Выбрать главу

— Ты зрабіў ці не ты, усё адно. Ты сядзіш за кагосьці, а хтосьці сядзіць за цябе.

У пратаколе пазначылі, што гэта вядомы прафесійны ўзломшчык з Вільні. Справу перадалі ў Следчы камітэт. Ясю «прышылі справу» ўцёкаў з камеры ў аддзяленні і перадалі справу следчаму суддзі. Пакуль іх трымалі ў камеры Следчага камітэта. Уцёкі Казіка з гінтоўскіх рук замаўчалі, бо гэта кампраметавала агентаў.

Паміж камерай і свабодай закружылі малявы. Простыя блатныя хлопцы выносілі іх бескарысліва, а мянты, што пільнавалі ізалятар, выносілі за хабар. Казік напісаў, каб ні ў чым не прызнаваліся. Што засыпаў іх Маміда. Што хлопцы зробяць, што магчыма, каб ім дапамагчы.

Злодзеі мелі ў Следчым камітэце свайго інфарматара — «гінта». Яму досыць добра плацілі, і ён звычайна паведамляў блатным пра ўсе перасоўванні «лягавых». Але «гінт» гэты не заўжды ўсё ведаў і не заўжды мог папярэдзіць. Затое за хабар дапамагаў даставаць блатных на свабоду.

Гэты агент падтрымліваў кантакт толькі з Жабам і Янкам Залатым Зубам. Менавіта ён патлумачыў справу налёту на маліну Марэцкага. Жаба і Янка знайшлі засвечанага Казіка, і адбылася «дзінтойра». Гэтым разам таемная. Доказы былі відавочныя, і Маміду вынеслі смяротны прысуд. Пачалі распрацоўваць выкананне. Казік прапанаваў, што ён сам, раз ужо засвечаны, прыйдзе на маліну Маміды і прыбярэ яго. Жаба не пагадзіўся. Справа была ў тым, каб Маміда выдаў, каму з «гінтоў» ён злівае інфармацыю. Гэтага інфарматар Жабы і Янкі — агент Следчага камітэта — казаць не хацеў. А злодзеі не ціснулі, бо цанілі прафесійную салідарнасць.

Нягледзячы на ўдаваную прастату, Жаба быў «прэзідэнтам» і «суддзёй» менскіх злодзеяў у тыя часы. На гэтую пасаду яго ўзняла непарушная рэпутацыя сярод фірмовых блатных горада. Ён здабыў яе толькі сваім нязломным характарам і вялікай сілай духу. У зладзейскім свеце, як і ў свеце турэмным, палітыкай пасады і рэспекту не атрымаеш. Там кожны займае такое месца, якое належыць яму паводле ягоных духоўных якасцей. У свеце сумленных людзей брудныя падлы і духоўная галота махлярствам і подласцю могуць здабыць уладу над людзьмі і аўтарытэт. У падпольным свеце гэта немагчыма.

Назаўтра з раніцы Жаба паклікаў да сябе Тоську Сароку. Яны раіліся амаль гадзіну. У той самы дзень Тоська доўга круцілася побач з малінай Маміды. А калі злодзей выйшаў у горад, быццам бы выпадкова з ім сустрэлася. Яны пайшлі разам на рынак, а пасля на абед. Тоська ўмела быць залётніцай, і Маміда раставаў ад захаплення ў яе спрытных ручках. Даліншчыца прызначыла яму спатканне ў Губернатарскім садзе, у алеі побач з Вясёлай вуліцай. Яны павінны былі сустрэцца там а восьмай і разам пайсці ў кіно.

Маміда з’явіўся пунктуальна. Тоські яшчэ не было. Злодзей праходжваўся алеяй. Вакол панаваў змрок.

Поруч з Мамідам з’явілася чалавечая постаць. Наблізіўшыся на два крокі, Маміда ўбачыў не чаканую кралю, а ўзломшчыка Паўла Чорта. Чорт быў вядомы сваёй каласальнай фізічнай сілай.

— А ты што тут робіш? — сказаў быццам бы здзіўлены Павел.

Маміда крыху сумяўся.

— А так сабе, праходжваюся.

Павел працягнуў да яго руку і, парукаўшыся, далоні ягонай больш не выпусціў.

— Чаго табе трэба?! — ускрыкнуў Маміда.

— Маўчы, курва! — адгукнуўся Павел і ціха свіснуў.

З блізкай лаўкі, нябачнай у цемры, падняліся Янка Залаты Зуб і Філіп Лысы. Яны падышлі да Маміды і Чорта. Таварыства скіраваліся ў кут саду. Там яны былі, быццам у лесе. Зрэшты, у такі час, у такое надвор’е ўвесь вялізны сад быў пусты.

