Выбрать главу

Тут Джэні зазірнула мне ў самыя вочы і ўсміхнулася:

— Наўрад ці ты гэта зробіш, калі ў ім будзе дзвесце сорак фунтаў.

— М-м, — замяшаўся я на момант, але хутка знайшоўся. — Не адразу ж ён набярэ такую вагу.

— Вядома, не адразу. Але калі ўжо набярэ, тады сцеражыся! Адлупіць ён цябе! — Джэні пагрозліва памахала перад самым маім тварам лыжкаю і зарагатала, што чорт…

17

Зрабіць дзіцёнка не так ужо і лёгка.

Я маю на ўвазе, ёсць нешта недарэчна-смешнае ў тым, што маладыя людзі, якія ў першыя гады сваіх сексуальных практыкаванняў думаюць адно пра тое, як зрабіць так, каб дзяўчына не зацяжарала (калі пачынаў я, карысталіся ўсё яшчэ прэзерватывамі), потым рэзка пераключаюцца і прыкладаюць усе намаганні, каб дзяўчына зацяжарала.

І гэтая самая мэта можа спакваля ператварыцца ў навязлівую ідэю. Яна можа пазбавіць сама цудоўнае, што ёсць у жыцці шчаслівых сужэнцаў, натуральнасці і непасрэднасці. Я аб праграмаванні (няўдалае, дарэчы, слова — машыннае нейкае). Калі загадзя праграмуеш акт кахання ў адпаведнасці з рознымі правіламі, календарамі, стратэгіяй: «Можа, лепш заўтра ўранку, Олі?» — дык гэты вось цудоўны акт можа выклікаць няёмкасць, гідлівасць, а нарэшце і самы сапраўдны жах.

Бо, калі вы бачыце, што набытыя раней сціплыя ўменні і вашыя (дапусцім) нармальныя здаровыя спробы «пладзіцца-размнажацца» не прыносяць жаданага выніку, вас пачынаюць апаноўваць дужа змрочныя думкі.

— Спадзяюся, Олівэр, ты разумееш, што «стэрыльнасць» не мае нічога агульнага з «вірыльнасцю»? — сказаў доктар Морцімэр Шэпард на нашым першым спатканні, калі мы з Джэні вырашылі нарэшце, што маем патрэбу ў кансультацыі спецыяліста.

— Ён разумее, доктар, — адказала за мяне Джэні, ведаючы і без маіх слоў, што думка пра бясплоднасць — маю гіпатэтычную бясплоднасць — прыгнятала мяне. Мне нават здалося, што ў голасе ў Джэні пачулася надзея: калі і ёсць якое адхіленне, дык толькі ў яе.

Але доктар проста растлумачыў нам, якія могуць быць варыянты, і падрыхтаваў да найгоршага, перш чым сказаць, што ўсё ў нас можа быць у поўным парадку і мы неўзабаве станем шчаслівымі бацькамі. Вядома, мы павінны здаць безліч розных аналізаў. Поўны агляд. (Не буду пераказваць не надта прыемныя падрабязнасці такога руплівага абследавання.)

Аналізы мы здалі ў панядзелак. Джэні — удзень, а я — пасля працы (тымі днямі я ўжо акунуўся ў яе з галавою). У пятніцу доктар Шэпард выклікаў Джэні яшчэ адзін раз, растлумачыўшы, што сястра нешта наблытала і ён мусіць сёе-тое ўдакладніць. Калі Джэні расказала мне пра паўторны візіт да доктара, я западозрыў, што гэтае самае адхіленне… выявілі ў яе. «Сястра, якая нешта там наблытала» — адгаворка досыць банальная.

А калі містэр Шэпард патэлефанаваў мне ў кантору, я ўжо амаль не сумняваўся. Ён папрасіў мяне зайсці да яго заўтра па дарозе дамоў. Як толькі я зразумеў, што Джэні там не будзе («Я гаварыў з місіс Барэт учора ўвечары», — сказаў доктар), падазрэнні мае пачалі ператварацца ва ўпэўненасць. Значыцца, у Джэні не можа быць дзяцей. Але мажліва, Олівэр, дыягназ не канчатковы, паспрабаваў супакоіць мяне доктар — якіх толькі выйсцяў няма: хірургічнае ўмяшанне і гэтак далей.

Аднак працаваць напоўніцу я ўжо, вядома, не мог, таму было неразумна чакаць пяці гадзін. Я патэлефанаваў містэру Шэпарду і папытаўся, ці не прыме ён мяне адразу пасля абеду. Доктар згадзіўся.

— Дык, значыцца, вы ўжо выявілі, хто вінаваты? — папытаўся я, не падбіраючы асцярожліва словы.

— Я не сказаў бы «вінаваты», Олівэр, — адказаў містэр Шэпард.

— Ну, добра, скажам інакш — хто з нас не ў парадку?

— Добра. Джэні.

Я быў больш-менш гатовы да гэтага, аднак безнадзейнасць, якая прагучала ў словах містэра Шэпарда, усё-такі збянтэжыла мяне. Доктар больш нічога не дадаў, і я вырашыў, што ён чакае ад мяне якіхсьці слоў.

— Ну што ж, значыцца, дзеці ў нас будуць прыёмныя. Думаю, галоўнае, што мы кахаем адно аднаго, ці ж не так?

І тады ён сказаў мне:

— Олівэр, праблема нашмат больш сур'ёзная. Джэні вельмі хворая.

— Што значыць «хворая»?

— Яна памірае…

— Гэтага не можа быць, — сказаў я.

Я чакаў, што зараз доктар скажа мне, што гэта проста няўдалы жарт.

— Яна памірае, Олівэр, — паўтарыў ён. — Мне цяжка табе гэта казаць, але гэта так.

Я не мог паверыць яму і ўсё даводзіў, што здарылася нейкая памылка: мажліва, гэтая ідыётка-сястра зноў штосьці пераблытала, дала яму не той рэнтгенаўскі здымак ці што-небудзь такое. Доктар адказаў мне з сама вялікай спагадаю, на якую, мабыць, быў здатны, што аналіз крыві быў паўтораны тройчы. Дыягназ не падлягае сумненню. Зараз ён накіруе нас да спецыяліста-гематолага. А папраўдзе, ён параіў бы…