Выбрать главу

У пэўных пластах нашага грамадства карэніцца такі тып субкультуры, па мерках якой ужыванне фізічнай сілы ў развязанні канфліктаў — геройства. Выхаваныя яшчэ з дзяцінства ў бацькоўскай сям'і, такія ўяўленні жывуць у чалавеку ўсё жыццё.

Таму не трэба здзіўляцца, што пераадоленне таталітарызму мусіць адбывацца наступным шляхам: здабываючы з чалавека лепшае, згодна таму, што казаў апостал Павел: «Перамагай ліха дабром» (Пасланне да Рымлянаў, 12, 21).

ЗРУШЭННЕ МАРАЛЬНЫХ КАШТОЎНАСЦЯЎ

Паняцці дабра і ліха былі выкараненыя са свядомасці савецкага чалавека. Мая студэнтка Л. Палякова падала ў якасці кантрольнай працы «Нарыс з гісторыі міфаў народаў СССР (Алегорыя ва «Уладары пярсцёнкаў» Дж. Толкіена і лёс гэтай кнігі ў савецкай таталітарнай дзяржаве)». Кніжка Толкіена — гэта байка. Яе падзеі адбываюцца ў фантастычныя часы. Там паказана адчуванне ліха, каралеўства ліха, у якое адным трэба падарожнічаць, каб знайсці пярсцёнак, а другім потым ісці туды ж, каб кінуць пярсцёнак у жарало вулкана.

Частка трылогіі пра ўладара пярсцёнкаў пісалася пад час вайны пад беспасярэднім уплывам барацьбы дэмакратыі супраць адной з формаў таталітарызму. Толкіен быў хрысціянінам і пісаў свае байкі, каб у межах цывілізацыі, якая страціла ўражлівасць да хрысціянства, перадаваць асноўны хрысціянскі светапогляд. Наша моладзь, да якой першая частка трылогіі трапіла ў 70-х гадах, а іншыя толькі ў 1990–1991 гг., ніколі не чытала Бібліі і атрымала праз папулярныя кніжкі Толкіена мадэль асноўнага адрознення дабра ад ліха, а таксама ўяўленне пра каралеўства ліха: адчуванне сканцэнтраванай аўры ў грамадстве, у якім няма свабоды. Грамадства ліха Толкіена бярэ прыклад з кожнага ладу без свабоды, заснаванага на ўзаемным страху.

Пазбыванне памянёных рысаў таталітарызму — справа даволі цяжкая. Да свабоды мы яшчэ не падрыхтаваныя. Нам хочацца пераскочыць цераз нялёгкую працу выхавання свабоды, цераз берамя развіцця саміх сябе. На працу жыцця адважыцца цяжка. Але толькі гэта і ёсць свабода.

Прага суверэннасці асобы шукае пацверджання ў мінулым. З кожным этапам так званай перабудовы і пасляперабудовачнага перыяду, з кожным крызісам паслякамуністычнай улады пашыраюцца межы пераменаў у грамадскім жыцці. Думка адстае ад гэтага. Прымхі апераджаюць аналіз і здаровы сэнс. Духоўны землятрус стаўся непрадбачаным шмат для каго. Акрамя гэтага, народ не прызвычаіўся да прапанаваных яму дэмакратычных вартасцяў, тым больш што прышчэпліваннем іх у Беларусі «паспяхова» займаліся кіраўнічыя пласты грамадства, якія паказалі, што здолелі фармальна абысціся без КПСС і без СССР.

Сённяшняе неўспрыманне значнай колькасцю жыхарства дэмакратыі тлумачыцца і тым фактам, што пры Хрушчове і Брэжневе не забівалі. Гэта для малодшых за маё пакаленне людзей засланяла папярэднія жахі Сталіна.

Бальшавікі праіснавалі за кошт бясплатнай працы і гандлю сыравінай даволі доўга. Савецкі Саюз вырваўся ў космас, па сутнасці распрануўшы да ніткі народ. Яму за гэта была ўдзячна дараваная адсутнасць водаправода і каналізацыі не толькі ў вёсках, а і ў меншых гарадах, незвычайная засмечанасць і дрэнны стан вуліц гарадоў, транспартных прыпынкаў, пад'ездаў і сходаў шматпавярховых дамоў, з поспехам пераўтвораных у грамадскія туалеты. Бальшавікі пакінулі свайму народу магчымасць неабмежавана піць горкую да страты арыентацыі ў часе і прасторы. Гэтаму народу навязалі такія фантомныя з'явы, як сацыялістычнае спаборніцтва, стаханаўскі ці гаганаўскі рух, якія старанна апявалі як найвышэйшыя дасягненні чалавецтва ў сваіх дысертацыях гісторыкі КПСС і марксісцка-ленінскія філосафы. Дзіву даешся, калі падумаеш, да якой ступені грэбавалі народам ягоныя кіраўнікі, якія выйшлі з гэтага ж народа! Яму паспелі трывала прышчапіць рэальную дэвальвацыю працы, арыентацыю на сацыяльную абароненасць, звужэнне часавага гарызонту, зайздрослівы эгалітарызм, калектыўны эгаізм і арыентацыю на пасрэднасць.

