Выбрать главу

— Дзядзька, не трэба так выдурняцца! — сказаў Ясь раздражнёна.

— А што, смаркачыку! — здзівіўся дзядзька. — Можа, і ты ўжо пад мелодыю «Інтэрнацыяналу» Богу молішся?.. Га?..

— І зусім не малюся. Я, дзядзька, столькі не награшыў, колькі вы. Толькі вы мне слова сказаць не даяце.

— Ну, кажы давай.

— Я хачу гэтую бялізну ў вас выкупіць.

— Каб нюхаць ці каб лізаць… Га?.. А можа, у рамкі паўстаўляеш?.. Бо табе яна не падыдзе, прарэхі няма.

— Вы, дзядзька, на старасці год зусім з глузду паехалі.

— Натуральна, бабскіх майтасаў ужо пад падушкай не трымаю.

— Я хачу купіць яе для сваёй дзяўчынкі. Разумееце, дзядзька… І забудзьцеся пра таго Яся, што з вамі за бабамі ў лазні падглядаў… Гэта вам, дзядзька, у самы раз. А я прыгожую бабу і ў ложку магу мець. Вы гэта на продаж узялі. Я першы пакупнік. Колькі вы за гэта хочаце?.. Вось і ўвесь інтэрас.

— Ого, гэта ты такі шубравец стаў? — задуменна расцягнуў Філіп Жардонь.

— А так… Акалі вы, дзядзька, будзеце з мяне кпіць, то я і вам магу штосьці зусім не мілае сказаць.

— Халера! Вось гэта пакупнік! Трымай гэтыя слодычы, каханенькі, і гані сюды 1000 рублікаў! — дзядзька здзекліва ўсміхнуўся і прымружыў вочы.

Але Ясь урачыста выцягнуў з кішэні шчыльна напханае партманэ і, дэманструючы даляравыя купюры, адлічыў тысячу пяцьсот рублёў:

— Калі ласка. На пяцьсот рублёў больш: за пабалакаць.

Дзядзька сквапна прыняў грошы і з’едліва прамовіў:

— Сардэчна дзякую шаноўнаму пану Яну за яго шчодразычлівасць. Вашымі малітвамі… Маю падштаннічкі здохлага рабіна… Антыкварыят, можна сказаць… Рэч на аматара. Можа, пан Ян зацікаўлены?

— Дзякую, сабе на пахаванне пакіньце! Вас, дзядзька, даўно ўжо д’ябал шукае па свеце, бо ў пекле без вас нудна… І не кажыце Лобавай, што я гэта купіў…

— Усім скажу… Афішы надрукую… У газетах абвяшчу… Майткі фурамі будуць звозіць…

І дзядзька, блазнуючы, пайшоў разлічвацца з Лобавай за перададзены яму на продаж тавар. А Ясь са смуткам шкадаваў, што раней не прыйшоў на дапамогу Марусі, якая заўжды была да яго такая шчодрая. Толькі апошнімі месяцамі ўсё радзей з’яўляліся на стале добрыя віны і прысмакі.

Назаўтра Ясь пайшоў у горад і купіў цэлы пачак розных далікатэсаў. Былі там і няўмела выбраныя віны. Ясь прывёз усё дадому і паставіў у каморы. На падворку ён сустрэў Марусю. Яна была досыць вясёлая.

— Прыходзь да мяне сёння ўвечары на добрую вячэру, — запрасіла яна Яся.

— Добра, — сказаў ён, — але толькі з адной умовай.

— Якой умовай?! — здзівілася Лобава.

— Што ты прымеш ад мяне падарунак і выканаеш адну маю просьбу.

— Добра, добра, — усміхнулася Маруся.

Калі ўвечары Ясь прыйшоў да Лобавай, то ўбачыў на стале пірожныя, цукеркі, садавіну і бутэльку лікёру. Маруся ведала, што Ясь любіць салодкае. На пліце была падрыхтаваная кава, заставалася толькі запарыць..

— Нарэшце, — сказала Маруся. — Сядай, зараз будзе кава.

— Толькі спачатку я прынясу табе падарунак, — сказаў Ясь і пайшоў у кладоўку.

Неўзабаве ён прынёс і паставіў на крэсле даволі вялікі пакунак, які пачаў разгружаць, дастаючы з яго бутэлькі віна, скрынкі сардзінак, сыры, вяндліну, бісквіты, ласункі.

— Які ж ты маленькі! — сказала Маруся. — Як непрактычна ў цябе атрымалася. Нашто столькі масла? Сапсуецца ж.

— Падарункаў не крытыкуюць, — адказаў Ясь. — А цяпер просьба: я да цябе вельмі сардэчна стаўлюся, і мне прыкра, што ты мне не давяраеш.

— Напрыклад?!

— Напрыклад, гэта! — Ясь разгарнуў з паперы Марусіну бялізну, якую ён выкупіў у дзядзькі. — У цябе матэрыяльныя клопаты, ты прадаеш патрэбныя табе рэчы і нічога мне пра гэта не гаворыш. Я зноў дапамагаю табе праядаць гэтыя грошы і не заўважаю гэтага. Я толькі выпадкова гэта зразумеў. Мне вельмі прыкра, асабліва таму, што за апошнія месяцы я зарабіў шмат грошай… Ты ж бачыла, што я купляю сабе прыгожае адзенне і рэчы. Ты магла сказаць мне пра свой клопат…

Але замест адказу Маруся расплакалася.

— …Прыйдуць таварышы — новае жыццё пачнецца… Красці не трэба. Кожнаму дадуць працу. Усё адно, ці мае хто правы, ці не мае. Злодзей, не злодзей — да кожнага свая павага…

Урачыста прамаўляў Чэсік Свабода, лодзінскі злодзей-кішэннік, які некалі ўваходзіў у Польскую сацыялістычную партыю і быў баевіком. Потым з нейкіх там прычын яго выключылі з партыі і ён трапіў у турму. У турме ён адкрыў у сабе здольнасць да кішэнных аперацый і стаў «займацца далінай[21]». Цяпер Свабода прачытаў некалькі прапагандысцкіх бальшавіцкіх кніг і адчуў да таварышаў вялікую сімпатыю. А паколькі ён меў выразную схільнасць да агітацыі, то не ўпускаў аніводнай магчымасці вылезці з актуальнай прамовай.

вернуться

21

Даліна — кішэнны крадзеж.