Выбрать главу

— О гаспадар! — сказаў мой верны слуга. — Тут адбылося нешта жудаснае. Аднак нават калі там, унізе, нас чакаюць забойцы, лепш аддацца іх літасці, чым далей бавіць час тут, у кампаніі мерцвякоў.

Я пагадзіўся з ім. Мы неяк сунялі дрыготку і асцярожна спусціліся, чакаючы найгоршага. Але і ўнізе панавала мёртвая цішыня, былі чутныя адно нашыя крокі. Мы сталі перад дзвярыма каюты. Я прыклаў вуха да дзвярэй і прыслухаўся — не чуваць ні гуку. Я адчыніў дзверы. У пакоі панавала бязладдзе. Адзежа, зброя, іншыя рэчы ляжалі як папала. Поўны гармідар. Каманда — або прынамсі капітан — напярэдадні, відаць, добра пагулялі, бо ўсё было перакуленае дагары нагамі. Мы пераходзілі з каюты ў каюту, з памяшкання ў памяшканне, і паўсюль бачылі багатыя запасы ядвабу, перлінаў, цукру і гэтак далей. Я дужа ўзрадаваўся, пабачыўшы такое, бо меркаваў, што калі ўжо на караблі няма нікога жывога, дык можна спакойна прысабечыць гэтае майно, але Ібрагім звярнуў маю ўвагу на тое, што мы, відаць, яшчэ вельмі далёка ад сушы і ніколі не зможам трапіць туды самі, без чалавечае дапамогі.

Мы пацешылі сябе ежаю і напоямі, якіх тут было больш чым дастаткова, і зноў падняліся на палубу. Але там ад выгляду трупаў у нас па скуры зноў забегалі мурашкі. Мы вырашылі пазбавіцца ад мерцвякоў і выкінуць трупы за борт, аднак наколькі паменшаў наш імпэт, калі мы высветлілі, што ніводнага з іх немагчыма зварухнуць з месца. Як прыкаваныя, яны ляжалі на палубе, і трэба было выломліваць дошкі, каб іх прыбраць, а для гэтага нам спатрэбіўся б інструмент. Дый капітана немагчыма было аддзерці ад ягонай мачты, мы шмат разоў спрабавалі выкруціць шаблю са здранцвелай рукі. Дзень мы правялі ў бязрадасным сузіранні, а калі пачало цямнець, я дазволіў старому Ібрагіму легчы спаць, сам жа вырашыў не класціся і застацца на палубе, каб абдумаць спосабы магчымага выратавання. Аднак калі ўзышоў месяц і я вылічыў па зорках, што цяпер прыкладна адзінаццатая гадзіна, мяне апанаваў такі неадольны сон, што я міжволі зваліўся за бочку, што стаяла на палубе. Праўда, гэта было хутчэй аглушэнне, чым сон, бо я выразна чуў, як мора б’ецца ў борт і як рыпяць і пасвістваюць ветразі. Раптам мне падалося, што я чую на палубе мужчынскія галасы і крокі. Я хацеў выпрастацца, каб зірнуць, што там адбываецца, але нябачная сіла скавала мае члены, і я быў не ў змозе расплюшчыць вочы. Галасы рабіліся ўсё выразнейшыя, здавалася, цэлая каманда весела высыпала на палубу. Мне падалося, я чую гучны голас, які аддае каманды матросам, чую, як падымаюць ветразі і нацягваюць ліны. Але маё ўспрыманне ўсё больш слабела, я праваліўся ў глыбокі сон, у якім мне чуўся адно грукат зброі. Я прачнуўся толькі тады, калі сонца ўжо стаяла высока і апякала мне твар. Здзіўлены, я агледзеўся. Бура, карабель, мерцвякі і ўсё, што я чуў уначы, падалося мне сном, а калі я падняў вочы, усё было зусім як учора. Нерухома ляжалі мёртвыя, нерухомы быў капітан, прыбіты да мачты. Я пасмяяўся са свайго сну і падняўся, каб знайсці старога слугу.

Той сядзеў у каюце, моцна задумаўшыся.

— О гаспадар! — усклікнуў ён, калі я ўвайшоў. — Лепш мне ляжаць на дне мора, чым правесці яшчэ адну ноч на гэтым зачараваным караблі!

Я запытаўся пра прычыну ягонай трывогі, і ён адказаў:

— Паспаўшы некалькі гадзін, я прачнуўся і пачаў думаць, што гэта рухаецца туды-сюды над маёй галавой. Спачатку я вырашыў, што гэта вы, але іх было прынамсі дваццаць — тых, хто бегаў па палубе, — гучалі крыкі і воклічы. Урэшце я пачуў, як нехта цяжка спускаецца па сходах. Тады я ўжо ведаў, што гэта не вы, і тут, апрытомнеўшы, пабачыў таго самага чалавека, які быў прыбіты цвіком да мачты там, наверсе, пабачыў, як ён сядзіць вунь за тым сталом, спявае і п’е, а той, у чырвоным, які валяўся паблізу, сядзеў побач і піў разам з ім.

Вось што расказаў мне мой стары слуга. Можаце паверыць, сябры мае: нядобра зрабілася ў мяне на душы, бо выходзіла, што гэта была не галюцынацыя, я ж таксама чуў тых мерцвякоў. Плыць у такой кампаніі было жудасна. А мой Ібрагім зноў глыбока занурыўся ў думкі.

— Вось што я мяркую! — усклікнуў ён нарэшце: яму прыгадалася замова, якую ён даведаўся ад свайго дзядулі, абазнанага чалавека, якому дзе толькі не даводзілася падарожнічаць. Замова дапамагала ад любых чараўніцтваў і зданяў. А яшчэ ён сказаў, што наступнай ноччу мы зможам перамагчы той ненатуральны сон, які нас адолеў, калі будзем чытаць з належнай стараннасцю суры з Карана. Прапанова старога прыйшлася мне даспадобы. У нецярплівым чаканні мы глядзелі, як апускаецца ноч. Побач з каютай была каморка, у якую мы вырашылі перабрацца. Мы прасвідравалі ў дзвярах шмат адтулін, досыць вялікіх, каб назіраць праз іх, што адбываецца ў каюце, потым замкнулі пакой знутры так добра, як толькі маглі, і Ібрагім напісаў імя Прарока ва ўсіх чатырох кутах. Так мы пачалі чакаць начных жахаў. Было зноў каля адзінаццаці, калі мяне неадольна пачало хіліць у сон. Мой спадарожнік параіў чытаць малітвы з Карана, і гэта дапамагло. Раптам зверху пачалося нейкае ажыўленне, ліны зарыпелі, на палубе пачуліся крокі, і стала выразна чуваць, як гаворыць адразу некалькі галасоў. Пэўны час мы праседзелі ў такім напружаным чаканні, слухаючы, як нехта спускаецца па сходах. Калі стары пачуў гэта, ён прамовіў малітву супраць зданяў і чараўніцтва, якой навучыўся ад свайго дзеда: