Выбрать главу

21-га студзеня. Паэтычная вечарына ў Хатцы Багдановіча, наладжаная Э.Акуліным. Вельмі сімпатычны, мілы беларускі хлопец, які робіць як гаспадар Хаткі вялікую справу. Чыталі вершы А. Пашкевіч, А. Бадак і я. Чытаў шмат, і пытанняў было шмат, і аўтографаў шмат паставіў. Акулін, з такой жа мілай, як сам, жоначкай пелі песні. Атмасфера ў зале была надзвычай цёплая. Яшчэ цяплейшая была пасля за столікам у кабінеце Акуліна. Хораша, шчыра пагаварылі. Хаця А. Пашкевіч гаваркім не быў. Ад Акуліна даведаўся, што Бяляцкі ўжо не дырэктар Музея Багдановіча. Яму сказалі: ці палітыка, ці музей. Ён выбраў першае.

22-га студзеня. Мой літаратурны вечар ў Доме Купалы. Прэзентацыя трох рукапісных кніг: “Дасеўкі” - лірыка, “Мы з табою дэмакраты” - сатыра і гумар, “На святло праўды” - публіцыстыка. Тры рукапісы. Маглі б ужо даўно быць кнігамі. Баюся, што ў бліжэйшы час не стануць імі - ніякага прасвету, ніякіх надзей! Сярод выдаўцоў Беларусаў з вялікай літары - няма, бо з вялікай літары - гэта тыя, якія гатовы ў імя Беларусі пайсці на подзвіг, ну, не на подзвіг - хоць на больш-менш смелы патрыятычны ўчынак. Бясспрэчна, выдаць сёння кнігу публіцыстыкі Н. Г. - на гэта трэба мець мужнасць. Дык жа былі часы, калі такая мужнасць узнікала! А як - без мужнасці? Без мужнасці - выйсці з няволі, пазбавіцца акупацыі? А Беларусь - акупавана, гэта трэба сёння гаварыць адкрыта. Не ваенным, гвалтоўным спосабам, а спосабам подла-хітрага легальнага перавароту, які адбыўся ў нас на вачах, дзякуючы празмернай нашай даверлівасці. Ну як жа - браты! І свае людзі - у парламенце, ва ўрадзе, у КДБ і міліцыі. Свае? О, sankta simplicimas! Можа, і былі свае - да таго, як прадалі душу д’яблу. Вечарыну мае сябры-купалаўцы арганізавалі кепска - маленькая залка была на трэць пустой. А я баяўся, што будзе стаўпатварэнне. Як калісьці, яшчэ колькі гадоў назад. Пісьменнікаў - Іпатава, Пісьмянкоў, Шніп... І ўсё. З Акадэміі - ні душы. З мастакоў - ні душы. З тэатраў - ні душы. Ні прэсы, ні радыё, ні... ні... ні. Можна было і не рабіць сустрэчы наогул - надта вялікія для мяне фізічныя выдаткі, каб вось так, амаль упустую. Дарэчы, як і ў батанічным садзе АН. Думаю, не цікавасць адпала, мужнасць - нават элементарная - адпала. Зноў пачаў перамагаць Страх, як у 30-я, - як пры Сталіне, пры Ягодзе, пры Яжове, пры Берыі...

24-га студзеня. Ціск — 200 на 120. Упершыню ў жыцці. Водзіць у шат. Ха­джу, трымаючыся за сцяну. Суседка медсястра зрабіла два ўколы. Баюся, каб не другім наваратам інфаркт.

26-га студзеня. Ціск скача. Прыходзілі ўрач і медсястра, зрабілі кардыяграму. Цьфу, цьфу - нібыта пранесла. Лекаў Ніна накупляла на ўсю маю пенсію. Ну вось і я пачынаю пісаць у дзённіку пра хваробы - як гэныя, несмяротныя. Годзе! Кропка.

Сёння павінен быў сустрэцца ў Грудзінскага з настаўнікамі - дырэктарамі школ з Міншчыны. Адклалі да красавіка. А праз тры дні - Кангрэс дэмакратычных сіл, на якім я павінен выступіць з прывітальным словам. Тут ужо не адкладзеш на потым. Праз усе “не магу” - мушу пайсці. Пішу прамову.

29-га студзеня. Быў на Кангрэсе. Сказаў сваё - хоць і вітальнае, але зусім не святочнае - слова. Прынялі - як трэба. Іншага ад мяне і не чакалі. Усе тры даклады - Шарэцкага, Карпенкі і Пастухова - на мой погляд, удалыя. Змястоўныя, глыбока аналітычныя, асабліва два апошнія. Атмасфера ў зале - досыць урачыстая, без шушукання, людзі трымаюцца з годнасцю. Гэта - выдатна.

30-га студзеня. Да заканчэння спрэчак быў на Кангрэсе, далей на змог, пачуўся кепска. Добра - востра - выступіў Бураўкін. У абарону Мовы. Усыпаў асабіста гэнаму, за якога ў 94-м галасаваў. Публіка рэагавала воплескамі.

2-га лютага. Занёс сваё Слова (назваў “Абаронім незалежнасць нашай дзяржавы!”) у “Народную волю”. Сярэдзіча не было, вярнуўся з Амерыкі і захварэў, дык пакінуў рукапіс на яго стале. Пачатак і канцоўку прамовы трохі перайначыў - каб выглядзела артыкулам.

6-га лютага. Учарашні “ЛіМ” выйшаў сёння. А ў ім - мае вершы, у тым ліку “Балада пра паэтэсу”, які чытаў на вечарах у абодвух музеях і пачуў пахвальнае слова ад многіх прысутных. Ды Бог з ёй, з пахвалою, дзякаваць Богу, што яшчэ пішу - пры розуме, пры памяці і жывым сэрцам. Але вечарам пазваніў Арсень Ліс і сказаў: “У цябе няйначай як другое дыханне адкрылася. Выдатныя вершы!” Дзякую, браток, але якое там другое, калі і першае канчаецца, надта кароткім зрабілася.

9-га лютага. Праз тры месяцы “Звязда” апублікавала размову, дакладней - адказы мае на пісьмовыя пытанні В. Мядзведзевай. Тры месяцы праляжалі! Учора раніцой пайшоў у рэдакцыю, каб забраць (цярпенне лопнула), а рэдактар, якога сустрэў на калідоры, кажа: у заўтрашнім нумары друкуем. Ніколі раней, нават у даўнія брэжнеўскія часы, такога не было, каб напісанае мной ляжала ў “Звяздзе” тры месяцы. Як правіла, усё ішло з ходу. Максімум - праз тыдзень.