Выбрать главу

Ніл Гілевіч

Год дзевяноста дзявяты. Выбраныя старонкі дзённіка

1-га студзеня. Што ты нясеш нам, новы, 99-ы? Перадапошні год стагоддзя? Як кепска ты пачынаешся! Ворагі Беларусі намераны канчаткова ліквідаваць заваёвы 91-га, дарэшты зруйнаваць свабоду і незалежнасць нашай дзяржавы. Божа! Злітуйся, калі мы такія грэшныя, і дапамажы адолець!

Г. Д. Карпенка настойвае, каб я зрабіў прывітанне Кангрэсу дэмакратычных сіл Беларусі. Не ўпэўнены, што ў мяне хопіць сілы напісаць такое слова, за якое не было б сорамна. Да таго стомленым і маральна змардаваным чуюся!..

2-га студзеня. Па даўняй нашай сямейнай просьбе прыйшлі паглядзець-пагаварыць С. І. і Л. Р. Законнікавы. Пагаварылі... Але не зусім так, як мы з Н. І. планавалі.

4-га студзеня. За першыя тры дні напісаў чатыры вершы - першыя вершы 1999-га. Можна было б сказаць: дык жа добра пачаў новы год! Але ж тры з чатырох - публіцыстыка, палітыка.

5-га студзеня. Былі на развітальнай вячэры ў Маркі Ганчава - чысла 17-га ён ад’язджае канчаткова. Уласна, ён ужо не пасол, прыехаў па рэчы, па сям’ю, якая заставалася тут, без яго. М. хацеў зрабіць гэту развітальную вячэру ў Доме Дружбы, каб сабраць шырэйшае кола інтэлігенцыі, але Ваніцкі не дазволіў. “Нельга! Вы ўжо не той! Вы там нешта не тое сказалі ў Балгарыі пра нашага Усенародна абранага!..” Былі: Шушкевіч - з палітыкаў, і паэты: Вярцінскі, Зуёнак, Законнікаў, Бураўкін. Усе з жонкамі. Пілі шмат віна і шмат спявалі, асабліва мы з Нінай. Бывае ж такое - пасля доўгіх гадоў антыпесеннага маўчання.

8-га студзеня. Ноччу, а першай, званок у дзверы. “Хто?” — “З Калядамі, Ніл Сымонавіч!” Адчыняю: Някляеў і Лучанок. Абодва накалядаваныя. А каб вы былі здаровыя!.. Сядзелі добрую гадзіну, абабралі бутэльку “Крышталю”. Сусед падбіваў на палітычныя тэмы; дарэмна, вядома, я - стары верабей. Слухаў - і не клюнуў. І. М. усё яшчэ абяцае напісаць “У тым сяле, дзе я не быў ніколі” і “Талісман”. Пяць гадоў як абяцае!.. Верыць ужо цяжка. Асабліва шкадую “Талісмана” - так просіцца легчы на мелодыю!..

12-га студзеня. У музеі Коласа на сустрэчы, арганізаванай таварыствам беларускіх татар у сувязі з 30 нумарам часопіса “Байрам”, выступіў з прамовай - нечакана разгорнутай (збіраўся толькі прывітаць) і мэтаімкнёнай (усё пра тое ж, усё ў адну кропку). Далікатна, каб не пакрыўдзіць сяброў-татараў, але нагадаў ганебны выпадак, калі на ўрачыстасці ў гонар 600-годдзя пасялення татараў на Беларусі не прагучала ніводнага беларускага слова, а ў прэзідыуме не было ніводнага беларуса. Публіка са шчырым разумением успрыняла гэты папрок і вельмі горача - усю прамову. Дзякую, браточкі, дзякую, сястрыцы!..

14-га студзеня. Быў на адкрыцці выставы В. Шаранговіча. Народу было процьма, асабліва творцаў, ды ўсё вядомых, знакамітых. Юбіляр, як заўсёды, трымаўся паважна, з годнасцю, сціпла, такім было і яго слова. Выстава - уражвае, графік ён выдатны і папрацаваў шмат. А галоўнае - падкрэслена нацыянальны, і не толькі ў тэматыцы, а і ва ўсім стылі, і ў светаўспрыманні. Радасна ад гэтага.

Была і вялікая, багатая вячэра - чалавек на сто. Там і я сказаў юбіляру некалькі цёплых слоў. Вячэра зацягнулася - не з карысцю для мяне. У застоллі М. Грыб сказаў мне, што рэзка падае рэйтынг Г. Карпенкі ў ягонай жа партыі, якая - не за яго, а за Чыгіра на прэзідэнцкіх выбарах. Здаецца, Грыб гэтаму рады. Вось такое ў нас адзінства дэмакратычных сіл. Дайце, сябры, царом стаць мне. Мне! Няважна, што я не самы разумнейшы, не самы талковы. Гэта нас загубіць і яшчэ раз.

17-га студзеня. Хадзіў да М. Ганчава — развітацца. 20-га ў 5.00 ад’язджае. Назусім. Пасядзелі. Пагаварылі. Пагаравалі. Сумна і горка. Асабліва мне, як падумаю пра Балгарыю і маё жыццё, мой лёс.

19-га студзеня. Быў на юбілейнай (10 гадоў) вячэры, наладжанай Прыорбанкам. Запрашэнне прынёс Дудараў, несумненна, ён і падказаў Генеральнаму (Касцючэнка) уключыць мяне ў спісак. Там, у зале “Мінск”, пабачыў увесь дзелавы бамонд Мінска, дакладней - Беларусі. Уражанне - ашаламляльнае! Вось гэта сіла! Выглядзела ўсё зусім не горш як дзе ў Еўропе, а яшчэ і багацей - бо з нашай шчодрасцю і з нашым правінцыйным шыкам. Сталы ламіліся ад дарагой закусі. Зрэшты, такога харчу і ў такой колькасці, пражыўшы немалое жыццё, я ніколі не бачыў. А віны, а каньякі, а гарэлка (нават тая, што ў краме па 2 мільёны). Дудараў сказаў, што на кожны нос пайшло 4 млн. А ўсіх насоў - за 300.

У застоллі прыкметна падагрэты Філарэт (тыповы, класічны рускі поп) прыставаў з сяброўствам і абяцаў запрасіць на Сустрэчу. Ён наважыў сабраць і пагаварыць з беларускай творчай інтэлігенцыяй. Ну і ну! Рускі поп (генерал?) хоча быць духоўным пастырам беларускай інтэлігенцыі! Больш абсурднага не прыдумаеш. Аднак жа Сустрэчу збярэ. Халуёў і запраданцаў хопіць.