Выбрать главу

— Ну, добра… Пра тое я забудуся… Хай ужо будзе, як было…

Паўлінка кінулася Аліку на шыю.

Баран яшчэ ніколі не бачыў Паўлінкі такой прыгожай і чароўнай. Яна проста ззяла радасцю. За вячэрай налівала Аліку кілішкі і сама піла, весела смеючыся… Абое ані словам не згадвалі той выпадак. Першы раз за два тыдні Баран паклаўся спаць у чысты, духмяны ад свежай бялізны ложак. А неўзабаве і Паўлінка, вясёлая, крыху хмельная, праслізнула да яго пад коўдру.

— Ведаеш, я сама так баялася… І мне было без цябе так сумна… Алічак, каханы!

Алік адчуў сябе па-сапраўднаму шчаслівым. У ягонай душы яшчэ вірыліся нейкія цені, але і яны ў момант зніклі ад жарсных, гэтым разам ініцыяваных самой Паўлінкай шчодрых пяшчот.

ЯСЬ І ПРЫГОЖЫЯ МАСТАЦТВЫ

Ужо некаторы час Ясь прынагодна «хадзіў па даліне». Ён працаваў з Тоськай Сарокай, Кулямётам і Свабодай. Кулямёт быў найспрытнейшым даліншчыкам горада. Свабода таксама добра працаваў, але не меў такога «гліку»[23], як Кулямёт. Мянушку сваю Кулямёт атрымаў праз дзіўны спосаб маўлення. Ён казаў хутка, невыразна, і часам яго было цяжка зразумець. У Варшаве яго называлі Сячкарняй. Тося Сарока, хоць і была самастойнай злодзейкай, але, працуючы з калегамі, перадавала ім рэй. У супольнай працы яна была «туцэркай»[24] або «рабіла сценку»[25]. Ясь пакуль таксама працаваў «туцэрам», але час ад часу спрабаваў свае здольнасці і «ў даліне». Колькі разоў ён «закупаўся» ў «ачку» і «вярхушцы»[26].

Ясь захапляўся цудоўным талентам Кулямёта, які неадменна «скупаў» найтаўсцейшыя «скуры»[27] з найдалей схаваных кішэняў. Кішэннік ніколі не баяўся, што ахвяра заўважыць яго манеўры. А вось мінакоў ён лічыў небяспечнымі, і таму была патрэбная сценка. Колькі разоў здаралася, што фраера абраблялі ў руху, дзейнічаючы ўчацвярых. Некаторыя работы былі вельмі складаныя. Трэба было расшпільваць паліто, пінжак, нават камізэльку. Кулямёт не любіў карыстацца брытвай для выразання. Ён лічыў, што ўсё можна зрабіць пальцамі.

Звычайна кішэннікі, асабліва рускія, працуюць, прыкрываючы свае рухі шалікам, газетай, кнігай або карцінкай, адсюль руская назва даліншчыка — шырмач, ад «шырма» — заслона.

Найлепш «займацца далінай» у таўкатні. Калі такой магчымасці не было, то ўмела рабілі штучную таўкатню: перагароджвалі дарогу, выбачаліся злева, калі справа аб ахвяру аціраўся калега, праз момант знікаючы з кашальком. У гэтым Тосьцы Сароцы не было роўных. Яна ўмела не толькі перакрыць фраеру дарогу, але і зачапіцца за яго так грунтоўна, што выблытацца было цяжка. Яна рабіла гэта з дапамогай банцікаў ля муфты (ейная шырма), махры на рукавах, кручка паліто… Звычайна Тоська міла выбачалася, прыгожа ўдаючы збянтэжанасць, і часам, вызваляючыся з аднаго счаплення, увязвалася ў наступнае — калі гэта было неабходна! Кулямёт вельмі любіў працаваць з Сарокай. Ён прыгаворваў:

— З Тоськай, о-о-о! Я з фра…а…е…е…ра…ра…ра… і гальштук здыму та…та…так!

Свабода досыць часта карыстаўся падкурваннем. Часам браў пачак гіпсу або мукі і, несучы, чапляўся за ахвяру, высыпаючы змесціва. Пасля найстойліва выбачаўся і дапамагаў пачысціць забруджаную вопратку. І пры гэтым рабіў сваю справу.

Метады і штучкі даліншчыкаў былі вельмі вынаходлівыя. Напрыклад, шпількі з гальштукаў выцягвалі пяцелькай з тоненькага дроту, замацаванай на палі капелюша, або з дапамогай кійка ці парасона. Аднойчы Ясь смяяўся да слёз, убачыўшы, як Свабода «ўзяў» мужыка «на дзядзьку». Гэта быў местачковы гандляр быдлам, які прадаў партыю свіней ці кароў і засунуў шчыльна набітую «скуру» глыбока ў кішэню камізэлькі, пад пінжак. Яго рабілі ўтраіх: Ясь, Сарока і Свабода. Ясь, падышоўшы ззаду, ударыў яго рукой па плячы:

— Прашу прабачэння…

Гандляр павярнуў галаву ўлева, крыху запаволіўшы крок. Тоська Сарока ішла насустрач, сутыкнулася з гандляром і расшпіліла яму пінжак і верхні гузік камізэлькі.

— Дзе знаходзіцца вуліца Даўгабродская? — спытаўся Ясь.

— А не ведаю, паночку. Дзесь за Губернатарскім садам.

Тады Чэсік Свабода кінуўся фраеру на шыю са словамі:

— Дзядзечка, любы! — і пачаў абдымаць і цалаваць яго.

Гандляр аслупянеў. Мінакі азіраліся. Ясь, «робячы сцяну», усміхаўся. Раптам, здзіўлены Свабода адступіў:

— Ах, прашу прабачэння… Такое падабенства!.. Я думаў, гэта мой дзядзечка з Маладзечна прыехаў…

Злодзеі пайшлі, а гандляр яшчэ няхутка заўважыў адсутнасць кашалька. Невядома, ці запасочыў ён у крадзяжы дзіўнага сваяка. Магчыма, гэта нават не прыйшло яму ў галаву.

вернуться

23

Глік — шчасце.

вернуться

24

Туцар — «загоншчык», які працуе з кішэннікам.

вернуться

25

Сценку рабіць — засланяць злодзея, які заняты работай.

вернуться

26

Вярхушка — верхнія кішэні.

вернуться

27

Скура — кашалёк.