Выбрать главу

Спытаў у Святланы Кліменценкі, хто напісаў да майго артыкула “Ад рэдакцыі”. Аказваецца - яна! Вось не чакаў! Змарозіць такую для мяне “пахвалу”: “паэт можа ганарыцца, што апынуўся ў адной кампаніі з Алексіевіч...” Па-першае, мы не ў адной кампаніі, С. А. - за дзве мовы і ніколі ні слова за беларускую. Па-другое, я - апынуўся? У кампаніі з Быкавым я ўжо 40 гадоў, Алексіевіч яшчэ хадзіла ў школу, калі пачалося маё змаганне за Беларусь і беларускую мову. Дзіўна, як гэта ў нас усё перакручваецца і спрашчаецца. І ў імя чаго?

25-га сакавіка. Ноччу НАТАўцы пачалі бамбіць Югаславію. Ноччу ж пісаў верш, які прысвяціў Джэркавічу. Лічу гэту акцыю пачаткам вялікай трагедыі. Толькі мірныя перамовы з кіраўніцтвам Югаславіі! Толькі мірныя! Хоць і яшчэ месяц, ці тры, ці паўгода. Гэты напад - справа не чыстая. Баюся, што албанцы тут ні прычым, толькі зачэпка. Каб паказаць сябе і сваю беспакаранасць. Каму? Расіі!..

27-га сакавіка. “Звязда” надрукавала верш “Джэркавічу”. Ну, чакайма водгуку. Мяркуючы па тым, колькі ў нас падпявал НАТА, знойдуцца тыя, што мяне аб’явяць прыхільнікам Мілошавіча. А на справе - я прыхільнік мірнага (палітычнага) вырашэння нацыянальна-этнічных канфліктаў, дзе б то ні было. Масавыя бомбава-ракетныя ўдары - гэта разбурэнні, пажары, кроў, калецтвы, смерць. Гэта - вайна. Каму патрэбна вайна? Дзецям і жанчынам Югаславіі? У тым ліку Косава?.. Крывадушнікі!

30-га сакавіка. Павінен быў выступаць - цвёрда дамовіліся - у Інстытуце ўдасканалення настаўнікаў, у Грудзінскага. За гадзіну да ад’езду пазваніў і даў адбой. Сказаў: няма машыны, каб забраць мяне, ды яшчэ і трубу ў корпусе прарвала. Машына тут ні прычым, ёсць жа таксі. Труба тым больш ні прычым. За-ба-ра-ні-лі! Начальства, як даведалася, што з настаўнікамі будзе сустракацца Н.Г., - адмяніла гэту сустрэчу. Вось і ўсё, і ўся труба. Трубу, вядома, прарвала, але не сёння, а ў ліпені 1994. Прарвала, і з яе ляціць, і спыніць немагчыма.

5-га красавіка. Сяджу над рукапісам кнігі замоў, - устаўляю лепшае, выкідваю горшае, дадрукоўваю, перадрукоўваю... А пэўнасці, што кніга выйдзе, няма ніякай. Дарэмна блочу час. Якога мне так не хапае на рэчы больш важныя.

Пачаў пісаць публіцыстычную паэму ў прозе “Нястомныя” - ачышчаную ад метафар гісторыю беларушчыны. Захапіўся, а ці варта аўчынка выдзелкі - не ўпэўнены.

9-га красавіка. “Культура” (дакладней, Вярцінскі) змясціла размову студэнта Томкавіча са мной пра санет. Першае - за апошнія пяць гадоў - выступление ў “Культуры”.

13-га красавіка. Выступіў на адкрыцці Выставы маладых графікаў. Роскаш, як то кажуць, недазволеная. Выдатна абышліся б без мяне. Падбіў Савіч, халерачка.

17-га красавіка. Прайшоў З’езд ТБМ. Аб адзін дзень. Зусім спакойна, з пэўнай доляй апатыі. Бураўкін вызваліўся ад пасады старшыні, сказаў: выдыхся, пашкадуйце. Пашкадавалі. Выбралі А. Трусава. Добра ведаю па Камісіі ў ВС: энергіі на дзесяцярых. Спадзяюся - плён будзе. Я на з’ездзе ў спрэчках слова не браў.

