Выбрать главу

- Дык вось, - сказаў кот, - я працягваю. Як ты чуў, у мяне дзве функцыі: эстафета талентаў і клопат пра папулярнасць тэатра. Неўзабаве можа стацца так, што ў тэатры не застанецца выканаўцаў большасці галоўных роляў. Маладыя таленты яшчэ толькі на падыходзе - нехта вучыцца, а некага якраз толькі цяпер у трупу набіраюць. Ім яшчэ трэба назапасіць жыццёвы і прафесійны вопыт, увайсці ў прафесію, набраць нейкі інтэлектуальны багаж, каб мець што сказаць гледачу. Разумеет?

- Гэта я разумею. Я толькі не разумею, пры чым тут я?

- Я ж і кажу, што ў часе гэтай лакуны, што ўзнікне неўзабаве, трэба каб нехта закрываў сабой узніклыя дзіркі. Я выбраў на гэтую ролю цябе. Ты якраз падыходзіш паводле свайго веку і здольнасцяў.

- Чакайце, чакайце. Вы кажаце, што ўзнікне лакуна, і ў тэатры не застанецца выканаўцаў большасці галоўных роляў. Куды ж яны падзенуцца?

- Так, Віця, бачу, моцна ты спалохаўся мяне. Ажно не можаш нармальна ўключыцца ў гаворку. Змена пакаленняў. Чуеш? Зме-на па-ка-лен-няў...

- Вы маеце на ўвазе, што нашы старэйшыя акторы памруць? - спалохана спытаўся Віктар.

- Малойча, - ухвальна захітаў галавой кот і пераклаў нагу на нагу.

- Нарэшце ты здагадаўся. Ваш брат шмат курыць, п’е, сябе не даглядае, людзі мастацтва, адным словам. Пятрэнка вунь ужо ляжыць з інфарктам, Ляхновіча цукроўка заядае ад празмернай вагі, Пузанаў і Грабніцкі ўжо да васьмідзесяці падыходзяць, астатнія п’юць беспрабудна і самі свой хуткі канец набліжаюць, анкалогію і судзінныя хваробы, ведаеш, і ў нашы дні яшчэ ніхто не перамог.

- Божа ты мой! - усклікнуў Віктар. - Усе нашы памруць? Дык папярэдзьце іх, захавайце іх для тэатра, калі вы... - ён з сумненнем паглядзеў убок, - дух гэтага тэатра.

- Не магу, Віктар. Не магу. Мне забаронена ўмешвацца ў натуральную хаду жыцця і смерці. Я дбаю толькі пра тэатр.

- Але ж да мяне вы дзеля нечага прыйшлі. І вось хочаце зрабіць нейкую ракіроўку, запоўніць, як вы сказалі, лакуну. Гэта што, не ўмяшанне?

- Не, не ўмяшанне, прынамсі не ў справы жыцця і смерці. Так было задумана яшчэ дзвесце гадоў таму, калі тэатр толькі ствараўся. Ты думаеш, час насамрэч ёсць? І прастора таксама? Гэта ўсё адноснае, Віктар, вельмі адноснае. Мы адначасова ўсюды і нідзе. А я толькі падштурхоўваю таленты да рэалізацыі і паказваю, як гэта зрабіць. Дзіўна што ты, як я разумею, мне не верыш. Але яшчэ больш дзіўна мне бачыць перад сабой актора, які не верыць у свой уласны талент.

- Чаму, я веру. Проста абставіны для рэалізацыі кожнага актора залежаць шмат ад чаго, у тым ліку і ад людзей, якія яго атачаюць і якія тэатрам кіруюць. Я, напрыклад, не люблю запабягаць і дагаджаць начальству. Мне шмат хто зайздросціць... І вось мне ўжо каля пяцідзесяці, а я не народны і не заслужаны артыст. Тым часам у тэатры ёсць заслужаныя і на дзесяць гадоў маладзейшыя за мяне.

- Слушна кажаш, слушна. Але далей сітуацыя зменіцца. Зноў кажу, я не ўмешваюся ў натуральную хаду падзеяў жыцця і смерці. Я толькі дбаю пра наяўнасць у тэатра гледачоў і талентаў у трупе. Табе я прыйшоў падказаць, што хутка будзе твая чарга выходзіць на першыя ролі, і што табе трэба для гэтага зрабіць. Раней я ўжо не раз меў такія размовы з тваімі папярэднікамі і некаторымі цяперашнімі лідэрамі трупы.

- Так? - Віктар па-ранейшаму не даваў веры ўсяму, што цяпер адбывалася ў ягонай грымёрцы.

- Так, так. І табе пара ўжо паверыць, што тое, што цяпер адбываецца з табой - праўда і рэальнасць.

- Добра, добра. Веру, - Віктар зноў спалохана зразумеў, што кот чытае думкі. - Я вас слухаю.

- Ты недастаткова шмат чытаеш і недастаткова ўважліва назіраеш за людзьмі вакол цябе. Я пакіну табе спіс неабходнай літаратуры, якую табе трэба будзе прачытаць у наступныя некалькі гадоў. Пачні рабіць запісы, занатоўвай людскія паводзіны, сваю рэакцыю на іх, свае думкі. Каб нешта сказаць гледачу, трэба мець, што сказаць. Варта будзе кінуць піць і курыць. Таксама конча неабходна скінуць вагу і заняцца ўласнай фігурай. Для гэтага ты пачнеш хадзіць у фітнэс. Усё гэта ў комплексе ўмацуе тваё здароўе, уздыме самаацэнку і самапавагу. Усё астатняе зробіць змена пакаленняў. Вось так.

- Змена пакаленняў... Дзіўна гучыць, - Віктар скептычна пакруціў галавой.

- Нармальна гучыць, - кот зноў пераклаў нагу на нагу. - І не жартуй са мной. Я яшчэ не сказаў табе, што ты не можаш адмовіцца ад таго, да чаго цябе заклікае дух тэатра.

- А калі не паслухаюся?

- Паслухаешся. Ты ж актор. Ад такой магчымасці ніводзін з вас не адмовіцца. Пакажы мне хоць аднаго калегу, які сябе не лічыць геніем. Можаш такога назваць?

Віктар змоўчаў і толькі адмоўна пакруціў галавой.

- Вось і я пра гэта. А тут для цябе адкрываецца магчымасць для нечуванай самарэалізацыі. Ну а калі не паслухаешся, дык я магу і каго маладзейшага за цябе выбраць на гэтую ролю. Напрыклад, Сцяпанава.