Выбрать главу

Аднак сенатар асудзіў ягонае ўмяшальніцтва, бо ён сам перадаў свае правы, а таксама заўважыў, што ён бяздоказна абвінавачвае мяне ў карысталюбстве, бо, паводле ягоных жа словаў, у забітай нічога не знікла. Ён пайшоў яшчэ далей і патлумачыў губернатару, што той мусіць даць справаздачу аб жыцці ягонае дачкі, бо толькі ведаючы ўсе акалічнасці, можна меркаваць, праўду я сказаў альбо не. На гэтым сенатар спыніў сённяшняе паседжанне, як ён патлумачыў, з прычыны пільнае небходнасці азнаёміцца з перададзенымі губернатарам паперамі памерлай. Мяне прывялі назад у маю вязніцу, дзе я зноў і зноў перажываў гэты страшны дзень, пестуючы разам з тым надзею, што адшукаецца хоць якая-небудзь сувязь паміж забітай і чырвоным плашчом. Поўны спадзяванняў, ступіў я назаўтра ў судовую залу. На стале было шмат лістоў. Стары сенатар спытаўся ў мяне, ці мой гэта почырк. Я паглядзеў на паперы, і мне падалося, што напісаныя яны той самай рукой, што і дзве атрыманыя мною цыдулкі. Гэта я і сказаў сенатару. Аднак словы мае не былі прынятыя да ўвагі, і мне заўважылі, што маё аўтарства відавочнае, тым больш пад лістамі стаіць подпіс “Ц.” – першая літара майго імені. У лістах жа гэтых утрымліваліся пагрозы на адрас памерлай і папярэджанні наконт вяселля, прычым усе яны былі цалкам ажыццёўленыя.

Губернатар даваў дзіўныя тлумачэнні адносна маёй асобы, і наогул абыходзіліся са мною сёння недаверліва і сурова. Каб апраўдацца, я спаслаўся на паперы, якія павінныя былі знайсціся ў маім пакоі. Аднак мне было заяўлена, што там ужо шукалі і нічога не знайшлі. Так пад канец гэтага дня я страціў рэшткі надзеі, і калі мяне прывялі ў судовую залу на трэці дзень, я пачуў, што мяне за спланаванае і здзейсненае забойства асудзілі на смяротнае пакаранне. Такі вось выпаў мне лёс. Мала таго, што пакінуў я тое адзінае, што было мне яшчэ дарагім на гэтай зямлі, – маю радзіму, дык яшчэ мушу, няшчасны, памерці ад сякеры ў самым росквіце гадоў.

Вечарам жахлівага дня, які вырашыў мой лёс, сядзеў я ў самотнай сваёй вязніцы. Надзея пакінула мяне, а ўсе думкі былі пра смерць. Раптоўна дзверы турмы адчыніліся і зайшоў нейкі чалавек. Ён доўга моўчкі глядзеў на мяне. “Вось так давялося нам зноў сустрэцца, Цалёўкас”, – прамовіў ён. Пры цьмяным святле лямпы я не пазнаў яго, аднак гучанне ягонага голасу разварушыла ўва мне старыя ўспаміны. Ну канечне, гэта быў Валеці, адзін з нешматлікіх сяброў, якіх я знайшоў падчас навучання ў Парыжы. Ён расказаў, што выпадкам трапіў у Фларэнцыю, дзе бацька ягоны быў паважаным чалавекам, пачуў пра маю гісторыю і прыйшоў сюды, каб ад мяне самога даведацца, як мог я ўчыніць такое цяжкое злачынства. Я расказаў яму сваю гісторыю. Ён быў вельмі здзіўлены і заклінаў мяне расказаць яму, свайму адзінаму сябру, усю праўду, каб не ісці на пакуты з цяжарам хлусні. Я прысягнуў яму ўсімі святымі, што расказаў чыстую праўду і што няма на мне іншай віны, акрамя той, што, аслеплены бляскам золата, не мог заўважыць неверагоднасці апавядання незнаёмца. “Дык ты не быў знаёмы з Б’янкай?” – спытаўся ён. Я запэўніў яго, што ніколі не сустракаўся з ёю. Валеці расказаў мне, што смерць гэтая ахінутая глыбокай таямніцай, што губернатар патрабуе найхутчэйшага выканання прысуду і што ходзяць чуткі, нібыта я даўно ўжо быў знаёмы з Б’янкай і забіў яе з рэўнасці, калі яна вырашыла выйсці замуж за іншага. Я заўважыў яму, што словы гэтыя куды лепш пасуюць чырвонаму плашчу, але я ніяк не змагу даказаць ягоны ўдзел у забойстве. Валеці са слязамі абняў мяне і паабяцаў зрабіць усё, каб выратаваць мне жыццё. Я не меў асаблівай надзеі, аднак ведаў, што Валеці чалавек разумны і дасведчаны ў юрыспрудэнцыі і зробіць усё магчымае для майго выратавання. Два доўгія дні прайшлі ў невядомасці. Нарэшце з’явіўся Валеці і сказаў: “Я прынёс табе суцяшэнне, аднак жа і яно не радаснае. Ты застанешся жыць і цябе выпусцяць на свабоду, аднак ты страціш адну руку”. Узрушана дзякаваў я майму сябру за выратаванае жыццё. А ён сказаў мне, што губернатар быў няўмольны адносна перагляду справы, аднак урэшце, каб не выглядаць несправядлівым, пастанавіў, што калі знойдзецца ў гісторыі Фларэнцыі падобны выпадак, то маё пакаранне будзе такім самым, якое прымянілі мінулым разам. Дзень і ноч Валеці і ягоны бацька чыталі старыя кнігі і нарэшце знайшлі апісанне такога самага здарэння. Пакаранне было наступным: адсячы забойцу левую руку, маёмасць адабраць, а самога яго асудзіць на вечнае выгнанне. Я не хачу апісваць вам той страшны час, калі стаяў я на рынкавым пляцы і бачыў на калодзе сваю руку, а потым мая ўласная кроў хлынула мне на ногі!