Па ходу З’езда фіксаваў, хто пра што гаварыў. Вось некаторыя з тых занатовак. Л.Дзіцэвіч: Крытыкуе Міністэрства адукацыі за адносіны да беларускай мовы. У. Навумовіч (БДУ). Гоніць рыторыку пра незапатрабаванасць мовы. Хваліцца святам “Гуканне вясны”, Калядамі. Ну а пра стан роднай мовы ў БДУ - ні сло­ва! Усё добра: святы, канферэнцыі... Але ж і пафас! У зале пачалі шумець. Вось такія пафаснікі і губяць справу. “Давайце! Давайце! Давайце адкрыем Славянскі ўніверсітэт! Давайце адкрыем Літаратурны інстытут, дзе б вучыліся маладыя паэты!” О, Госпадзе Божа! Удумацца толькі: у Беларусі - адмысловы інстытут для гадоўлі паэтаў! В. Грыцкевіч (Санкт-Пецярбург). Гаворыць пра лінгвацыд у Беларусі. А таксама пра этнацыд, дакладней - пра знішчэнне памяці нацыі. Называе пяць кірункаў знішчэння калектыўнай памяці: 1) асіміляцыя ў вобразах гісторыі (Сувораў і дзясяткі іншых); 2) “дабрачыннасць” аўтарытарнай улады; 3) уздзеянне на грамадскую памяць такіх як Цанава (КДБ); 4) ізаляцыянізм (без Захаду, а толькі з Расіяй); 5) новамова - прычым руская. Крытыкуе найноўшыя падручнікі па гісторыі Беларусі. Прапануе стварыць беларускі Катэхізіс (як зрабілі Украіна, Літва, Латвія). А. Юшкевіч (Гродна): Добра, што тут ёсць прадстаўнікі ўрада, міністры. Пахваліўся, што ён сам зрабіў фільм пра Белакоза (на 38 хвілін). “Нашто казаць, што ў Амерыцы з беларускай мовай лепш, чым тут? Гэта глупства!” В. Стражаў (міністр). Сыпе лічбы са сферы адукацыі, але ні слова аб мове. Гаворыць аб рэформе школы, аб новых падыходах і прынцыпах, але ні слова аб мове. Усе чакалі: што ж ён думае пра лёс нашай мовы, а ён - сыпе лічбамі! І ўсё ж у канцы сказаў і аб мове. Сказаў, што па-беларуску вучыцца каля 30% дзяцей (калі нават і праўда, дык што гэта за лічба? Гэта ганьба!). Сказаў: якасць навучання і якасць падручнікаў паляпшаем. Міністэрства хоча, думае, мяркуе... “Нельга - дзве нацыянальныя плыні ў вышэйшай адукацыі”. Усё гадства апраўдвае адным: “аб’ектыўныя ўмовы!” Л. Майсеня. Залежыць і ад кожнага з нас! Я ў тэхнічнай ВНУ чытаю лекцыі, вяду семінарскія заняткі, але! - насуперак другой “плыні”! Трэба сумець і змагчы! Трэба мець мужнасць! Жыве наша мова! Жыве Беларусь! В. Кузьміч. “Грузавік” майго ўнука - гэта не грамадскі транспарт. У царкве на Тройцу сказалі: “Па-беларуску памінаць не будзем”. І не памянулі. Вось вам і храм Божы!.. М. Падгайны (міністр). Пра некаторыя беларускія кнігі, часопісы, газеты - усё на добрым настроі, з добразычлівасцю да аўдыторыі, да пісьменнікаў. Болбас (Свіслач). Пра мову беларускага радыё - доказна, фактамі. Мова - на другім-трэцім месцы па ўсіх праграмах. Пра заяву беларускіх пісьменнікаў (у падтрымку саюзнай дзяржавы) сказаў: “Ганьба!”. Л.Лыч. Выдатная прамова з канкрэтнымі заўвагамі і прапановамі. (Напрыклад, прапануе - мемарандум усім славянскім народам аб беларускай мове). І. Пашкевіч (адміністрацыя прэзідэнта). Гаворыць як дэмакрат і беларускі патрыёт. “Вывесці моўную праблему з палітыкі!” (Дык жа яна ў нас палітыка, шаноўны!) Гаварыце пра мову “без надрыву”! Пра Саюз пісьменнікаў: вельмі кепска, калі вядомыя вядуць да расколу СП! “Заклікаю: давайце не дапускаць расколу! Хай палітыкі займаюцца палітыкай!” (Сышоў з трыбуны пад крыкі “ганьба”!) Ст. Суднік. Пра “Наша слова”: Тыраж расце. Прыходзіць літаральна ва ўсе раёны Беларусі. Пра тарашкевіцу: Калі ласка, прысылайце на афіцыйным правапісе. В. Іпатава. Пра душу народа, пра свой беларускі патрыятызм, пра “аб’ект № 5” (былы Дом літаратара). Просіць І.Пашкевіча падтрымаць супрацоўніцтва беларускіх пісьменнікаў з тэлебачаннем і радыё. Пра Заяву 62-х у падтрымку Саюзнай Дзяржавы: аказваецца, многія падпісвалі не такі тэкст або і зусім не падпісвалі. “Гэта подласць! Подласць!” Прыгваздзіла Дашкевіча. “Не дай Бог, калі А. Р. прышле з турмы такі зварот!” (Зала зараўла і рагатала хвілін пяць.) Л. Акаловіч. Гаварыў аб розных стылях мовы. Уручыў мне Біблію (Новы Запавет). М. Савіцкі (прафесар). Мовы няма! І ў вёсцы. А хто вінаваты?