Менская турма мела добрую рэпутацыю. Камеры былі светлыя, з вялікімі вокнамі. Былі легематы (асобныя нары, што апускаліся на ноч). Перапоўненасці не было. Турма была разлічана на пяцьсот вязняў, і прыкладна столькі ўтрыманцаў у ёй і было.
Вязніца займала доўгі трохпавярховы гмах з чырвонай цэглы. Па перыметры ішоў высокі цагляны мур. Канцылярыя размяшчалася ля брамы з боку Серпухаўскай вуліцы. Там таксама быў пакой для сустрэч з вязнямі.
Унутры ў турмы было тры аддзяленні: ніжняе, сярэдняе і верхняе — адпаведна паверхам. На ніжнім і верхнім паверхах сядзелі менш сур’ёзныя вязні: з кароткімі тэрмінамі, ужо пасля судоў або пакараныя за дробныя злачынствы. На сярэднім узроўні, уцячы адкуль было складаней за ўсё, сядзелі найбольш сур’ёзныя злачынцы. Адміністрацыя ўмела і спрытна іх класіфікавала. Часам рэцыдывіста, які трапляўся на дробным крадзяжы або сядзеў мізэрны тэрмін, кіравалі на сярэдні ўзровень. А селянін, асуджаны за забойства або проста прыгавораны да 6 або 10 гадоў, сядзеў у ніжнім калідоры, і яго нават не забіралі працаваць. Функцыі калідорных выконвалі амаль адны злодзеі. Тады не ўзнікала непаразуменняў пры дзяльбе супу і хлеба. Бо такіх калідорных паважалі фраеры, і для турэмнай эліты яны былі «сваімі» людзьмі.
Яся размясцілі на сярэднім узроўні. Яму пашкодзілі ўцёкі з ізалятара і супольніцтва з рэцыдывістам Баранам. Яны сядзелі ў розных камерах, але лёгка маглі падтрымліваць сувязь праз малявы і вусна — з дапамогай сваіх хлопцаў-калідорных. Яшчэ ў следчым аддзяленні супольнікі распрацавалі паказанні і трымаліся іх надалей. У трэцяй камеры Ясь сустрэў Балерона, з якім яны акурат разам былі на грандзе. Там было яшчэ двое блатных: Давідка, які сядзеў за ўзлом крамы, і Зыхер. Зыхер на зладзейскім жаргоне значыць «пэўна», «дакладна». Злодзея так назвалі, бо ён увесь час казаў, што робіць толькі «на зыхер». Ён быў спецыялістам па абкраданні жабракоў. Магчыма, гэта і дзіўна, але Зыхер цудоўна гэтым зарабляў і не трапляўся. Цяпер ён сядзеў па левай справе. Яго ўзялі ў Серабранцы. А паколькі ён меў пры сабе шмат грошай і не мог пахваліцца легальнасцю іх паходжання, яго забралі на Серпухаўскую. Там на стаўцы яго пазнала служанка нейкай сям’і. І Зыхер вымушаны быў сядзець за «павуціну»[43], якой не браў.
Спецыяльнасць сваю ён абраў выпадкова. Фраеры «здалі» яму жабрака. Запэўнівалі, што ў таго шмат грошай. Жабрак жыў на ўскраіне горада, ва ўбогай кватэрцы. Справа была лёгкая, і Зыхер, як толькі жабрак выправіўся на сваю работу, пачаў апрацоўваць яго жытло. Часу было досыць, таму ён старанна праверыў пакой і куханьку. У сенніку знайшоў дзесяць з гакам тысяч ост-рублёў, некалькі тысяч царскіх банкнот і крыху керанак. А ў коміне намацаў бляшаную скрыначку. У ёй было шмат срэбных манет і каля тысячы рублёў золатам. Усё гэта разам было значнай сумай. Зыхер аддаў дваццаць адсоткаў наводчыку і з таго часу пачаў спецыялізавацца на абкраданні жабракоў, амаль заўжды беручы вялікія кушы. Яго кліенты ніколі не падавалі заявы ў паліцыю і ніколі не расказвалі пра іх каму-колечы, не жадаючы прызнаваць, што на жабрацтве яны сабралі някепскія капіталы. Таму Зыхер працаваў пэўна і бяспечна.
У трэцяй камеры сядзела сямнаццаць чалавек. Столькі, колькі было нараў. Акрамя згаданых, тут сядзелі таксама менш вядомыя злодзеі, некалькі дылетантаў і трое фраераў. Улюбёнцам камеры быў Давідка — малады, вясёлы, дасціпны габрэйчык. У злодзеяў няма шавінізму. І Давідка займаў сярод іх такую пазіцыю, якая належала яму як фірмоваму, характэрнаму хлопцу.
Два разы на тыдзень са свабоды для вязняў прымалі перадачы. Злодзеі ўсім дзяліліся пароўну. Фраераў абміналі і ад іх таксама нічога не бралі. Іх пакідалі на эксплуатацыю калідорным, якія «мылі» фраераў без усялякага сораму.
Калі нейкі фраер не атрымліваў дапамогі са свабоды, а вязнем быў салідным, то злодзеі яму дапамагалі. Рабілі гэта нядбайна, з літасці, але калі самі мелі досыць, то галадаць сукамерніку не дазвалялі. А вось калі заўважалі, што фраер фальшывы і ўпарты, то маглі атруціць яму жыццё. Не дапамагалі скаргі і пераводы ў іншую камеру. Гэта толькі пагаршала сітуацыю фраера, бо за імі ішоў «цынк»[44], і ў іншых месцах яго прымалі асабліва варожа. Часам нават запісвалі ў капорнікі. Лёс ягоны тады быў жудасны. Адміністрацыя не ведала, куды такіх падзець, каб абараніць ад пераследу.
У той дзень, калі Яся кінулі ў камеру, вячэра была добрая. Гарохаўка. Вязні елі па чацвёра з медных бачкоў. «Свае» заўжды збіраліся разам. І спалі таксама поруч. Сваім і калідорныя заўжды налівалі больш ежы з цэбраў. Пасля вячэры фраеры па загадзе старасты — ім быў Балерон — прыбралі камеру і памылі посуд. Да пераклічкі была яшчэ гадзіна часу.
44