Выбрать главу

Я перапыніў яго ўзмахам рукі. Мне патрэбная была хвіліна цішыні. Проста цішыні, каб усвядоміць тое, што здарылася.

— Што вы сказалі Джэні, доктар? — нарэшце папытаўся я.

— Што ў вас абаіх усё ў парадку.

— Яна паверыла.

— Думаю, што паверыла.

— Калі нам прыйдзецца сказаць ёй праўду?

— Цяпер гэта залежыць ад цябе.

Ад мяне! Божа літасцівы, ад мяне цяпер не залежала нічога, я, здавалася, перастаў ужо дыхаць.

Доктар растлумачыў, што медыцына не мае радыкальных сродкаў, каб лячыць тую форму лейкеміі, на якую пакутуе Джэні, — гэтыя сродкі могуць аблегчыць цячэнне хваробы, замарудзіць яе наступ, але толькі не спыніць. Таму цяпер рашэнне залежала ад мяне. Пакуль лячэнне можна было на нейкі час адкласці.

У гэты момант я думаў адно пра тое, якая ж агідная гэтая клятая жудасць.

— Але ж ёй толькі дваццаць чатыры гады! — сказаў, не, мабыць, крыкнуў я доктару.

Доктар спачувальна кіўнуў. Ён не горш ад мяне ведаў узрост Джэні і разумеў, як мне цяпер балюча. Урэшце я ўсвядоміў, што не магу прабыць у кабінеце ў гэтага чалавека ўсё сваё жыццё, і папытаўся ў яго, што мне рабіць… Ён параіў мне паводзіць сябе па мажлівасці як звычайна, быццам нічога і не здарылася, — як мага даўжэй. Я падзякаваў яму і выйшаў на вуліцу. Як звычайна. Быццам нічога і не здарылася.

Усё нармалёва. Нармалёва ўсё!

18

Я пачаў думаць пра Бога.

У сама патаемныя куткі маёй свядомасці закрадалася думка пра нейкую Вышэйшую істоту, якая жыве дзесьці не ўва мне. Не, мяне не апаноўвала жаданне кінуцца на яго з кулакамі, адпомсціць за тое, што ён збіраўся зрабіць са мною — дакладней, з Джэні. Мае рэлігійныя пачуцці былі зусім іншыя. Калі я прачынаўся ўранку, побач са мною была Джэні. Па-ранейшаму побач. І я спадзяваўся, хоць і адчуваў пры гэтым пэўную няёмкасць, што недзе ёсць Бог, якому я мог падзякаваць. Дзякую Табе, літасцівы Творца, за тое, што, прачынаючыся, я бачу побач з сабою Джэніфэр.

Я з усяе сілы стараўся паводзіць сябе як звычайна і таму, вядома, дазваляў ёй самой гатаваць сняданкі і гэтак далей.

— Ты сустракаешся сёння са Стратанам? — спыталася яна, калі я даядаў другую талерку аўсянкі.

— З кім? — папытаўся я, не расчуўшы.

— З Рэймандам Стратанам, — паўтарыла яна, — тваім найлепшым сябрам. Тваім суседам па інтэрнацкім пакоі — да таго, як з'явілася я.

— А-а… Ага, мы збіраліся гуляць у сквош. Але, відаць, я не пайду.

— Лухта.

— Што, Джэн?

— Ты не павінен прапускаць гульні, падрыхтунчык. Я не хачу, каб у мяне быў кволы муж, разумееш?!

— О'кэй, — сказаў я, — але давай тады папалуднуем дзе-небудзь у цэнтры.

— Навошта? — папыталася яна.

— Што значыць «навошта»? — узняў я голас, спрабуючы напусціць на сябе незадаволены выгляд. — Магу я звадзіць сваю жонку ў рэстаран ці не?

— Ну вось што, Барэт. Прызнавайся, хто яна. Як яе зваць? — раптам папыталася Джэні.

— Каго?

— Слухай, — утупілася яна ў мяне, — раз ты ні з таго ні з сяго цягнеш мяне ў рэстарацыю пасярод тыдня, значыцца, нехта ў цябе з'явіўся!

— Джэніфэр! — зароў я, цяпер раззлаваўшыся ўжо па-сапраўднаму. — Я не пацярплю такіх размоў у нас дома за сняданкам!

— Добра, тады пагаворым у нас дома за абедам. Я згатую яго, пакуль ты вернешся.

— О'кэй.

І я сказаў гэта самому Богу, хто б ён ні быў, дзе б ні знаходзіўся, што я з радасцю згаджуся, каб усё засталося, як ёсць. Няхай я буду пакутаваць, сэр Усявышні, я зусім не супраць, няхай я буду ведаць усё, толькі каб не ведала гэтага «ўсяго» Джэні. Ты чуеш мяне, сэр Усявышні? Назаві сваю цану.

— Олівэр!

— Слухаю, містэр Джонас.

Ён выклікаў мяне да сябе ў кабінет.

— Ты знаёмы з справаю Бэка?

Ведама ж, знаёмы! Робэрт Бэк працаваў фатографам у «Лайфе». Калі ён спрабаваў зняць масавыя хваляванні ў Чыкага, «выжлы» ледзь духі з яго не выбілі. Джонас лічыў гэтую справу адной з найважнейшых для фірмы.

— Я ведаю, што паліцэйскія страшэнна яго аддубасілі, сэр, — адказаў я…

— Я хачу, каб ты заняўся гэтай справаю, Олівэр, — сказаў містэр Джонас.

— Я адзін?

— Можаш узяць з сабою каго-небудзь з маладзейшых, — адказаў ён.

Маладзейшых? Маладзейшага за мяне ў фірме нікога не было. Але я, вядома, зразумеў падтэкст: «Олівэр, нягледзячы на твой узрост, у нашай фірме ты ўжо адзін з старэйшых. Адзін з нас, Олівэр».

— Дзякуй, сэр, — сказаў я.

— Калі ты зможаш выехаць у Чыкага? — спытаўся ён.