Выбрать главу

25-га лістапада. На пасяджэнні аргкамітэта канферэнцыі МАТК - на кватэры ў Карпенкаў. Якая малайчына Л. Ф.! Як яна змагаецца за годнае ўшанаванне памяці Г. Д., за яго жыццё пасля смерці!..

30-га лістапада. Выступление ў педкаледжы № 1, былым маім педвучылішчы. Слаўная, слаўная моладзь прыйдзе ў школу! Як радасна бачыць гэта! На кожнай сустрэчы пераконваюся: паэзію, кнігу рана здаваць у архіў.

7-га снежня. Глядзеў (нарэшце!) “На чорных лядах” Панамарова па апавяданні Быкава. Вельмі незвычайны фільм. Упершыню ў беларускім кіно - нацыянальная трагедыя Беларусі і беларусаў. Чуў да гэтага непахвальныя водгукі (ад Мат-га, напрыклад), і думаю - несправядлівыя. Трагедыя - відаць; паказана выпукла і ярка; трагедыя гістарычнай асуджанасці. Трагедыя - такая балючая, што як удумаешся - дык сэрца спыняецца ад болю.

9-га снежня. Сустрэча з бібліятэкарамі Мінска і Беларусі ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы (вул. Праўды). Найлепшая, наймілейшая мая публіка - настаўнікі і бібліятэкары. Слухаюць і ўспрымаюць паэзію так, як і 30 ці 40 гадоў назад. Толькі пытанні задаюць не такія “дзіцячыя”, як тады - больш праблемныя, больш сур’ёзныя, грамадска актуальныя. На сустрэчы выматаўся так, што ўжо на вечар Багдановіча ў ДЛ пайсці не змог.

14-га снежня. Канферэнцыя “Генадзь Карпенка: дарога ў будучыню”. Выступіў - па трэцяй тэме (сацыяльныя праблемы, здароўе, спорт, навука, культура) - са словам на 6-7 хвілін. У палітычным сэнсе - досыць стрымана, хоць і не зусім (пра задушэнне сумленнага слова і сумленных творцаў сказаў). На канферэнцыі быў і двойчы браў слова (у самым пачатку і ў самым канцы) пан Вік. Там я і пазнаёміўся з ім, абмяняўся трыма-чатырма фразамі. Быў і пасол ЗША Спекхард. Трохі пагутарылі. Падкрэсліў яму, наколькі сур’ёзна страшнае для нас тое, што робіць пан Начальнік (Саюз з Расіяй - адна дзяржава!).

17-га снежня. Сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі БУКа. Арганізаваў Ан.Ф.Майсеенка (якога, олухі, нядаўна “зарэзалі”, не прынялі ў СП - на Радзе, дакладней - на Камісіі, а ён - прафесійны літаратар: і паэт, і крытык). На сустрэчы была і рэктар Я. Д. Грыгаровіч. Нагадала мне, як я ёй на суразмоўі сказаў, даючы згоду на назначэнне рэктарам: “Толькі не звярніце з дарогі! Толькі вядзіце інстытут шляхам Адраджэння!” А што іншае мог я - і тады, і цяпер - сказаць?

22-га снежня. Вечар памяці паэта са Случчыны Міколы Жука ў МГБЛ. Вечар адбыўся ў асноўным клопатамі дачкі паэта Таццяны (былой маёй студэнткі Тані Жук). Цяпер яна - вядомы крытык Тац. Дасаева. Давялося выказаць свае даўнія думкі пра г. зв. правінцыйных паэтаў (як Жук, як у Лагойску Б. Сасноўскі). Былі і выступілі Ул. Паўлаў (складальнік зборніка М. Жука), А. Васілевіч і П.Місько (памагаў, будучы вучнем Жука, гадаваць, няньчыць Таню). Што за хэнць у празаікаў да вершаў? П. М. прачытаў такі рыфмаваны опус, што мне шкада яго было. Ды ты ж бы пра гэта (пра скрыню з кнігамі ў Жука) куды лепш расказаў прозай!

Вярнуўся ў настроі нялепшым.

23-га снежня. Апошняя сустрэча па абанементах “Зніча”. У Чырвоным касцёле. З навучэнцамі падрыхтоўчага аддзялення БДУ. Дай Бог ім стаць студэнтамі! Мяркуючы па пытаннях і рэагаванню на мае недыпламатычныя адказы - вельмі сур’ёзныя людзі! І здаецца - кожны другі піша.

З сустрэчы паехаў да сябра Я. С. - на крывянку. І каб перадаць яму сказ пра эпідэмію.

26-га снежня. Закончыў - у чарнавым варыянце - драматызаваную паэму “Паланез Агінскага”. Каля трох месяцаў “штурмаваў” амаль не адгінаючыся. Часам - цэлыя ночы напралёт. Адрываўся толькі дзеля сустрэч з чытачамі (4-5 разоў). А цяпер ахапіў страх - такі, што аж баюся перадрукоўваць. 1500 радкоў. Рыфмаваных. І трэба ж было замахнуцца! А задума старая, 1964 года. Але цяпер я саму канцэпцыю перакантаваў зусім па-новаму: вайна - і Беларусь, Беларусь і беларусы пад акупацыяй; трагедыя Беларусі.

Закончыў і артыкул пра Купалу - для “Кнігазбора”. Але ж вымучыў ён мяне! Але ж і выматаў! Праўда, Цвірка пазваніў і сказаў: “У захапленні! Выдатна, бліскуча, нешаблонна, нетрафарэтна” і г. д. Дзякуй, браток! Але пабачым, што скажа чытач.

31-га снежня. У апошні дзень года - сенсацыя нечуваная, небывалая: Ельцын пайшоў у адстаўку! Перадаў лейцы - да выбараў у канцы сакавіка - Пуціну. Выконваць абавязкі. Выступіў з развітальным - апошнім навагоднім і апошнім прэзідэнцкім - словам вельмі прачула. Некаторыя мне званілі: аж чуць не пла­кали Усе - у захапленні ад яго мужнага, высакароднага ўчынку. А ёсць і такая думка: ён не сам па сваёй волі зрабіў гэта - яго прымусілі. Мне здаецца, што сам. Пажывем - пабачым. Калі не сам - дык яно ўсплыве. З кім ні гаварыў - усе ў адзін голас: А хай бы і наш за ім следам! А падкажы яму, Божа!..”