Мы мелі (і зараз маем) такіх неінтэлігентных, неадукаваных правадыроў, што горшых можна было адшукаць, бадай, толькі ва Ўгандзе, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы ці на Гаіці. Новы кіраўнічы клас паступова стаў арганічна аднародным, убогім знізу даверху з той пары, калі былі знішчаныя больш-менш здольныя і адукаваныя бальшавіцкія кадры.

Ніхто ніколі не пераканае мяне ў тым, што слесар чыгуначнага дэпо, тэхнік па будаўніцтве мастоў ці краўчыха з «Чырвонага Кастрычніка», якія б яны ні былі здольныя самародкі, не атрымаўшы нармальнай, а не партыйнай адукацыі, маглі кваліфікавана кіраваць палітыкай і эканомікай цэлай рэспублікі, а то і Саюза. А вось задушыць славянскую «Пражскую вясну» — якраз было пад сілу такім кадрам[3].

Культурны ўзровень падобных кіраўнікоў мы ўбачылі на свае вочы, калі пачалі назіраць фігуру Хрушчова на тэлеэкране і слухаць ягоныя бясконцыя прамовы па радыё. Тады знікла таямніца, якой прыкрываўся Сталін. А яшчэ Вялікі інквізітар у Дастаеўскага наказваў кіраваць, абапіраючыся на цуд, таямніцу і аўтарытэт.

Найвышэйшы розум сістэмы ніяк не дасягаў узроўню, прыдатнага да вырашэння гістарычных задач. Гэта не выпадковасць, а заканамерны вынік развіцця.

Кіраўнічы пласт ні палітычна, ні інтэлектуальна не быў здольным вырвацца з таго кола, якое сам ён і абвёў вакол сябе. Ён быў засяроджаны на адной мэце і патрабаваў задавальнення сваіх нястрыманых, маніякальных патрэбнасцяў. Аднатэматычнасць, зашоранасць з гадамі прыводзілі прадстаўнікоў гэтага пласта да адрыву ад рэчаіснасці. Падобна наркаману, якому штодня патрабуецца пэўная доза наркотыку, камуністычныя палітыкі рэгулярна ўпырсквалі сабе новыя порцыі свайго палітыканства. Тыя, хто быў здольны зразумець існы стан рэчаў, знішчаўся, абвяшчаўся ворагам менавіта за гэта.

Грамадства было даведзенае да нізкага роўню ведаў (якія кіраўнікі, такія й падначаленыя, і наадварот), да абмежаванасці бачання свету, каб лягчэй было кіраваць. Для людзей не існавала іншага свету, апроч таго, у якім яны нарадзіліся. Іх не выпускалі за межы краіны. У свядомасці такіх людзей лёгка насадзіць стэрэатыпы, спрошчанае бачанне свету без духоўных каштоўнасцяў.

Спачатку знішчалі тых, хто ствараў такія каштоўнасці. Потым тых, хто ведаў ім цану і ведаў, што менавіта знішчаныя раней людзі іх стваралі. Калі страчвалася здольнасць да ацэнак, тады ніхто ўжо не разумеў, што ён рабіў, гэта і завецца барбарствам.

ДЭФАРМАЦЫЯ ПАМЯЦІ

Мэтаю сістэмы быў усеагульны кантроль за дзейнасцю і думкамі людзей. Парушыліся ўзаемадачыненні чалавека з часам. Чалавек пры гэтым траціў арыентацыю і разгубляўся.

Вобраз мінулага дэфармаваўся з гледзішча палітычных і ідэалагічных патрэбнасцяў. Тым болей што свядомасць фармуюць не толькі гісторыкі (якія дапамагалі містыфікаваць гісторыю), але і пісьменнікі і публіцысты, ідэолагі і палітыкі, агітатары і прапагандысты, якія карысталіся набыткам прэпараванай гістарычнай навукі ў духу сваіх уяўленняў.

Як пісаў гісторык А. Некрыч, партыйная ўстаноўка палягала ў тым, каб стварыць новую калектыўную памяць народа, дашчэнту выкінуць успаміны пра тое, што адбывалася ў рэчаіснасці, выкінуць з гісторыі ўсё, што не адпавядае ці проста зняпраўджвае гістарычныя прэтэнзіі камуністычнай партыі.

Гэтая ўстаноўка галосна нідзе не выказвалася. У мафіёзных структурах, а, згодна з назіраннем Густава Герлінг-Грудзіньскага, партыя адпавядала такой структуры, рашэнні апранаюцца ў імглістую форму, не фармулююцца выразна. Таму нікога з завадатараў схапіць за руку нельга. Падпарадкаваны сам адгадвае думкі свайго шэфа, ніколі не выказаныя напрасткі.

А вынік? Нацыя, якая страчвае памяць, страчвае сумленне. Злачынствы, учыненыя грамадству, застаюцца непакаранымі.

Ачыстка калектыўнай памяці праводзілася перш за ўсё шляхам фізічнага знішчэння жывых сведкаў гісторыі. Сістэматычны тэрор знішчыў паслойна інтэлігенцыю — захавальніцу народнай памяці, улучаючы ўсіх прадстаўнікоў буржуазных партый. За імі пайшлі эсэры, потым марксісты-меншавікі і ўрэшце марксісты-бальшавікі.

вернуться

3

 Дарэчы, гэтым задушэннем кіраваў славянін Кірыла Мазураў.