У зале, дзе знаходзіўся незгаральны сейф, былі вялікія вокны з кратамі. Туды вяло двое дзвярэй. Адны — звычайна пасля прыёмнага часу — замыкаліся на засаўку, магутныя навясныя замкі і на замкі ўнутраныя. Звонку і знутры гэтыя дзверы былі абабітыя лістамі двухміліметровай бляхі, трывала замацаванай заклёпкамі. Другія дзверы — унутраныя — былі наглуха забітыя, і за імі знаходзілася вайсковая варта. Склады ахоўвалі пазменна чатыры нямецкія жаўнеры, якія змяняліся кожныя дзве гадзіны. Адзін стаяў у браме будынка, трое пільнавалі два ўнутраныя двары і касу знутры. Такім чынам каса была пад аховай з боку ўнутранага двара, куды выходзілі тры акны, з калідора і з боку суседняй залы — вартоўні.
Ужо пасля кароткага ўступнага агляду Ажур вырашыў: «Браць буду з падвала». І пачаў падрабязна вывучаць і аглядаць дэталі. Неўзабаве і гэты этап быў завершаны. А крыху пазней у «Новарасійскім» гатэлі Ажур сядзеў за сталом і на аркушы паперы алоўкам рабіў накід унутранага двара, будынка, залы, падвалаў і касы Цэнтрхарчзабкама. Дзверы былі замкнёныя на ключы. У паветры лунала ціхая мелодыя полечкі. А з іншага боку стала Баран уважліва сачыў за абрысамі, што з’яўляліся на паперы. Полечка і працэс малявання падышлі да канца. Дзве галавы схіліліся над сталом. Канец алоўка закружыў па малюнку. Ажур ціха тлумачыў гэты танец. Баран час ад часу прытакваў рухам галавы, маўляў, разумею, або ціха задаваў пытанні.
Справа была ясная, і справу зацвердзілі.
— Каго ўзяць за трэцяга? — спытаў Ажур, які выбраў сабе адпаведнага супольніка — Барана.
Алік адказаў не раздумваючы:
— Паніча.
— Не ведаю такога.
— Малады. Са мной пачаў хадзіць. Але пэўны.
Трэці супольнік быў патрэбны на «рэкс»[31]; Баран і Ажур павінны былі браць касу.
— Добра, — замацаваў дамову Ажур.
Дамовіліся пра наступную сустрэчу і работу. Ажур паехаў у Вільню, каб укамплектаваць набор інструментаў, бо работа была асабліва цяжкая, а рабіць яе трэба было ціха, памятаючы і пра змены аховы, і, найважнейшае, пра блізкасць вартоўні. Таму прымітыўнымі інструментамі працаваць было нельга.
Запольская замыкала краму, калі збоку хтосьці ўзяў яе пад руку. Яна пачула ціхі свіст вальса. Здзіўленая і крыху напалоханая, яна паглядзела Ажуру ў твар, і яе шчокі заліла чырвань.
— Вы вярнуліся?
Ён хітнуў галавой, не перарываючы мелодыі, і ўсміхнуўся… вачыма.
— Калі ласка… Не глядзіце на мяне так… Мне непрыемна… Хочаце праверыць краму і рахункі?
Ён адмоўна пакруціў галавой. Пасля зноў узяў яе пад руку і сказаў:
— Хадзем вячэраць.
Ён павёў яе, збянтэжаную гэтай сітуацыяй, у першакласны рэстаран і там раптоўна перамяніўся ў вялікага пана. Афіцыянт з вялікай пашанай выслухаў замоўлены ім «уступ» да вячэры. У адзін момант знік чалавек з вачыма, што прасвечваюць душу да дна, і з’явіўся элегантны, дасціпны мужчына.
Позна ўвечары Ажур правёў Запольскую дамоў. Ля дзвярэй яе кватэры ён узяў дзяўчыну за руку і паволі, ціха, пераканаўча сказаў:
— Вы ж добра ведаеце, што я нікуды з Менска не з’язджаў. Што я заўжды быў тут. Што я нічога вам не пісаў і ніхто нічога ад мяне ў краму не прыносіў.
Ён глядзеў ёй у вочы. Некаторы час яна маўчала. Пасля адразу ж зразумела, да чаго ён вядзе, і паспешліва сказала, усцешаная тым, што можа яго супакоіць:
— Так. Натуральна. Вы ўвесь час былі ў Менску. Кожны дзень прыходзілі ў краму.
— Добра. Часам гэтым могуць зацікавіцца, таму вядзецца пра тое, каб вы не наклікалі непрыемнасці на сябе, наклікаўшы іх на мяне.
— Вы можаце быць упэўнены. Трэба толькі папярэдзіць.
— Я папярэджваю і дзякую.
Ажур паціснуў ёй руку і адначасова левай рукой пяшчотна правёў па яе ілбе і валасах. Пасля ціха спусціўся па сходах. Дзяўчына яшчэ доўга не званіла ў кватэру. Узрушаная, яна раздумвала пра тое, што толькі адчувала ўражлівай інтуіцыяй. Пры сустрэчы з ёю сёння Ажур адразу прачытаў гэта ў ейных вачах. Так прадвызначыўся далейшы ход іх знаёмства.
А назаўтра ў трушчобе Цыпы апоўдні сустрэліся Ясь, Баран і Ажур. Дзве гадзіны за півам яны абмяркоўвалі дэталі акцыі, прызначанай на найбліжэйшую суботу. Вызначальным было тое, што ў нядзелю камітэт не працаваў. Таму, калі б яны — з нейкіх прычын — не паспелі з усёй работай у першы дзень, то змаглі б скончыць яе назаўтра.
У суботу, за дзве гадзіны да канца прыёмнага дня, Ясь з вялікай валізкай у руцэ ўвайшоў у двор Цэнтрхарчзабкама. І скіраваўся наўскос направа, да ўваходу ў аддзел рахункаводства. Мінуў дзверы аддзела і, запаволіўшы крок, паставіў валізку на зямлю поруч з дзвярыма ў падвал. Дастаў з кішэні партманэ і, калі поруч праходзілі людзі, рабіў выгляд, што шукае там штосьці — нейкую паперчыну ці дакумент. Адначасова ён трымаў у руцэ медны кручок, якім збіраўся, як толькі надарыцца такая магчымасць, адамкнуць дзверы ў падвал.