Выбрать главу

Яшчэ стаяў ясны дзень, калі мы дабраліся да карабля. Мы адразу ж прыняліся за працу, і праз гадзіну чацвёра мерцвякоў ужо ляжалі ў чоўне. Рабы мусілі завезці іх на сушу, каб закапаць там. Калі рабы вярнуліся, то расказалі, што мерцвякі спрасцілі ім працу: калі іх паклалі на зямлю, яны рассыпаліся ў пыл. Мы працягвалі адпілоўваць дошкі з трупамі, і да вечара ўсе яны ўжо ляжалі ў зямлі. Нікога не засталося на борце карабля, апрача таго, што быў прыбіты цвіком да мачты. Дарэмна намагаліся мы выцягнуць цвік з дрэва — ніякая сіла не здольная была яго зварухнуць. Я не ведаў, што рабіць: нельга ж секчы мачту, каб перавезці капітана на бераг. Але тут дапамог Мулей. Ён хуценька паслаў на сушу раба, каб той прывёз гаршчок з зямлёй. Калі раб вярнуўся, чараўнік прамовіў нейкія таямнічыя словы і высыпаў зямлю на галаву мерцвяка. Той адразу ж расплюшчыў вочы, зрабіў глыбокі ўдых — і рана на ягоным ілбе пачала кроватачыць. Цяпер мы лёгка выцягнулі цвік, і паранены паваліўся проста на рукі рабоў.

— Хто прывёў мяне сюды? — запытаўся ён пасля таго, як трохі ачуняў. Мулей паказаў на мяне, і я падышоў. — Дзякуй табе, невядомы чужынец, ты ўратаваў мяне ад доўгіх пакутаў. Пяцьдзясят гадоў плавае па гэтых хвалях маё цела, і душа мая была вырачаная кожны дзень вяртацца ў яго. Зямля нарэшце кранулася маёй галавы, і я магу мірна выправіцца да маіх прабацькаў.

Я папрасіў яго расказаць, як ён трапіў у такое жудаснае становішча, і ён загаварыў:

— Пяцьдзясят гадоў таму я быў магутны, паважаны чалавек і жыў у Алжыры. Прага да багацця пагнала мяне купіць і аснасціць карабель, каб выпраўляцца на марскі рабунак. Гэтай справай я займаўся некалькі гадоў, і вось неяк у Зантэ я ўзяў на борт аднаго дэрвіша, які хацеў плыць задарма. Я і мая каманда былі людзі не надта цырымонныя і не зважалі на святасць яго асобы, а я шмат насміхаўся з яго. Аднойчы, пасля таго як ён у сваёй святой апантанасці пачаў дакараць мяне за грэшны лад жыцця — а я тады добра выпіваў са стырнавым у сваёй каюце, — мяне ахапіў гнеў. Ашалеўшы ад словаў дэрвіша, якія я не стаў бы трываць нават ад султана, я кінуўся на палубу і ўсадзіў кінжал яму проста ў грудзі. Паміраючы, дэрвіш выкляў мяне разам з камандаю: ні я, ні мае матросы не маглі ні памерці, ні жыць, пакуль нашыя галовы не лягуць у зямлю. Дэрвіш аддаў Богу душу, мы кінулі яго труп у мора і пасмяяліся з яго праклёнаў, але ў тую самую ноч ягоныя словы спраўдзіліся. Частка маёй каманды ўзбунтавалася супраць мяне: сварка была шалёная, мае прыхільнікі былі перабітыя, а мяне прыбілі цвіком да мачты. Але і бунтаўнікоў даканалі іхныя раны, і неўзабаве мой карабель ператварыўся ў адну вялікую магілу. Мае вочы заслаў туман, дых заняло, я падумаў, што памёр. Але тое, што пазбавіла мяне сілаў, было толькі здранцвеннем. Наступнай ноччу, дакладна ў тую самую гадзіну, калі мы выкінулі дэрвіша за борт, я і мая каманда ачунялі, жыццё вярнулася да нас, але мы не маглі нічога ні гаварыць, ні рабіць, апрача таго, што гаварылі і рабілі ў тую ноч. Так мы плавалі пяцьдзясят гадоў, не жывучы і не паміраючы; як мы маглі трапіць на сушу? Са шчырай радасцю накіроўвалі мы наш карабель у самае сэрца буры, бо спадзяваліся нарэшце наляцець на рыф і спакойна скласці галовы на марскім дне. Але ў нас нічога не атрымлівалася. Цяпер жа я нарэшце магу памерці. Яшчэ раз дзякую табе, невядомы збаўца, і калі мае скарбы могуць быць табе ўзнагародай, вазьмі гэты карабель на знак маёй удзячнасці.

Капітан апусціў галаву і развітаўся з жыццём. Як толькі гэта адбылося, ён, як і яго спадарожнікі, ператварыўся ў пыл. Мы сабралі той пыл у скрыначку і пахавалі ў зямлі, а я наняў у горадзе рабочых, якія прывялі карабель у належны выгляд. З выгадаю абмяняўшы тавар, што быў на караблі, я знайшоў сабе матросаў, шчодра ўзнагародзіў Мулея і выправіўся на радзіму. Праўда, паплыў я кружной дарогаю, высаджваючыся на розных выспах і ў розных краях ды прапаноўваючы свой тавар на рынках. Прарок блаславіў мой гандаль. Праз дзевяць месяцаў я, маючы багацця ўдвая болей, чым пакінуў мне капітан, кінуў якар у Бальсоры. Суайчыннікі дужа здзівіліся маёй заможнасці і маёй удачы: яны былі пэўныя, што мне пашчасціла адшукаць Дыяментавую даліну знакамітага вандроўніка Сіндбада. Я не стаў іх разупэўніваць, і вось з таго часу маладыя людзі з Бальсоры, якім споўнілася васямнаццаць, выпраўляюцца ў падарожжа, каб, таксама як я, знайсці сваё шчасце. А я жыў сабе спакойна, у міры, і кожныя пяць гадоў ладзіў падарожжы ў Мекку, каб у святых мясцінах узнесці хвалу Уладару за яго ласку да мяне і прасіць за капітана і яго каманду, каб Усёмагутны ўзяў іх у рай.