Выбрать главу

Так вандруючы, нарэшце дабраўся я да італьянскага горада Фларэнцыі. Я меркаваў прабыць там доўга, часткова таму, што гэты горад спадабаўся мне, а часткова таму, што хацеў адпачыць ад цяжкасцяў валацужнага жыцця. Я арандаваў лаўку ў гарадскім квартале Санта Крочэ, а ў карчме, што стаяла недалёка адтуль, наняў два цудоўныя пакоі з балконам. Потым я распаўсюдзіў абвесткі, дзе гаварылася, што я лекар і купец. Ледзь толькі паспеў я адчыніць маю лаўку, як туды валам павалілі пакупнікі. І хоць кошты ў мяне былі крыху вышэйшымі, чым у маіх суседзяў, прадаваў я больш, бо заўжды быў ветлівым і добразычлівым. Так я пражыў у Фларэнцыі чатыры цудоўныя дні, і вось аднойчы вечарам, зачыніўшы лаўку і папаўняючы, паводле старой завядзёнкі, слоікі з мазямі, я заўважыў у адной з іх паперку, якую, наколькі мне помнілася, туды не клаў. Я разгарнуў цыдулку і знайшоў там запрашэнне прыйсці сёння ноччу роўна ў дванаццаць гадзін на мост Понтэ Вэк’ё. Я доўга гадаў, хто ж мог запрасіць мяне туды, і падумаў – бо не ведаў у Фларэнцыі аніводнай душы, што мяне хутчэй за ўсё хочуць правесці да нейкага хворага. Я пастанавіў ісці, але ўзяць з сабою дзеля ўласнае бяспекі падараваную мне бацькам шаблю.

Бліжэй да поўначы я выправіўся ў дарогу і хутка прыйшоў на Понтэ Век’ё. На мосце было пуста і бязлюдна, але я вырашыў чакаць, пакуль не высветліцца, хто ж мяне сюды клікаў. Ноч была халодная, ярка свяціў месяц. Я стаяў і пазіраў з моста ўніз, дзе пераліваліся ў месяцовым святле хвалі Арна. У гарадскіх касцёлах прабілі поўнач. Я выпрастаўся і ўбачыў перад сабою высокага чалавека. Постаць ягоная хавалася пад доўгім чырвоным плашчом, крысом якога ён захінаў сабе твар.

Спачатку мяне працяў лёгкі страх ад такога раптоўнага з’яўлення гэтага чалавека ў мяне за спінаю, аднак я хутка авалодаў сабою і сказаў: “Калі гэта вы загадалі мне прыйсці сюды, то ласкава прашу патлумачыць мне сваю волю”.

Чырвоны плашч павярнуўся і павольна вымавіў: “Ідзі за мной!” Ды мне стала неяк вусцішна ісці сам-насам з гэтым незнаёмцам, таму я не зрушыў з месца і сказаў: “Не, спадар. Прашу вас спачатку растлумачыць мне, куды мы ідзем, а таксама адкрыць на хвілінку свой твар, каб я мог пераканацца, што вы не задумалі супраць мяне злога”.

Аднак чырвоны, падобна, застаўся абыякавым да маіх словаў: “Калі ты не хочаш, Цалёўкас, то заставайся”, – сказаў ён і пайшоў далей.

Тут я ўспыхнуў: “Вы мяркуеце, што такі чалавек, як я, дазволіць глуміцца з сябе кожнаму дурню і будзе халоднай ноччу дарэмна чакаць на мосце?!” Трыма скачкамі дагнаў я незнаёмца, схапіў яго за крысо плашча і, трымаючы другой рукой шаблю, закрычаў яшчэ гучней. Аднак плашч застаўся ў маёй руцэ, а незнаёмец знік за першым жа вуглом. Мой гнеў пакрысе сціх, тым больш што я меў у руках плашч, які мог быць ключом да разгадкі гэтай незвычайнай начной прыгоды.

Я захутаўся ў плашч і рушыў дадому, аднак не зрабіў і сотні крокаў, як нехта ўшчыльную наблізіўся да мяне і прашаптаў на франкскай мове: “Прыміце да ведама, граф, што сёння ноччу нічога не атрымаецца”. Ды не паспеў я азірнуцца, як незнаёмец ужо знік, і я зноў пабачыў толькі мільгатанне ценю на сценах дамоў. Тое, што словы гэтыя адрасаваліся плашчу, а не мне, не выклікала сумневу, аднак ніякім чынам не тлумачыла маіх прыгодаў. Раніцай наступнага дня я вырашыў, як буду дзейнічаць. Спачатку я хацеў даць аб’яву, нібыта знайшоў плашч. Аднак тут існавала верагоднасць, што яго забярэ нейкая трэцяя асоба, і я застануся ні з чым. Разважаючы так, я больш уважліва разгледзеў плашч. Ён быў зроблены з цяжкога генуэзскага аксаміту, падбіты каракулем і багата аздоблены золатам. Цудоўны выгляд плашча падштурхнуў мяне да іншага рашэння, якое я і паспяшаўся выканаць.

Я прынёс плашч у лаўку і выставіў яго на продаж. Кошт, аднак жа, прызначыў такі высокі, што – у гэтым я быў упэўнены – ніхто не захацеў бы яго купіць. Сэнс маёй задумы быў у тым, каб уважліва разледзець кожнага, хто зацікавіцца футрам. Бо хоць я і бачыў незнаёмца, які згубіў праз мяне свой плашч, толькі мімаходам, не было сумневу, што я пазнаў бы ягоную постаць сярод тысячы іншых. Траплялася шмат ахвотных купіць плашч, выключная прыгажосць якога прываблівала да сябе позіркі, аднак ніводзін з іх нават аддалена не нагадваў майго незнаёмца, ніводзін не захацеў заплаціць высокі кошт у дзвесце цэхінаў. Таксама звярнуў я ўвагу на тое, што калі я пытаўся ў таго ці іншага, ці не бачыў ён у Фларэнцыі яшчэ аднаго такога плашча, кожны адказваў, што не, не бачыў, і спяшаўся запэўніць мяне, нібыта ўпершыню сустракае такую дарагую і густоўную рэч.