Маміда ведаў, што справа ягоная кепская. Ён зразумеў, што Тоськай яго завабілі. Заўважыў у руцэ Янкі пісталет, але і цяпер працягваў выкручвацца.

— Хлопцы, чаго вам трэба?.. Я такі ж блатны, як і вы… Мяне Казік са злосці падставіў… А Маньку я ўсю долю аддам…

Злодзеі не адказвалі. Толькі Чорт мацней выкруціў яму руку і сказаў:

— Ціха тут!

Яны прыйшлі ў кут саду Там Маміду сказалі стаць на калені.

Да яго звярнуўся Янка:

— Калі скажаш, якому сабаку ты здаў Казікаву маліну, то мы падорым табе жыццё і валі з Менска. Каб нагі тваёй тут не было. Калі не — мы з цябе скуру злупім.

Маміда маўчаў. Ён ліхаманкава думаў: «Калі скажу, я капорнік[40]… не — смальнуць у макаўку…»

І ён сказаў:

— Сіньцоў…

— Ага! — адгукнуўся Янка. — Я так і думаў. Хітрая змяюка.

Янка бліснуў пісталетам. Прагучалі два стрэлы, і Маміда асунуўся на зямлю. Насуперак законам, слова свайго злодзеі гэтым разам не стрымалі.

З нагоды «дзінойры» над Мамідам раскажу адну дробную справу, якая, што праўда, не мае аніякага дачынення да сюжэта гэтага рамана, але я лічу яе характэрнай дэталлю жыцця.

Быў у Менску дробны злодзей Цюхцяй. Краў ён па сарайчыках, падвалах, малых крамках на ўскрайку горада. Цюхцяй амаль усё рабіў сам. Скупшчыкам у яго быў Нахім, чалавек вельмі подлы, сквапны і хітры, але, нягледзячы на ўсё гэта, злодзей жыў з ім у згодзе і яму «апыляў фацыентаў з блату». Аднойчы Нахім сказаў Цюхцяю, што дасць яму палову грошай, а на другую палову дасць «ксіву»[41]. Так і вырашылі. Нахім даў Цюхцяю, акрамя грошай, «ксіву» на 3 000 ост-рублёў.

Неўзабаве Цюхцяй трапіўся. «Ксіва» захавалася, і злодзей пераслаў яе з кічы жонцы, каб тая атрымала грошы, але скупшчык плаціць адмовіўся. Сказаў, што грошы аддасць толькі Цюхцяю. Жонка злодзея паскардзілася блатным. Справа дайшла да Жабы. Жаба выправіўся на Лагойскі тракт да рабіна Меўдахея. Акурат у ягоным раёне і жыў скупшчык.

Жаба добра ведаў ідыш, і, хоць рабін размаўляў па-руску і па-польску, гутарку яны вялі на ідыш. Рабін выслухаў злодзея і загадаў меламеду[42], які меў вольную ад навучання дзяцей хвіліну, паклікаць да яго Нахіма. Жабу ён сказаў прывесці жонку Цюхцяя і прынесці «ксіву».

Праз гадзіну адбылася нарада ў рабіна. Скупшчык быў здзіўлены, бо справу рабін акрэсліў каротка і востра. З расповеду Жабы я ведаю, што нарада праходзіла так:

— Ты выпісаў гэту «ксіву» на 3 000 рублёў?

— Так.

Рабін звярнуўся да жонкі Цюхцяя:

— Ты жонка таго чалавека, якому Нахім выпісаў «ксіву»?

— Так.

Рабін зноў звярнуўся да скупшчыка:

— Чаму ты не аддаў ёй грошы?

— Я магу аддаць грошы таму, каму даў «ксіву».

— На «ксіве» няма імя. Грошы можа забраць любы, хто табе яе верне. А тым больш жонка, у якой цяпер забралі мужа.

— Я маю права выплаціць грошы толькі Цюхцяю.

— Права ты маеш, але праўды не маеш. Калі ты сёння не выплаціш ёй гэтыя грошы, то хай яна прыйдзе да мяне заўтра, я аддам ёй гэтыя грошы за цябе. Гэта бедная і няшчасная жанчына, яе нельга крыўдзіць.

Такое было рашэнне рабіна. І хоць скупшчык і супраціўляўся, але ў той самы дзень выплаціў грошы Цюхцяевай жонцы.

вернуться

40

Капорнік — блатны, што здае сваіх супольнікаў.

вернуться

41

Ксіва — цыдулка, распіска, малява.

вернуться

42

Меламед — настаўнік у габрэйскай рэлігійнай школе.