусь, дзе АМАЛЬ УСЕ сродкі масавай інфармацыі на расейскай мове. І выходзіць, што не беларусы, а расейская нацыянальная меншыня пазбаўлена доступу да гэтых сродкаў, не можа слухаць перадачы па радыё і глядзець тэлеперадачы на роднай мове?
Так, нездарма А. Керэнскі пісаў пра Леніна ды іншых бальшавікоў, што «ёсць найвышэйшая форма хлусні, якая ўжо адной сваёй празмернасцю імпануе людзям незалежна ад іхнага інтэлектуальнага роўню. Ёсць нейкі псіхалагічны закон, згодна з якім чым больш жудасная хлусня, тым ахвотней ёй вераць» [112].
Гісторык А. Галкін, які вывучаў феномен нацысцкай прапаганды, сведчыць, што тая мела такую асаблівасць, як хлуслівасць, узведзеную ў сістэму: «Гебельс не раз казаў сваім падначаленым, што выдумка заўсёды па-прапагандысцку карыснейшая, бо яе значна лягчэй прыстасаваць да патрэбаў дня, што яе частае паўтарэнне надае ёй большую верагоднасць, што чым маштабнейшая хлусня, тым больш шанцаў на тое, што ёй павераць. Ён лічыў таксама, што шкода ад выкрыцця прапагандысцкай хлусні не такая ўжо й вялікая, бо ёй заўсёды можна знайсці верагоднае тлумачэнне, і ва ўсялякім разе меншая, чым карысць, якую яна можа прынесці» [113].
24
У К. Крапівы ён называецца «Цат», бо той, мусіць, не ведаў, што публіцыст узяў у якасці псеўданіма ангельскае слова «Кэт», якое ў лацінскай транскрыпцыі выглядае як «Цат». Мацкевіч падкрэсліваў, што ён падобны Кіплінгаваму персанажу, — кату, які гуляў сам па сабе.