Выбрать главу

7-га жніўня. “НВ” змясціла мае тры вершы. Усё з той жа маёй бясконцай кнігі Змагання і Барацьбы. Усё яшчэ змагаюся, усё яшчэ лезу на ражон. І ці надоўга ж мяне хопіць?

10-га жніўня. Учора памёр Яўген Ігн. Крэмка - апошні сябар Янкі Брыля ваеннай пары. Яшчэ 4-га былі разам на дні нараджэння Янкі. І вось - трагічны фінал. Вельмі шкада гэтага слаўнага, сціплага і надзвычай сімпатычнага чалавека. Дарэчы, ён і літаратар быў цікавы. Уяўляю, як перажывае Янка. Апошні сябар з равеснікаў!..

15-га жніўня. Паставіў апошнюю кропку на рукапісе “Лігі”. Цікава, што пачаў яе 15. 8. 98 - роўненька год назад. Ну, так, добра, а што далей? Друкаваць? Пачакаць? А чаго чакаць? Чаго вычакаю?

18-га жніўня. Заходзіў А. М. Герасіменка, наш пасол у Балгарыі. Сядзелі больш як чатыры гадзіны. Падрабязна абгаварылі ўсе балгарскія навіны. А да таго, як жыву і што раблю я, - не дайшло. Ну і такой бяды! Жыву ж яшчэ неяк! Уразіў перакананым паведамленнем, што Н. Вылчава з Беларусі выгнаў М. Ганчаў. Не ўзлюбіў яго за штосьці. Я гэта і сам заўважаў. Асабліва Ані Ганчава. Помню, як аднойчы ў яе прарвалася гэта непрыязнасць. Ах, сябры-сябры мае дарагія!..

Са спазненнем даведаўся, што 13-га чысла на рэспубліканскім радыё было аўтодафе - палілі Быкава і Гілевіча. Дакладней, аблівалі такім брудам, мазалі такім дзёгцем, што страшней за смерць на вогнішчы. Ва ўчарашнім нумары “НВ” С.Кліменценка абараніла нашы імёны ад выпаду заклятых “ворагаў беларушчыны”. Так ідзе працэс, які пачаўся летам 1994-га. А я, наіўны, звяртаюся да Падгайнага, чаму не выходзіць мой збор твораў. А вось таму! Чакаеш другога тома, на штось спадзяешся; а ты чакай, каб не схапілі, як генерала Захаранку.

1-га верасня. Проста не верыцца: учора вечарам Наталля Брылёва перадала мне Другі том Збору твораў! Выйшаў-такі! А я ўжо і не пытаўся пра яго, змірыўшыся з доляй “адлучанага”, “адрынутага”. Відаць, рашылі сыграць на факце: а вось, і апазіцыянераў выдаем!.. Тры гады чакаў. Колькі буду чакаць наступнага?.. І ці дачакаюся?..

2-га верасня. Быў у Гудзевічах, з мастаком А. Філіповічам, завезлі намаляваны ім партрэт Н. Гілевіча, - для музея. Агледзелі музей, які ўжо філіял дзяржаўнага і займае ўжо будыніну былой школы. Пабагацеў і нават вельмі, ёсць што глядзець, ёсць! І павучыцца ёсць чаму. А Белакоз усё такі ж, як і быў: энергічны, нястомны, гарачы. Сустрэча ў школе прайшла нецікава. Дзеці розных узростаў, і дарослыя, - і гаварыў і чытаў не лепшым чынам. Цікавая акалічнасць: на сустрэчу з народным паэтам не прыйшлі - дырэктар школы і выкладчыца беларускай літаратуры! “А што ж такое?” - пытаю ў Белакоза. - “Думаю, што проста застрахаваліся ад непрыемнасці. Бо былі тут зранку, і нічога не сказалі...”

3-га верасня. Зноў уключыўся ў “Сюжэты” (мае Песні паўднёвых славян). Над некаторымі працую з ахвотай і радасцю, але не над усімі. Баюся, што і чытацца будуць гэтак - неаднолькава.

11-га верасня. Пад вялікім націскам А. Філіповіча быў у царкве Адвентаў Сёмага Дня на юбілеі - 90 гадоў гэтай канфесіі ў Беларусі. Было дастаткова ўрачыста, звышдысцыплінавана, вельмі карэктна і ў той жа час - зусім дэмакратычна. Але гэта Царква - не мая. Дух - чужы, і нават песні - чужыя. Ніякага параўнання з песняспевамі праваслаўных, дзе на першым месцы - душа, глыбокая боская мелодыя. А тут мелодыі падабраны ад песень усякіх, яны зусім не арыгінальныя. Іншы раз на самым пачатку здавалася, што зацягнулі “Партия наши народы сплотила, партия наш рулевой”. Ні да якое царквы я ўжо не далучуся, а да гэтае - нямецка-англіканскае - тым больш. Чужая яна мне, чужая. Думаю: чаму рэфармацыя не перамагла ў Беларусі (ВКЛ) яшчэ тады - пры Радзівіле Чорным? Ды, відаць, таму, што ў гэтай канфесіі для беларусаў душы было мала. Песні былі не тыя, не тыя мелодыі.

12-га верасня. Юбілей Матукоўскага - 70. Банкет у рэстаране “Лета”. Шыкоўней, чым у былыя часы. Каньяк, балык, ікра чырвоная даадвалу... Ну і Мікола! На вялікі жаль, з пастаўленай задачай (ні келіха!) я не справіўся. З цікавых людзей былі Луцэнка Б., Раеўскі В., Фінберг М., Мдзівані А. І. - ці не ўсё? З пісьменнікаў? Не помню. Драматургаў - ніводнага. Вёў застолле Бураўкін. У сваёй талерцы.

16-га верасня. Быў на выставе Друку - па просьбе Законнікава, ад “Полы­мя”. Выступіў. Сказаў: і раней у многіх раённых бібліятэках не было “Полымя”, “Маладосці”, “ЛіМа” - і цяпер няма. Цяпер яшчэ горш.

17-га верасня. Хадзіў на юбілей Карпенкі. Сёння яму было б 50. Усяго 50! Урачыстай часткі не было (сарвала адміністрацыя гатэля), таму ўсе гаварылі пры поўным застоллі. Мне давялося невялікім словам адкрыць. Прагучала трохі афіцыйна.

Пазнаёміўся з паслом Францыі і з паслом ЗША (нават трохі пагутарыў з апошнім). Пан Спекхард даў вельмі высокую ацэнку дзейнасці Карпенкі.