Выбрать главу

Калегі ў меру пілі, адчуваючы сябе ў поўнай бяспецы ў ціхай кватэры. Кацярына штосьці рабіла на кухні. Часам яна выходзіла на двор. У пэўны момант яна ўвайшла ў пакой бледнай і ціха прамовіла:

— Хлопцы, шухер!

Але адразу за ёю ў кватэру ўварваліся пяць цывільных агентаў Следчага камітэта.

— Рукі ўгору!

Ніхто з блатных не меў пры сабе ані зброі, ані інструментаў. Яны паднялі рукі ўгору. Іх пачалі абшукваць. Зброі не было, таму ўсіх пакінулі ў куце пад наглядам двух агентаў з пісталетамі напагатове, а трое іншых пачалі абшукваць дом. Кацярына Сперда як гаспадыня вымушаная была іх суправаджаць. Пасля ператрусу, які не даў вынікаў — пытанні ўзніклі толькі з нагоды футра Кацярыны і амаль новага, нікеляванага самавара, — быў складзены пратакол і трох сяброў вывелі на вуліцу. Папярэдне рукі ім закавалі ў кайданкі. Казік быў скуты асобна. Левай рукой Барана прыкулі да правай рукі Яся. Так яны ішлі ў маўчанні Бондараўскім завулкам, а пасля павярнулі на Сляпянскую вуліцу. Перад выхадам з кватэры Баран паспеў шапнуць Ясю: «Ты мяне не ведаеш… ты прыйшоў да Касі, бо шукаеш пакой… “ліпы” выкінь… ідзі на “вытыш”[38]»… Ясь, карыстаючыся магчымасцю, свабоднай рукой дастаў з кішэні фальшывыя дакументы. У зручны момант ён кінуў іх у лужыну перад сабой і пастараўся наступіць нагой. Гэтага не заўважылі. Ад сваіх дакументаў Баран даўно пазбавіўся.

У нейкім месцы хтось крыкнуў:

— Стой!

Бліснулі ліхтарыкі. Грымнула некалькі стрэлаў. Казік Марэцкі ўцякаў. Яся і Барана двое «гінтоў» схапілі пад рукі. Зрэшты, скутыя разам, яны далёка не ўцяклі б. Казіка даганялі. Чуліся стрэлі, бліскалі ліхтарыкі, гучалі крыкі: «Стой!» Але Казік уцёк, з ранай у сцягне і прастрэленым вухам.

Раззлаваныя ўцёкамі Казіка агенты адвялі Яся і Барана ў Следчы камітэт. Дарогай Баран паспеў даць хлопцу яшчэ колькі ўказанняў, каб той ведаў, якой лініі трымацца на допыце… «Засвяціўся праз непаразуменне з той машынай для гільз… Нікога не ведаю… Барана таксама!»

Уцёкі Казіка спрасцілі іх паказанні.

Агенты былі злосныя і панурыя.

Перапісалі дадзеныя. Натуральна, фальшывыя. «Учора прыйшоў з Вільні ў Менск. Сустрэў тут віленскага знаёмага, Марэцкага, у Вільні ведаў яго як перакупшчыка з рынку. Затрымаўся ў яго на час пошукаў жытла. Па прафесіі шавец. У Вільні няма працы, таму перабраўся ў Менск».

Адзін з агентаў падчас складання пратакола збіраўся скарыстацца кулакамі. Баран уважліва паглядзеў яму ў твар і спакойна сказаў усім:

— Вы сваю працу маеце, то працуйце… Мне трэба жыць, вам трэба жыць… Кулакамі вы з мяне нічога не выціснеце… А ў вас не ў аднаго кішкі могуць вылецець…

Агенты зразумелі, што маюць справу з сур’ёзным блатным, і не кранулі яго. А вось Ясь — без пабояў, згодна з інструкцыяй настаўніка — распавёў пра сябе ўсё, за выключэннем істотных рэчаў, што маглі б пашкодзіць яму ці каму іншаму. Асновай яго паказанняў была знойдзеная машына для гільзаў, арышт — абсалютна «беспадстаўны», — уцёкі і хаванне.

Барана і Яся затрымалі ў Следчым камітэце даўжэй. Абдумвалі стаўкі з магчымымі пацярпелымі. Баран асабліва баяўся стаўкі ў справе гранды ў малочнага фабрыканта. Але Ліся не ведала яго зусім. Камплект удзельнікаў налёту быў ужо завялікі. Хлопцы, якія напраўду бралі ўдзел, не выдалі яго. А вось адна жанчына дакладна пазнала ў ім злодзея, які выходзіў з валізкай з брамы дома, дзе яна жыла. На валізку яна ўвагі не звярнула, але твар запомніла. Калі яна падышла да кватэры, дзверы былі адчыненыя, а ўнутры былі сляды працы злодзея і не хапала найлепшых рэчаў. Яна выбегла на вуліцу, каб яго спыніць, але злодзей ужо знік. Барану прышылі «левую» справу. Дасведчаны злодзей пратэставаў. Перш за ўсё стаўка была праведзеная няправільна, бо Мангола прывялі на яе аднаго. А стаўка павінна праводзіцца так, каб разам з падазраваным у крадзяжы пацярпеламу паказвалі адначасова яшчэ некалькі іншых асобаў. Былі ж выпадкі, што «далатар» пад уплывам асяроддзя і таго, што яму паказваюць менавіта злодзея, пазнавалі яго ў агенце Следчага камітэта або ў арыштаваным з жалезным алібі, бо акурат у дзень крадзяжу той быў у турме.

Адзін з агентаў, які працаваў раней ў Следчым камітэце ў Вільні, пазнаў у Баране блатнога з тых мясцін. Гэта сур’ёзна пашкодзіла Аліку. І хоць абвінавачванне кабецінкі было не зусім пераканаўчае, алё гэтў работу «на ключык»[39] аддалі Манголу. Адзін з агентаў сказаў Аліку:

вернуться

38

Вытыш — сапраўднае прозвішча.

вернуться

39

«На ключык» работа — выкарыстанне злодзеем моманту, калі гаспадар выйшаў з кватэры.