Выбрать главу
З паветра бераце вы сілы, Ці з мора чорнай глыбіні, Ці з нетраў цёмнае магілы, Ці нарадзіліся ў агні — Алах ёсць панам па-над вамі, Яму слухмяныя ўсе здані.

Трэба прызнаць, я не вельмі верыў у гэты заклён, і валасы падняліся на маёй галаве, калі дзверы адчыніліся. У пакой увайшоў той мажны, ладнай паставы чалавек, якога я бачыў прыбітым цвіком да мачты. Цвік і цяпер праходзіў акурат пасярэдзіне ягонага ілба, але меч ён схаваў у похвы. За ім увайшоў яшчэ адзін, апрануты амаль з гэткай самай раскошай, яго я таксама пазнаў — ён валяўся там, наверсе. Капітан — а гэта быў, без сумневу, ён — меў бледны твар і вялікую чорную бараду і дзіка круціў вачыма, аглядаючыся вакол сябе. Мне было вельмі добра відаць, як ён набліжаецца да нашых дзвярэй, але, здаецца, дзверы, за якімі мы стаіліся, яго не надта цікавілі. Абодва ўселіся за стол, што стаяў пасярэдзіне пакоя, і завялі між сабою гучную, амаль да крыку, размову на незнаёмай мове. Размова рабілася ўсё гучнейшая і палчэйшая, пакуль урэшце капітан не грукнуў па стале так, што пакой ажно скалануўся. Другі чалавек з дзікім рогатам ускочыў і махнуў капітану рукою, запрашаючы ісці за сабой. Той падняўся, выцягнуў шаблю з похваў, і абодва пакінулі пакой. Мы пачалі дыхаць вальней, калі яны выйшлі, але страх наш трываў яшчэ доўга. На палубе рабілася ўсё больш і больш шумна. Было чутно, як там бегаюць і крычаць, смяюцца і скавычуць. Урэшце пачаўся сапраўды пякельны вэрхал, мы падумалі, што палуба зараз абрынецца проста на нас разам з усімі ветразямі, мы чулі звон зброі і лямант — і раптам павісла ціша. Калі праз некалькі гадзін мы нарэшце наважыліся выйсці, усё выглядала як раней: целы ляжалі ў тых самых позах. Усе зноў здранцвелі.

Так мы прабавілі на караблі шмат дзён. Ён увесь час плыў на ўсход, дзе, паводле маіх разлікаў, мусіла быць зямля. Аднак калі ўдзень мы пакідалі за спінай мілю за міляй, то ўначы, як мне здавалася, карабель вяртаўся туды, дзе й быў, бо калі ўзыходзіла сонца, мы ўсё яшчэ знаходзіліся ў тым самым кутку акіяна. Кожную ноч мерцвякі на ўсіх вятрах кіруюць карабель назад — іншага тлумачэння ў нас не было. Каб запабегчы гэтага, з надыходам цемры мы нацягнулі ветразі, скарыстаўшыся тым самым сродкам, што і ў каюце: напісалі на пергаментах імя Прарока, а таксама дзядулеў заклён, і абвязалі іх вакол нацягнутых ветразяў. Седзячы ў сваёй каморцы, мы са страхам чакалі, ці прынясе гэта поспех. Падавалася, што прывіды разышліся гэтым разам яшчэ мацней, але глядзі ж ты: наступнай раніцай ветразі засталіся нацягнутыя так, як мы іх пакінулі. Мы нацягнулі столькі ветразяў, колькі было неабходна, каб карабель імчаў наперад, і такім чынам адолелі за пяць дзён неблагую адлегласць.

Урэшце раніцай шостага дня мы заўважылі зусім блізка сушу і ўзнеслі хвалу Алаху і ягонаму Прароку за нашае цудоўнае выратаванне. Дзень і ноч мы плылі да сушы і вось на сёмую раніцу пабачылі нейкі горад. З цяжкасцю апусцілі ў мора якар, і як толькі ён дакрануўся дна, спусцілі на ваду шлюпку, што стаяла на палубе, і з усяе моцы павеславалі да горада. Праз паўгадзіны мы апынуліся ў вусці ракі, што ўпадала ў мора, і нарэшце выйшлі на бераг. Ля гарадской брамы мы даведаліся, як называецца места: высветлілася, што гэта індыйскі горад, што ляжыць недалёка адтуль, куды я думаў выправіцца. Мы пасяліліся ў караван-сараі і адпачылі ад нашага поўнага прыгодаў падарожжа. Я распытаў у мудрага і прыстойнага чалавека, у якім адразу пазнаў гаспадара, дзе тут можна знайсці каго-небудзь абазнанага ў чараўніцтве. Ён завёў мяне на адну з аддаленых вуліц да нічым не прыкметнага дома, пагрукаў і развітаўся, сказаўшы, што я мушу спытаць Мулея.

У доме мяне сустрэў стары чалавечак з сівой барадой і доўгім носам і запытаўся, што мяне прывяло. Я сказаў яму, што шукаю мудраца Мулея, і той адказаў, што гэта ён і ёсць. Я папрасіў у яго толькі адной парады: што мне рабіць з мерцвякамі і як зрабіць так, каб прыбраць іх з карабля. Ён адказаў, што каманда карабля была, верагодней за ўсё, зачараваная за нейкі бунт у моры, і ён мяркуе, што з чараўніцтвам можна было б зладзіць, калі перанесці іх на сушу, але гэта можна зрабіць, толькі аддзёршы іх разам з дошкамі, на якіх яны ляжаць. Карабель і ўся маёмасць, што на ім, згодна з зямным і боскім законам належаць мне, таму што гэта я знайшоў і тое, і другое. Але калі я захаваю ўсё ў таямніцы і зраблю яму маленькі падарунак з рэшты свайго багацця, сказаў Мулей, ён са сваімі рабамі дапаможа мне прыбраць мёртвыя целы. Я паабяцаў шчодра ўзнагародзіць мудраца, і мы з пяццю рабамі, узброенымі піламі і сякерамі, выправіліся да карабля. Па дарозе чараўнік Мулей не стамляўся хваліць нашую ідэю абвязаць ветразі пергаментамі з сурамі Карана. Гэта, сказаў ён, быў адзіны сродак уратавацца.